Працягваем праект “Векапомнае праз кінакадр”, прысвечаны 100-годдзю айчыннага кінематографа і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, ён расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.
Фігура Віктара Турава для нашага кінематографа сапраўды значная. Перажыўшы ліхалецце ў дзіцячым узросце, пазней рэжысёр заўсёды імкнуўся перадаць унутраны настрой чалавека на вайне. Менавіта з гэтай прычыны яго фільмы, што скрабуць душу калючай, непакрытай праўдай, і сёння з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для захавання гістарычнай памяці аб страшных падзеях крывавых 1940-х. Таму мы зноў і зноў вяртаемся да карцін майстра.
Стужка “Вайна пад стрэхамі” — першая частка дылогіі “Партызаны”. Фільм выйшаў на наступны год пасля папярэдняй рэжысёрскай працы “Я родам з дзяцінства”. Нядзіўна, што перад гледачом паўстаюць знаёмыя абліччы, хай і ў іншых амплуа.
Карціна знятая на аснове аднай- меннага рамана Алеся Адамовіча, упершыню апублікаванага ў 1960-м, за сем гадоў да выхаду экранізацыі. Пісьменнік імкнуўся да хірургічнай дакладнасці ў апісанні характару чалавека ў экстрэмальных умовах ваеннага часу, ярка і выразна дэманстраваў антычалавечнасць фашызму. Вялікую ўвагу ён надаваў псіхалогіі здраднікаў. Гэты твор не стаў выключэннем, злучыў у сабе майстэрства аўтара і яго ўласныя ўспаміны. Верагодна, гэтая шчырасць, праўдзівасць і ўразіла Віктара Турава, былога вязня канцлагера, які не па чутках ведаў аб жорсткасці нацыстаў. Нездарма творца адважыўся на экранізацыю дылогіі.
Карціна апавядае пра новую страшную рэальнасць жыхароў Беларусі ў разгар Вялікай Айчыннай вайны. Пра зламаныя лёсы. Пра няздольных упасці духам людзей. Гэтая гісторыя прыадчыняе дзверы ў душу чалавека, які апынуўся ў сітуацыі няпростага выбару, калі ўласнае жыццё і бяспеку кладуць на шалі побач з гонарам і годнасцю.
Галоўная гераіня, загадчыца аптэкі Ганна Корзун, з прыходам вайны ўстанаўлівае сувязь з партызанамі, перадае народным мсціўцам медыкаменты і служыць інфарматарам. Нягледзячы на штодзённую небяспеку для сябе і сваіх дзяцей, яна ні на імгненне не сумняваецца ў правільнасці ўласнага рашэння. І калі рызыка быць злоўленай фашыстамі і паліцаямі становіцца занадта высокай, жанчына са сваімі сынамі сыходзіць у лес да партызанаў. Па словах Алеся Адамовіча, які выступіў сцэнарыстам карціны, вобраз Ганны ён ствараў з папраўкай на досвед сваёй маці: “Калі мне што і ўдалося ў рамане “Вайна пад стрэхамі”, то гэта таму, што спачатку гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём”.
Ролю адважнай жанчыны ў фільме выканала вядомая актрыса Ніна Ургант. На яе кандыдатуры настойваў сам Алесь Адамовіч. Аргументаваў выбар не толькі знешнім падабенствам артысткі з яго маці, але і сардэчнасцю ды чалавекалюбствам, якім Ніна Мікалаеўна ўпісвалася ў партрэт гераіні. Пазнаць на экране можна і іншых знакамітых акцёраў: Міхаіла Матвеева, які ўвасобіў складаны вобраз Віктара Пятрэні, што стаў паліцаем, каб дакладваць партызанам аб дзеяннях фашыстаў, і Аляксандра Дзям’яненку, які сыграў падпольшчыка Паўла.
Варта адзначыць, што характары вельмі разнапланавыя і глыбокія. Перад намі паўстаюць не шаблонныя персанажы, чые ўчынкі лёгка прадбачыць, а складаныя вобразы. І нягледзячы на тое, што некаторыя крытыкі пасля выхаду фільма паказвалі на гэтую натуральнасць герояў, на іх набліжанасць да рэальнасці як недахоп для твора экраннага жанру, усё ж гэта вялікі плюс карціны.
Адзінае, што не пайшло на карысць экранізацыі, — структура сюжэта, якая вельмі нагадвае празаічную першакрыніцу. Вядома, нам зразумелыя імкненні і Віктара Турава, і Алеся Адамовіча захаваць ісціну ў першапачатковым выглядзе, аднак гэта тармозіць не толькі рух аповеду, але і ў нейкай ступені раскрыццё характараў, якое хацелася б бачыць больш у дзеянні, а не ў дыялогах і разважаннях.
Тым не менш “Вайна пад стрэхамі” спалучае ў сабе і вобразную мастацкую мову, і цудоўныя ілюстрацыйныя музычныя кампазіцыі, напісаныя Уладзімірам Высоцкім, гучанне якіх дамалёўвае тое, што было б цяжка адлюстраваць на экране. А сур’ёзная тэма псіхалогіі чалавека на вайне, якая гучыць з экранаў з канца 1960-х усё настойлівей, робіць гэты фільм не шараговай стужкай пра Вялікую Айчынную, а пуцяводнай зоркай для аўтараў, што выбіраюць гэты матыў асноўным у сваёй творчасці.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно