Дакрануцца да каранёў

Працавітасці беларускіх жанчын здаўна складалі вершы і песні, апяваючы талент і здольнасць да ткацтва і рукадзелля, як асноўнага жаночага занятку. У гумарыстычнай песні “Сягодня ў нас пасядзелачкі” ёсць такія словы, дзе руплівая гаспадыня з дакорам выгаворвае сваёй суседцы пра ляноту і нядбайнасць:

Як я прала – ты тады спала, 

Як я ткала – ты гуляла,

Як я бяліла – ты ногі мыла,

Як я пашыла – ты папрасіла.

Для апантаных жанчын, якія адраджаюць традыцыйнае ткацтва, напрыканцы жніўня прайшла школа (летнік) ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Галоўнай мэтай сустрэчы майстроў па ткацтве з’явіўся абмен вопытам, навучанне адной з традыцыйных тэхнік, характэрнай для Панямоння, пашырэнне кругагляду ў галіне стварэння народнага касцюма і яго элементаў. 

Супрацоўнік установы – народны майстар Рэспублікі Беларусь – Валянціна Сільвановіч, кіравала навучальным працэсам. Падтрымлівала Валянціну яе вучаніца і пераемніца – Марыя Шылкоўская.

Радуе, што ёсць людзі, якія захоплены такой складанай справай, як стварэнне палатна ручным спосабам, а дакладней, аўтэнтычна, як гэта рабілі нашы прабабулі. Дарэчы, узрост жанчын ад 20 да 50 год. Усе справіліся з заданнем: прачытаць схемы і на практыцы перавесці іх на палатно. – распавядала Валянціна, – Значыць, будзе назапашаны багаты вопыт для пераемнасці наступным пакаленням нашай агульнай спадчыны. Натканае палатно яны павязуць з сабою, як напамін аб сустрэчы.

 Валянціна падрыхтавала варыянты схем рэгіянальнага белаўзорыстага ткацтва, якія адпавядалі ўзорам этнаграфічных ручнікоў вёсак Лідскага раёна. Працуючы над праектам “Збляны – калыска традыцыйнай культуры Лідчыны” падчас палявых даследванняў, былі зафіксаваны белыя з дробнай фактурай ручнікі і абрусы. Пазней выявіўся той факт, што ідэнтычныя вырабы сустракаліся амаль у кожнай вясковай хаце Лідскага раёна. Падобная тэхніка ткацтва з выкарыстаннем адной ці дзвюх дошак для фіксавання ўзорнага зева былі яшчэ адзначаны ў шматлікіх вёсках Воранаўскага, Шчучынскага і Гродзенскага раёнаў. Увогуле, акрамя аднаўточнага, існавалі і больш складаныя прыёмы ў ткацтве. Мода на такі хатні тэкстыль на тэрыторыі Панямоння выпала на канец ХІХ – пачатак ХХ ст.. Дзякуючы майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры адроджанаму элементу традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва Панямоння ў 2018 г. Міністэрствам Культуры быў нададзены статус нематэрыяльнй культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 

“Праграма школы дазволіла не толькі замацаваць свае веды, але разнастайна правесці час: мы наведалі Лідскі гісторыка-мастацкі музей і замак, пазнаёміліся з рознымі накірункамі дзейнасці вашай установы. Вельмі спадабаўся спектакль народнага лялечнага тэатра “Батлейка”, смяяліся ад душы” – падзялілася ўраджанннямі адна з удзельнікаў, Наталля Ярмалінская.

Таццяна Скорабагатава адзначыла, што атрымалася ўнікальная магчымасць зазірнуць у этнаграфічныя фонды і зрабіць фота рэдкіх экспанатаў народнага адзення, атрымаць парады па пашыве рэгіянальнага касцюма  Панямоння. “Мы натхніліся да творчасці. Ёсць над чым працаваць!” – падвяла вынік Таццяна.

На развітанне удзельнікі школы пажадалі сустрэцца яшчэ і заправіць ніткі ў станок для белаўзорыстага ткацтва, каб дасканала вывучыць тэхнічныя прыёмы і сам працэс ад самага пачатку, як кажуць. Пажадаем поспехаў тым, хто не лянуецца і шчыра прагне дакрануцца да каранёў нашых продкаў.

Ірына ДЫДЫШКА

метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці