Цікавасць да народных харавых спеваў з’явілася ў 20-гадовай Ірыны Грыпіч яшчэ ў дзяцінстве. Азы яна спасцігала ў Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы, а цяпер адточвае майстэрства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Летась дзяўчына атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Спадчына. Салісты” на творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, а пазней была адзначана спецыяльнай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Пра захапленне народнай музыкай і шлях на вялікую сцэну Ірына расказала ў інтэрв’ю “К”.
— Калі і як адбылося ваша першае знаёмства са светам музыкі?
— У шэсць гадоў стала наведваць адмысловы факультатыў у школе. Там адкрыла для сябе сальфеджыа, пачала асвойваць скрыпку. З трэцяга класа стала ўдзельніцай школьнага хору “Салавейка”. Менавіта гэты калектыў падарыў першы вопыт выступленняў і конкурснай дзейнасці.
— Пасля вы паступілі ў Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы. Чаму выбралі гэтую навучальную ўстанову?
— Спачатку я планавала скончыць 11 класаў і пачаць шлях у акцёрскай сферы, але воляй выпадку аказалася на праслухоўванні ў музычным каледжы — і паспяхова здала ўступныя іспыты на спецыяльнасць “дырыжыраванне (народны хор)”. Пазней зразумела, што не памылілася: менавіта ў гэтым месцы ўзбагаціла сваю базу, пашырыла веды, нават навучылася танцаваць. А падчас практыкі давялося нават паспрабаваць сябе ў ролі педагога. Навучанне ў каледжы пайшло мне толькі на карысць. Пераступаючы парог універсітэта як абітурыентка, я пачувалася ўпэўнена.
— Цяпер вы студэнтка факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Якія магчымасці адкрыліся перад вамі?
— Я мэтанакіравана паступала ў гэтую навучальную ўстанову. Выбарам цалкам задаволеная. Хачу падзякаваць загадчыцы нашай кафедры, кіраўніцы вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Валачобнікі” Людміле Леанідаўне Ражковай. Яна разумее, як правільна арганізаваць працу вучняў, заўсёды гатовая даць важную параду. Канцэртмайстар па дырыжыраванні Інга Уладзіміраўна Селіна беражліва дапамагае адшукаць правільны кірунак. Асобнай падзякі заслугоўвае выкладчык вакалу Павел Уладзіміравіч Юхновіч. Дзякуючы яму я пачала глыбей разумець, як выбудоўваецца пазіцыя пры спевах. Акрамя таго, у навучанні майстар надае вялікую ўвагу эмацыйнай сферы і самапрэзентацыі артыста.
— Вы выступаеце не толькі сольна, але і разам з вакальна-харэаграфічным ансамблем “Валачобнікі”…
— У гэты калектыў я прыйшла ў 2022 годзе. У ансамблі пачуваюся ўпэўнена, таму што зараджаюся падтрымкай і энергетыкай калег. Нам пашчасціла выступаць на буйных рэспубліканскіх мерапрыемствах. Напрыклад, сёлета спявалі на цырымоніі ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне” ў Палацы Рэспублікі. Нашы справаздачныя канцэрты заўсёды праходзяць з аншлагамі, на ўра. Моцна стараемся, праз творчасць дзелімся з гледачамі часцінкай душы. Для мяне кожная секунда на сцэне — сапраўдная асалода і вялікае свята.
Вакальна-харэаграфічны ансамбль "Валачобнікі". Ірына Грыпіч — у цэнтры
— Летась вы заваявалі дыплом І ступені на рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”. Як прыйшла ідэя паўдзельнічаць і як адбілася спаборніцтва на вашым станаўленні?
— Прапанова паступіла ад майго педагога Людмілы Іванаўны Халупавай, якая прайшла са мной усе тры конкурсныя этапы. Падзея аказалася досыць хвалюючай, бо я ўпершыню прымала ўдзел у такім буйным спаборніцтве. Няпростым выдаўся трэці тур: з-за накладак з часам для разагрэву была літаральна хвіліна. Так атрымалася, што яшчэ адна выканаўца спявала такую ж кампазіцыю, як і я. Нягледзячы на ўсё гэта, члены журы высока ацанілі маё выступленне.
Я даказала сабе і іншым, што заслугоўваю ўвагі, што гатовая імкнуцца да большага. Дарэчы, дзякуючы дыплому на конкурсе “Маладыя таленты Беларусі” я атрымала спецыяльную прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Такое высокае прызнанне з боку дзяржавы — вялікі гонар. Перада мной ужо адкрыліся вялікія магчымасці.
— Вы выбралі такі кірунак, як народная музыка. Наколькі ён папулярны ў наш час?
— Вывучаць і зберагаць народную музыку надзвычай важна, бо яна нясе ў сабе пэўны код народа. Нашы продкі заўсёды вялі сваю дзейнасць — і працавалі, і святкавалі — разам са спевамі. Яны давалі сілы рухацца далей, дапамагалі выказваць радасць. Прыемна, што беларуская народная творчасць зараз перажывае новы этап і становіцца больш папу- лярнай.
— Калі зазірнуць у будучыню, то вы…
— То я дамаглася высокіх вынікаў у музычнай сферы, стала педагогам альбо кіраўніком ансамбля. Мяне матывуюць выкладчыкі, якія прайшлі вялікі прафесійны шлях і з энтузіязмам перадаюць вопыт наступнаму пакаленню, клапоцяцца аб нашым развіцці. Гэтым яны задаюць нам канкрэтны арыенцір.
Настасся ЮРКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні