Пры паездцы ў Маладзечна закладвайце на наведванне Мінскага абласнога краязнаўчага музея паболей часу: тут ёсць на што паглядзець. Асноўны фонд налічвае звыш 50 тысяч адзінак захоўвання. Дарэчы, прадметы з запаснікаў на паліцах не застойваюцца. Іх перыядычна ўключаюць у часовыя экспазіцыі, у тым ліку перасоўныя, якія знаёмяць з каштоўнымі макулінкамі гісторыі і наведвальнікаў музея, і ўдзельнікаў мерапрыемстваў па-за сценамі ўстановы.
Штогод музей праводзіць звыш 300 экскурсій. Толькі ў мінулым паўгоддзі яго наведалі больш за 30 тысяч чалавек. Прыязджаюць школьнікі і студэнты, сем’і з дзецьмі, пенсіянеры і вучоныя, педагогі і ваеннаслужачыя. Прыцягваюць не толькі традыцыйныя экспазіцыі, але і новаўвядзенні. З апошніх — квэст-экскурсіі і даведнікі для самастойнага вывучэння гісторыі роднага краю.
Паўстагоддзя служыць музею старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйнавыставачнай работы Наталля Палтавец. Прайшла шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да намесніка дырэктара па навуковай рабоце. Яна аўтар навуковай канцэпцыі пастаяннай экспазіцыі, габелена “Найстарэйшыя гарады Мінскай вобласці”, шматлікіх выставачных праектаў. Яе праца адзначана Ганаровымі граматамі Адміністрацыі Прэзідэнта і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Наталля Іванаўна ўдастоена нагруднага знака Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
— Прыйшла я сюды 17-гадовай дзяўчынкай, — успамінае суразмоўца. — У той час музей туліўся ў маленькім драўляным будынку з пячным ацяпленнем. У адзіным кабінеце маглі адначасова знаходзіцца і працаваць плячом да пляча пяць супрацоўнікаў.
Першае пакаленне музейшчыкаў — людзі, безумоўна, апантаныя. Спасцігалі асновы музейнай справы на ўласным вопыце, бо адпаведнай адукацыі не было. Дыпламаваныя гісторыкі з’явіліся ва ўстанове толькі ў 1964 годзе. Асаблівыя словы падзякі — Генадзю Каханоўскаму: яго намаганнямі фонды папоўніліся вялікай колькасцю каштоўных прадметаў.
Таісія Лянкевіч
— Мы часта выязджалі ў комплексныя экспедыцыі ва ўсе раёны Міншчыны, — працягвае Наталля Палтавец. — У нас была машына ГАЗ-53, усярэдзіне якой знаходзіліся скрыні з вечкамі. Кіроўца абабіў іх паралонам і абрэзкамі дывановых дарожак. Так яны сталі спальнымі месцамі для дзяўчат на выпадак, калі не было дзе застацца пераначаваць. А хлопцы разбівалі каля машыны палатку. Асабліва актыўна ішло папаўненне этнаграфічных калекцый. Прыязджаем неяк улетку ў вёску і адпраўляемся да бабулі, у якой, па словах мясцовых, шмат саматканых ручнікоў, посцілак, лапцей і іншых прадметаў побыту. Пакуль яна паказвае нам сваё дабро, у хаце збіраюцца суседкі. Прапануем бабусі прадаць нам нешта з таго, што спадабалася. І тут суседак нібы ветрам здзімае: пабеглі па хатах “засекі” трэсці. Так мы вярталіся з цэлай машынай рарытэтаў.
Таісія Лянкевіч працуе ў музеі з 1981 года, з 2003-га па 2017-ы ўзначальвала ўстанову. Пад яе кіраўніцтвам скарбніца набыла сучасны будынак і першую чаргу экспазіцыі. Былі ўкаранёныя перспектыўныя напрамкі работы. Таісіі Леанідаўне прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яе ўклад у развіццё культуры Беларусі таксама адзначаны нагрудным знакам Міністэрства культуры. Сёння Таісія Лянкевіч — старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-метадычнай работы, дзеліцца вопытам з калегамі і дырэктарамі музеяў вобласці.
Сэрца музея — пастаянная экспазіцыя “Гісторыя Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку XX стагоддзя”. Затаіўшы дыханне, іду за Таісіяй Леанідаўнай. Вось зала археалогіі з косткамі сапраўднага маманта. Тут — прадмет, які захоўвала барысаўская зямля з XII стагоддзя, — скроневае кольца дрыгавічоў. За шклом — Прысяжная грамата князя Дзмітрыя Альгердавіча вялікаму літоўскаму князю Ягайлу ад 16 снежня 1388 года. Дзякуючы дакументу ўдалося ўстанавіць пункт адліку ў летапісе горада. Увагу прыцягвае фрагмент кафлі XVI— XVII стагоддзяў з вобразам багатага мужчыны, выраблены майстрамі з італьянскага Фаэнца. Артэфакт знайшлі на месцы, дзе некалі стаяў маладзечанскі замак.
Культура мінскага краю ў часы Рэчы Паспалітай — у старадрукаваных кнігах. І, вядома ж, у залататканых кунтушовых паясах Слуцкай мануфактуры. У музеі такіх два. Для агляду выстаўляецца адзін з іх, а другі тым часам “адпачывае” — ёсць такі тэрмін у музейшчыкаў. Для каштоўнага экспаната ствараюцца асаблівыя ўмовы захоўвання. Што нi куток — усё рай для аматараў гісторыі!
У гэтай зале няма цёплага святла, яркіх карцін ці прадметаў, якія выклікаюць захапленне. Але не прайдзіце міма. Гэта важна. Бо ў ёй — памяць і боль мiнскай зямлі. Экспазіцыя створана ў 2022 годзе і прысвечана генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Грабеньчык. Магчыма, некалі дзяўчына-прыгажуня расчэсвала ім касу, рыхтуючыся да сустрэчы з каханым. Акуляры. Мусіць, бабуліны. Яна папраўляла іх пальцам на носе, цыруючы шкарпэткі ўнука. А гэта гузікі. Маленькія, просценькія. З дзіцячага адзення. Усе прадметы знайшлі байцы 52-га асобнага спецыяльнага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусі падчас раскопак у месцах масавага знішчэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі мірнага насельніцтва. Няма даўно ні дзяўчыны, ні бабулі, ні малюткі. Засталіся толькі грабеньчык, акуляры, гузікі...
— Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне заклікае нас да адказнасці за мір, — упэўнены супрацоўнікі музея.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота аўтара