“Жаніцьба”: шлюб ад д’ябла?

Апублiкавана: 04 верасня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Гогалеўская “Жаніцьба”— п’еса запатрабаваная. Да спектакляў у Купалаўскім тэатры, у Брэсце, а таксама ў Магілёве (тамтэйшая версія перамагла на ХVII Міжнародным форуме М.@rt.кантакт) далучылася прэм’ера ў ТЮГу — у прачытанні маладога расійскага рэжысёра, уладальніка прэміі“Залатая маска”Цімура Кулава.

На адным з фестываляў у Санкт-Пецярбургу Цімур Кулаў быў у складзе журы разам з дырэктарам нашага ТЮГа, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Верай Паляковай-Макей. Так узнікла канчатковая дамоўленасць пра пастаноўку, бо шляхі калектыву і рэжысёра перасякаліся на гастролях-фестывалях і раней. 

Чым цікавая прэм’ера? Найперш пашырэннем ролі персанажаў друго- га плана, на што звярталася асаблівая ўвага ў шматлікіх анонсах. Сапраўды, служкі цэнтральных герояў — Сцяпан з беларускім маўленнем (Дзмітрый Козел) і Дуняша (Маргарыта Кісялітэ) — атрымліваюць самастойную любоўную лінію. У п’есе яны ніяк не перасякаліся, а тут іх пачуцці развіваюцца на нашых вачах, складаючы альтэрнатыву няўдалым стасункам іх гаспадароў. Такі прыём супрацьстаўлення розных пар, уласцівы камедыям ХVIII стагоддзя, стаў неад’емнай рысай нававенскай аперэты, забяспечыўшы жанру наяўнасць адпаведных лірыка-драматычных і характарна-камічных сцэн. Дастаткова згадаць, як па-рознаму перажываюць каханне Эдвін і Сільва — Боні і Стася ў “Сільве” Кальмана. Такая завуаляваная спасылка на аперэтачныя амплуа ўносіць у спектакль дадатковую гуллівую нотку. А яшчэ пераконвае, што ў галоўных герояў таксама ўсё магло быць іначай, куды больш шчасліва. 

Цэнтрам прыцягнення стала адметная сцэнаграфія Дар’і Волкавай. Амаль усю сцэну займае вялізная канструкцыя з безліччу асацыяцый, наўпрост звязаных з п’есай. Гэта і канапа, на якой праходзіць усё жыццё герояў і ад якой яны так баяцца адарвацца. І нейкі дзіўны карабель без штурвала, а значыць, плыве па цячэнні. Задняя сценка канструкцыі становіцца бар’ерам-перашкодай, і персанажы раз-пораз пералазяць-пераадольваюць яго, каб апынуцца “за сцяной”, ва ўлонні хатняга спакою і ўтульнасці. А вакол — бы чорная касмічная дзірка, дзе таксама ёсць жыццё. Ды не проста ёсць, яно там віруе: невыпадкова ж вакол гэтай канапыкарабля артысты літаральна лётаюць, максімальна развіваючы хуткасць бегу. 

У спектаклі шмат цікавых прыдумак. Свацця Фёкла Іванаўна (Кацярына Крылова), прайшоўшы па дажджы, вылівае ваду з гумавых ботаў. Каб прадэманстраваць пасаг нявесты, паказвае графічныя малюнкі на карычневай паперы — у чамадане на колцах, што раскрываецца, бы кніжка. Дае Сцяпану грошы: “Працуй!” — і той пачынае заўзята нахвальваць нявесту. Дарэчы, гэта не адзіная фраза на манер постмадэрну, дададзеная ў мінімальна скарочаны арыгінальны тэкст. Доказам умення гаварыць па-французску гучыць: my name is, хэндэ хох. Дуняша, бы запраўскі каўбой, кідае ласо, каб выцягнуць жаніхоў. Тыя, бы ў савецкіх кінастужках, спраўна разліваюць на траіх. Сцяпан таксама закідвае вяроўку, бы свой невад у мора. Але ў адрозненне ад пушкінскага старога, вылоўлівае не залатую рыбку, а Качкарова з Падкалёсіным: тыя выходзяць, трымаючыся за вяровачку, як гэта калісьці практыкавалася ў дзіцячых садах, каб не згубіць дзіця ў час прагулкі. 

Нельга не вылучыць акцёрскія работы: у кожным з герояў добра адчуваецца яго характар, выяўлены не толькі праз учынкі, укладзеныя ў п’есу, але і праз асаблівасці пластыкі, маўлення. Скарыстаныя ў спектаклі падвесныя мікрафоны цудоўна перадаюць усе інтанацыі, не вымушаючы артыстаў фарсіраваць гук. 

Качкароў (Андрэй Асімовіч) паўстае д’яблам-супермэнам. З’яўляецца ў атачэнні грому з маланкай, у містычным святле, з моднай прычоскай, у абрысах якой угадваюцца рожкі. Пра тое сведчаць і чырвоныя шкарпэткі, такая ж камізэлька. Гэта далёка не першае прачытанне гогалеўскага героя як чорта: ён сее містыку і ў цяперашнім магілёўскім спектаклі Сяргея Фядотава. Ды і ў колішняй пастаноўцы Саўлюса Варнаса ў тым жа тэатры Качкароў выступаў своеасаблівым Мефістофелем, спакушаючы Падкалёсіна на шлюб. 

Агаф’я Ціханаўна (Вера Палякова-Макей) намаляваная спачатку пужлівай, а потым даволі рамантычнай асобай. Невыпадкова ў другой дзеі яна ў ружовай сукенцы з ружовай ружай у валасах. Але знакаміты маналог пра выбар вымаўляе з набітым ротам, звесіўшы ногі ў тоўстых ваўняных шкарпэтках. Згадваючы вусны, нос жаніхоў, раскладвае дыванкі-падушкі і падае на іх. Адмаўляючы ж прэтэндэнтам на руку і сэрца, спачатку амаль нячутна шэпча: “Пашлі прэч, дурні”, — а потым тыя ж словы крычыць з усёй сілай. А ў фінале ўвесь свой боль і роспач укладае ў мухабойку, прыпадабняючыся сваёй Цётухне (Раіса Астрадзінава ці Ларыса Горцава). І тыя мерныя ўдары асацыююцца з пахаваннем, адначасова перагукаючыся з ціканнем гадзінніка ў пачатку спектакля, што нагадвала пра няўмольнасць часу. 

Падкалёсін (Уладзіслаў Вінаградаў ці ў іншым складзе Дзмітрый Клімовіч) — такі ж няўпэўнены, а потым агрэсіўны. Добра перададзены характары і намеры жаніхоў, у тым ліку праз музыку. У іх постацях ёсць не толькі камічныя, але і трагічныя рысы. Той жа Анучкін (Андрэй Каламіец ці Андрэй Каленікаў) смешна картавіць, гаворыць з акцэнтам. А праз усё гэта прабіваецца невыносная адзінота. Маналог Жавакіна (Іван Шрубейка) пра сямнаццатую нявесту кранае настолькі, што зала выбухае апладысментамі. 

Тэма адзіноты ў “Жаніцьбе” таксама не новая. Па-беларуску ахінутая атмасфернай туманнасцю, яна цудоўна выяўлена ў спектаклі Данііла Філіповіча ў Купалаўскім. У пастаноўцы ж ТЮГа прынцыпова новае — агрэсія. Яе многа, ёй прасякнуты розныя сцэны. 

Качкароў ужо пры першым з’яўленні душыць Фёклу, як у бандыцкіх серыялах. Бліжэй да фіналу б’е Падкалёсіна галавой аб сценку. Можа, справа ў д’ябальскай трактоўцы ролі? Але і іншыя героі небяззбройныя. Фёкла, бы дваровая гапата, уторквае кінжал у нагу Яічніцы (Леанід Улашчанка ці Іван Ушакевіч). Падкалёсін спачатку душыць Качкарова, мардуе яго. А ў фінале наўпрост застрэльвае з пісталета. 

Фінал трэба бачыць на ўласныя вочы, бо ў кожнага можа быць свая трактоўка. Замест знакамітага акенца жаніх скочыць у люк пасярод “канапы”. Трапляе ў пекла? Але з таго люка з’яўляліся і іншыя, зусім не д’ябальскія персанажы. Да таго ж адтуль ідзе святло. І без аніякіх чырвоных водбліскаў. Дык Падкалёсін застрэліў д’ябла, які схіляў яго да шлюбу, і рушыць насустрач светламу шчасцю? Глядач можа дадумаць любы варыянт. А вось для нявесты такі фінал — бы сканчэнне жыцця, бясспрэчна. Мужчынскі погляд на жаніцьбу? Безумоўна. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА