Крыніца патрыятызму

Апублiкавана: 03 верасня 2024 Стужка Музеі Гомель і вобласць

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Гомельскі абласны музей ваеннай славы малады. Ён пачаў працаваць усяго 20 гадоў таму. Скарбніцу стваралі неабыякавыя людзі, чыя ініцыятыва знайшла падтрымку ў мясцовых улад і Прэзідэнта Беларусі. З тых часоў калектыў не стамляецца апраўдваць аказаны давер. За высокія дасягненні па выніках 2023 года ўстанова была занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару.

За доўгую і няпростую гісторыю жыхары Гомельшчыны не аднойчы мужна абаранялі свой край ад ворагаў. У 1941—1944 гадах на гэтай зямлі адбыліся дзве ключавыя бітвы, якія значна паўплывалі на зыход Другой сусветнай вайны. Менавіта тут нацысцкая армія пацярпела першае сур’ёзнае паражэнне на сушы. Воіны 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала Леаніда Пятроўскага 3 ліпеня 1941 года нечакана фарсіравалі Дняпро, нанеслі магутны контрудар і адкінулі гітлераўцаў на захад больш чым на 30 кіламетраў. У выніку наступ вермахта на гомельскім кірунку быў спынены амаль на паўтара месяца.

Мемарыяльны ваенна-гістарычны комплекс "Партызанская крынічка"

Яшчэ адна слаўная старонка мінуўшчыны — бітва за Дняпро. За фарсіраванне ракі звыш 500 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. У гэтых і многіх іншых бітвах актыўна ўдзельнічалі жыхары Гомельскай вобласці. Музей стаў свое- асаблівай данінай павагі іх мужнасці і падарункам гораду да 60-годдзяПерамогі. 

ЖАНОЧАЕ АБЛІЧЧА ВАЙНЫ 

У памяці наведвальнікаў установы асаблівае месца зоймуць жаночыя імёны. Галіна Дакутовіч — штурман 46-га гвардзейскага Таманскага палка лёгкіх начных бамбардзіроўшчыкаў. Да вайны яна была адной з найлепшых беларускіх гімнастак, пісала вершы, марыла стаць лётчыцай і паступіць у акадэмію Жукоўскага. Дзяўчат туды не прымалі, і Галіна трапіла ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. 

Аднойчы пасля палёту яна адпачывала на тэрыторыі аэрадрома. З-за высокай травы Галіну, якая ляжала на зямлі, не заўважыў кіроўца машыны- запраўшчыка і... пераехаў дзяўчыну. Тры месяцы яна прабавіла ў шпіталі, а затым, нягледзячы на невылечную траўму пазваночніка і моцныя болі, працягнула баявыя палёты.

Дзве ўраджэнкі Гомельшчыны былі ўдастоены высокай узнагароды Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Ваенфельчары Марыя Дарачук і Соф’я Гарохава — уладальніцы медаля імя Флорэнс Найтынгейл. Гэты рэдкі прадмет таксама прадстаўлены ў музеі. 

АДМЕТНЫЯ АРТЭФАКТЫ 

Хоць большая частка экспанатаў адлюстроўвае ваенную гісторыю мінулага веку, у скарбніцы можна ўбачыць і сапраўдны штурмавы салдацкі шлем XVI стагоддзя, і меч японскай імператарскай гвардыі XIX стагоддзя. Акрамя таго, Гомельскі абласны музей ваеннай славы мае вялікую калекцыю найвышэйшых дзяржаўных узнагарод: медалі Героя Беларусі і “За адвагу”, ордэны Айчыны, Пашаны, Дружбы народаў, Воінскай Славы, “За службу Радзіме”, “За асабістую мужнасць”. Некаторыя артэфакты ўнікальныя. Напрыклад, факсіміле Акта аб безумоўнай капітуляцыі фашысцкай Германіі і багата ўпрыгожаная пляшка з дароўным надпісам, здабытая гамяльчанінам Маньковым у бункеры Гітлера. 

Ля музея, пад адкрытым небам, дэманструецца адна з самых вялікіх у Беларусі калекцый ваеннай тэхнікі. Акрамя іншага, збор уключае паравоз 1934 года з санітарным вагонам, зенітнай устаноўкай і “цяплушкай”. Таксама на пляцоўцы выстаўлены самалёты: знішчальнікбамбардзіроўшчык Су-7б і штурмавік Су-25, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане. Вядома, тут ёсць і легендарная палутарка, танкі, гарматы. 

У АДНОЙ ЗВЯЗЦЫ 

Установа мае два філіялы. Першы — Музей крыміналістыкі, дзе захоўваецца больш за 700 экспанатаў. Гэтыя прадметы распавядаюць пра барацьбу са злачыннасцю. Тут можна ўбачыць зброю, міліцэйскую амуніцыю і рыштунак, фрагменты кабінетаў эксперта-крыміналіста і следчага канца ХХ стагоддзя, службовы матацыкл “Урал”, абсталяваны адмысловымі сігнальнымі і гукавымі прыладамі, а таксама канфіскаваныя фальшывыя дакументы і грошы, набор адмычак. 

Другі філіял — мемарыяльны ваенна-гістарычны комплекс “Партызанская крынічка”. Ён знаходзіцца недалёка ад Гомеля — там, дзе першапачаткова базіраваўся партызанскі атрад “Бальшавік”. У гэтай мясціне рэканструявалі лагер народных мсціўцаў. Працягваецца закладзеная ў пасляваенны час традыцыя: у мемарыяльным комплексе праходзяць сустрэчы пакаленняў, на якіх моладзь знаёміцца з гераічным мінулым нашага народа. 

СВЯТЫ АБАВЯЗАК 

Калектыў Гомельскага абласнога музея ваеннай славы невялікі — усяго 35 супрацоўнікаў. Па словах дырэктара ўстановы Артура Карчэўскага, асноўнай задачай адмыслоўцы лічаць ваенна-патрыятычнае і грамадзянска-маральнае выхаванне моладзі. 

— Наш святы абавязак — захоўваць гістарычную памяць, — распавядае Артур Алегавіч. — Не дазваляць скажаць праўду пра гераічнае мінулае беларускага народа. Мы павінны займацца моладдзю, расціць патрыётаў. 

З пачатку года музей прыняў каля 150 тысяч наведвальнікаў. План рэгулярна перавыконваецца. Установа актыўна развіваецца. У снежні 2023-га супрацоўнікі падрыхтавалі абноўленую экспазіцыю ў мемарыяльным комплексе на месцы Азарыцкага лагера смерці, а ў чэрвені гэтага года музеефікавалі мемарыял “Ала”. Цяпер сумесна з Беларускім саюзам мастакоў рыхтуюць музейную экспазіцыю ў Красным Беразе. Яна будзе, напэўна, адзінай у СНД, што цалкам прысвечана дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва ўстановы