Жывапісец Вінцэнт Дмахоўскі лічыцца заснавальнікам айчыннага архітэктурнага пейзажа. Часам аўтара ўвогуле называюць першым беларускім пейзажыстам. Нягледзячы на значнасць гэтага творцы ў нашай гісторыі мастацтва, біяграфія Дмахоўскага ўсё яшчэ маладаследаваная. Мы паставілі задачу ўзнавіць яго жыццяпіс, далучыўшы як мага больш новых архіўных звестак.
Руіны велікакняжацкага замка ў Навагрудку. Вінцэнт Дмахоўскі, 1856
Можна падумаць, што Вінцэнт Дмахоўскі (1807—1862) заслужыў стос манаграфій, альбомаў з рэпрадукцыямі, што ў нашых музеях даступныя карціны гэтага жывапісца. Расчаруем. Яго палотнаў у Беларусі, напэўна, не засталося зусім. Што да публікацый, то першы айчынны нарыс пабачыў свет у 1971-м у кнізе Леаніда Дробава “Беларускія мастакі ХІХ стагоддзя”. Да асобы Дмахоўскага таксама звярталіся мастацтвазнаўцы Барыс Крэпак, Леніна Міронава, лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш і некаторыя іншыя.
Слынны паэт і краязнавец Чэслаў Янкоўскі ў чатырохтомнай працы “Павет Ашмянскі” выклаў важныя звесткі пра гэтую фамілію. Дадаўшы інфармацыю з “Гербоўніка беларускай шляхты” і тое-сёе з архіўных знаходак, прапануем такую даведку.
Вінцэнт Дмахоўскі. Казімір Бахматовіч, ХІХ ст.
Дмухоўскія (Дмахоўскія) ужо з XVI стагоддзя згадваюцца на Ашмяншчыне, а з наступнага — на суседняй Навагрудчыне. Не надта заможныя, прадстаўнікі гэтага роду з цягам часу выйшлі на іншы ўзровень. Дзед Вінцэнта, Алойзы, спярша быў камісарам правіянтавым, а пазней земскім суддзёй браслаўскім, валодаў Лебедзевам у Браслаўскім павеце. Што да бацькі мастака, Ігната, то ў дакументах ён упамінаецца адразу як ротмістр аршанскі, а пазней — ашмянскі. Лёс адмераў мужчыну не так шмат. У 1824 годзе Ігнат заўчасна развітаўся з гэтым светам, пакінуўшы жонку і малых дзяцей.
Згадаем яшчэ аднаго з Дмахоўскіх, Аўрэліяна, што служыў сакратаром судовым знакамітай Адукацыйнай камісіі (фактычна першага ў Еўропе міністэрства адукацыі). Ён быў касірам таварыства, што дапамагала бедным студэнтам Віленскага ўніверсітэта. Не адзін з філаматаў-філарэтаў выкарыстаў плён дабрадзейства Аўрэліяна.
І апошняе — пра варыянты прозвішча. Хоць мы і пішам Дмахоўскі, гэта не першасны варыянт. Бацька мастака ў дакументах фігуруе як Дмухоўскі (Dmuchowski, Dmóchowskі). У метрыках таксама. Сам Вінцэнт пазней падаваў сваё прозвішча як Dmochowski (падпісваў так карціны). Да таго ж сябры майстра нешта ды ведалі. Антон Эдвард Адынец ва ўспамінах згадваў сям’ю Дмухоўскіх. Уладзіслаў Сыракомля быў аўтарам першай біяграфіі-некралога творцы, складзенай адразу пасля яго смерці, і ў гэтым тэксце пануе форма Дмухоўскі. Вось і думай.
Не так шмат знойдзецца беларускіх шляхецкіх фамілій, якія ўпершыню згадваюцца ў пачатку XV стагоддзя. Зяновічы ўпамінаюцца ўжо ў 1401-м. Яны паходзілі з Полацкага ваяводства. Прыдомак “Дэспат”, як лічыцца, род прысвоіў у XVII стагоддзі, спрабуючы злучыць сябе кроўнымі сувязямі з сербскімі дэспатамі (прадстаўнікамі Сербскай дзяржавы, што канчаткова знікла ў 1540-м).
