Па матуліных слядах

Біяграфіі некаторых творцаў даводзяць сапраўдную сілу сямейных сувязей. Цудоўны прыклад пераемнасці пакаленняў дэманструюць пружанскія харэографы Валянціна Іскаліева і Аксана Ільюшонак. Маці і дачка стаяць на чале вядомых танцавальных калектываў-спадарожнікаў і шмат гадоў застаюцца адна для адной самымі надзейнымі дарадцамі і памочніцамі. 

УСЁ ПАЧАЛОСЯ З ДЗЯЦІНСТВА 

Народны ансамбль танца “Спадчына” быў створаны ў 1979 годзе на базе прафсаюзнага камітэта Пружанскага завода радыёдэталяў. Васіль Пілюцік, натхнёны і таленавіты харэограф, згуртаваў вакол сябе работнікаў прадпрыемства, улюбёных у сцэнічнае мастацтва. Яго справу працягнула Валянціна Іскаліева, якая ўжо 43 гады стаіць на чале калектыву. 

— Любоў да танцаў зарадзілася ўва мне яшчэ ў дзяцінстве. Я выступала на імправізаванай сцэне перад сваякамі падчас сямейных свят, — дзеліцца ўспамінамі Валянціна Іванаўна, — наведвала танцавальны гурток, дзе пазнаёмілася са станком ды класічным танцам, потым паступіла ў Мінскае харэаграфічнае вучылішча. 

Народны ансамбль танца “Спадчына”

Маючы добрую падрыхтоўку, Валянціна Іскаліева з упэўненасцю пераняла стырно ў заснавальніка ансамбля. Калектыў пад яе кіраўніцтвам актыўна ўдзельнічаў у канцэртах завода і гарадскіх святах. Паступова каманда ўдасканальвала майстэрства, пашырала рэпертуар. Неўзабаве пасыпаліся ўзнагароды, запрашэнні на рэспубліканскія і нават міжнародныя мерапрыемствы. 

— Першай буйной узнагародай стаў дыплом ІІ ступені на конкурсе самадзейнай творчасці Міністэрства радыёэлектроннай прамысловасці СССР у Маскве, — распавядае харэограф. — У 1991 годзе наш ансамбль атрымаў званне “народны”. А з 1996-га калектыў працуе на базе гарадскога Дома культуры. 

Сёння ў рэпертуары “Спадчыны” беларускія народныя танцы, харэаграфічныя замалёўкі, карагоды, танцы народаў свету і гумарыстычная нумары. Касцяк калектыву — старшакласнікі і навучэнцы мясцовага каледжа. Але і былыя ўдзельнікі не забываюцца пра ансамбль, заўсёды гатовыя падставіць плячо і выйсці на сцэну разам з родным гуртом. 

Народны ансамбль танца “Спадчына” падчас удзелу ў Рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня”

Народны ансамбль танца “Спадчына” падчас удзелу ў Рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня”

“Спадчына” не стаіць на месцы і дэманструе прафесіяналізм на розных конкурсных і канцэртных пляцоўках. Сёлета калектыў заваяваў дыплом І ступені на IX Міжнародным фестывалі-конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Запалі сваю зорку”, падрыхтаваў нумар для гала-канцэрта Брэсцкай вобласці ў рамках рэспубліканскага фестывалю “Беларусь — мая песня”, выступіў на спартыўна-культурным фестывалі “Вытокi” ў Пружанах. 

МАМІНА ШКОЛА 

Склад калектыву пастаянна абнаўляўся, таму ў 1984 годзе Валянціна Іскаліева вырашыла стварыць падрыхтоўчую групу, каб “вырошчваць” асноўны склад ансамбля. Першы набор стаў дзіцячым калектывам “Усмешка”. А адна з тых удзельніц, Аксана Ільюшонак у будучыні стала кіраўніцай гурта. 

— У мяне не было іншага шляху, як пайсці па слядах мамы. З малых гадоў я бавіла час побач са сцэнай, пакуль яна рыхтавала новыя праграмы і канцэрты для “Спадчыны”, а неўзабаве я і сама стала часткай творчай сям’і, — успамінае Аксана Васільеўна. — Ужо ў першым танцавальным нумары “Беларускія малюнкі” мяне паставілі салісткай. Нягледзячы на юны ўзрост (мне было пяць гадоў), я добра адчувала рытм і запамінала рухі. Мабыць, ужо тады было пасеяна зерне для таго, каб рана ці позна я стала кіраўніком гэтага калектыву. 

Узорны ансамбль танца “Круцёлачкі”

Узорны ансамбль танца “Круцёлачкі”

Шчыраваць з двума вялікімі калектывамі Валянціне Іскаліевай было складана, і ў 1990 годзе на дапамогу прыйшла яе вучаніца Вольга Серада. Адбыліся вялікія змены: былі створаны ўзроставыя групы, рэпертуар узбагаціўся беларускімі народнымі танцамі… Але галоўным дасягненнем стала атрыманне звання “ўзорны”. І з 2006-га калектыў пачаў жыць пад новай назвай — узорны ансамбль народнага танца “Круцёлачкі”. 

— Увесь гэты перыяд я кіравала танцавальным калектывам мясцовага тэхнікума і паралельна выступала разам са “Спадчынай”. Калі ў 2012 годзе Вольга Аляксандраўна прапанавала стаць на чале “Круцёлачак”, я адчувала вялікую адказнасць, была ўсцешаная такім даверам. Дзіцячыя жаданні і мары, аказваецца, спраўджваюцца! — прызнаецца Аксана Ільюшонак. 

З 2022 года ў “Круцелачак” новы віток творчага развіцця. Ансамбль годна прадставіў сябе на Міжнародным фестывалі-конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Запалі сваю зорку” ў Паўладары, з’ездзіў на гастролі ў Пензу і атрымаў запрашэнне на выступленне ў Казані. 

РАЗАМ — ДА НОВЫХ ВЯРШЫНЬ 

Цяпер маці і дачка плённа працуюць у тандэме: раяцца адна з адной, дзеляцца меркаваннем і ставяць сумесныя вялікія пастаноўкі. 

— Мы выхавалі ўжо некалькі пакаленняў танцораў! — падкрэслівае Валянціна Іскаліева. — Радасна назіраць, як, прыйшоўшы яшчэ дзіцем у “Круцёлачкі”, многія працягваюць свой танцавальны шлях у “Спадчыне”. Некаторыя пасля атрымліваюць профільную адукацыю і становяцца прафесійнымі танцорамі і харэографамі-пастаноўшчыкамі. 

— Важна, каб нават у пачатку свайго шляху дзеці маглі адчуваць гледача, — дапаўняе Аксана Васільеўна. — Сыходзячы за кулісы, юныя артысты разумеюць, годна выступілі ці ім варта недзе дапрацаваць. Ансамблі становяцца важнай часткай жыцця хлопчыкаў і дзяўчынак: тут яны знаходзяць сяброў, вучацца ўзаемадапамозе і падтрымцы, сустракаюць каханне, а некаторыя нават потым бяруцца шлюбам. 

Па танцавальным шляху пайшлі і дзеці Аксаны Ільюшонак: старэйшы сын атрымаў адукацыю харэографа ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, сярэдні займаецца ў “Круцёлачках”, а дачушка марыць пераняць маміну прафесію. 

Тры пакаленні танцавальнай сям'і

Сёлета народны ансамбль танца “Спадчына” і ўзорны ансамбль танца “Круцёлачкі” адзначаюць круглыя даты: 45 і 40 гадоў з дня заснавання. Кіраўніцы ўпэўненыя, што ў калектываў яшчэ ўсё наперадзе. Тым больш яны стаяць на тым, што эстрада — гэта даніна модзе, а вось тое, што выйшла з народа, — гэта назаўжды! 

Ульяна КАСЦЮНІНА 

Фота з архіваў гераінь