Метрыка хросту Вінцэнта Дмахоўскага
Дзед Вінцэнта па маці Антон Дэспат-Зяновіч (каля 1736 — 1795) валодаў дваром Замошша ў Докшыцкім павеце. Бабуля Элеанора-Магдалена Скарбэк-Важынская (каля 1743 — 1802) належала да шляхты з Ашмянскага павета. Бацька бабулі Марцін, падкаморы ашмянскі, дэпутат Галоўнага Трыбунала ВКЛ, меў фальварак Ашмянка.
Брат Элеаноры Міхал-Іасафат-Плацыд-Рынгавард-Адам (1767— 1841) быў больш заўважнай асобай, да таго ж адыграў сваю ролю ў жыцці Вінцэнта Дмахоўскага. Пачаўшы шлях у 1787 годзе ў якасці пасла ад Полацкага ваяводства да караля Станіслава Панятоўскага, Міхал прайшоў шмат службовых прыступак і завяршыў кар’еру мінскім губернскім маршалкам (1814—1823). У 1816-м разам з жонкай адкрыў для сялян лякарню ў маёнтку Янушава Барысаўскага павета. Адзін з сыноў дзяржаўнага дзеяча, Ігнат, вядомы як аўтар паэтычнага твора Imiennik, а другі, Антон, падчас вучобы ў Віленскім універсітэце быў сябрам знакамітага Таварыства філарэтаў.
У сціплай гістарыяграфіі Дмахоўскага ў якасці месца нараджэння называюцца або Самішчы, што каля Трабаў, або Нагародавічы блізу Дзятлава. Першы варыянт пазначыў у некралогу творцы Уладзіслаў Сыракомля. Другі — у “Польскім слоўніку біяграфічным” Ядвіга Пуцята-Паўлоўская. У трохтомнай працы “Універсітэт Віленскі” гісторык Юзаф Бялінскі прывёў кароткія біяграмы двух мастакоў Вінцэнтаў Дмахоўскіх — выразна праглядаецца падзелены жыццяпіс адной і той жа асобы. Паводле Бялінскага, Вінцэнт нарадзіўся ў маёнтку Гаўя Ашмянскага павета.
Згодна з метрыкай, знойдзенай мной у кнігах іўеўскага касцёла, Вінцэнт-Зянон-Напалеон з’явіўся на свет у фальварку Гаўя 14 ліпеня (2 ліпеня па старым стылі) 1807 года. Хрост сына шляхетных Ігната і Марыяны Дмахоўскіх адбыўся праз тыдзень. Цікава, што імя Вінцэнта дапісалі пазней — на гэта ў 1888-м звярнуў увагу нейкі чыноўнік, зрабіўшы на палях пазнаку. 25 чэрвеня (па старым стылі) 1808 года нарадзіўся другі сын Дмахоўскіх Зянон- Караль-Антон, і неўзабаве сям’я перабралася ў Дзятлава. Але яшчэ не ў Нагародавічы.
Фальварак Гаўя, што некалі стаяў на беразе аднайменнай звілістай рачулкі, не захаваўся. Сёння на яго месцы пустыя пяскі, на якіх новыя людзі будуюць катэджы. Раней праз фальварак праходзіў тракт Іўе — Ліда. На выспе, аточанай ракой, была ўніяцкая царква або капліца. Сёння тракт замяніла траса М6. Храма ж таго — і следу няма.
На берагах Гаўі некалі быў фальварак Дмахоўскіх
Дарэчы, падчас вандроўкі ў Іўе давялося выявіць важнае сведчанне даўняй сувязі Дмахоўскіх з гэтым мястэчкам. У касцёле Святых Пятра і Паўла, парафіянамі якога некаторы час былі бацькі ды іншыя сваякі Вінцэнта, збераглася мармуровая памятная дошка 1851 года. Яна прысвечана сыну Аўрэліяна Раману, брату Казіміру, бацькам Сымону і Антанэлі, дзеду і бабулі Раману і Людвіцы. Усе гэтыя асобы пахаваны пры касцёле. Дошка аздоблена гербом “Побуг”. Вырабіў яе вядомы віленскі мастак Юзаф Казлоўскі (гл. “К”, № 34, 2022).
Ці з’яўляюцца такія звесткі падставай для ўшанавання памяці жывапісца Дмахоўскага ў родных мясцінах?
Працяг будзе.
Газета "Культура" №32 ад 9 жніўня
Зміцер ЮРКЕВІЧ