Адкрытыя дзіцячыя Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД пройдуць з 30 верасня па 5 кастрычніка ў Бішкеку. Беларусь прадставіць сваю каманду. Адбор чальцоў быў арганізаваны ў розных намінацыях. З некаторымі канкурсантамі мы пазнаёміліся ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе кампетэнтная камісія праводзіла праслухоўванне юных скрыпачоў, піяністаў, спевакоўнароднікаў і выканаўцаў эстрадных песень.
Навучэнец Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кірыл Белацаркоўскі выйшаў на сцэну першым з канкурсантаў. Сабраны, знешне спакойны, сеў за раяль. І паліліся ў залу дзівосныя мелодыі...
Яшчэ ў шасцігадовым узросце хлопчык марыў стаць вялікім піяністам і ўжо тады разумеў: працаваць для дасягнення мэты трэба старанна і шмат. Таму большую частку часу Кірыл аддае любімаму занятку, прытым не толькі наведвае ўрокі і рупліва выконвае дамашнія заданні, але і дадаткова займаецца самаадукацыяй. Вынікі, бясспрэчна, цешаць. Па словах педагогаў, у спасціжэнні прамудрасцяў музычнага мастацтва Кірыл рухаецца сямімільнымі крокамі: зараз ён скончыў пяты клас, але пры гэтым праходзіць праграму дзявятага.
— Люблю Шапэна, Моцарта і Баха, — кажа юны піяніст. — Творы для развучвання імкнуся заўсёды браць няпростыя, бо толькі задаўшы высокую планку, можна дасягнуць большага. Канешне, не ўсё даецца лёгка і адразу. Але ў такіх выпадках я ўяўляю, якім павінна быць ідэальнае выкананне, і гэта дапамагае сканцэнтравацца.
У сям’і Кірыла няма артыстаў, але музыку любяць усе. Хлопчык вельмі ўдзячны і родным, і педагогам гімназіі-каледжа, якія даюць яму неацэнныя веды і дапамагаюць скараць творчыя вяршыні.
Магіляўчанцы Варвары Жарковай 13 гадоў, яна вучыцца ў дзіцячай школе мастацтваў №5. На адборачным туры дзяўчынка выконвала дзве песні: беларускую народную “А дзе ты, Юр’я?” і аўтарскую — “Песня не ведае межаў” Герца і Аверкіна. І адна, і другая прагучалі цудоўна. Тым часам кампазіцыі даволі складаныя для выканання. Педагог Юлія Стэльмах тлумачыць: паколькі Варвара скончыла ўжо 6 клас музычнай школы, то і рэпертуар для выступлення складалі так, каб творы дазволілі найбольш поўна прадэманстраваць вакальныя здольнасці.
Варвара Жаркова (справа)
У намінацыі “Народныя спевы” сілы спрабавала і Еўфрасіння Жыркова з Бярозы Брэсцкай вобласці. Адзін з твораў — беларускую народную “Закаціся, закаціся, ясна сонейка” — выконвала a cappella. “Выбрала яе не выпадкова: гэта асабліва папулярная наша рэгіянальная песня, хацелася пазнаёміць гледачоў і журы з культурай роднага краю”, — дзеліцца дзяўчына.
Для юнай выканаўцы цяперашняе творчае выпрабаванне не першае. Яна шматразовы лаўрэат абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, у тым ліку дзіцячага фестывалю-конкурсу выканаўцаў народнай песні “Жывая крыніца”. Летась паспяхова ўдзельнічала ў фестывалі Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”: прайшла ў фінал і выступала ў гала-канцэрце ў Музеі Перамогі ў Маскве.
Васіль Булгакаў з Гродзенскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза — адзін з самых маленькіх удзельнікаў адбору. З васьмі гадоў свайго жыцця два ён іграе на скрыпцы. Пачуў аднойчы, як гучыць інструмент, і сказаў: хачу гэтак жа!
— У хлопчыка вельмі дапытлівы розум, яму ўсё цікава. Шукаць адказы дапамагаем і мы, і бацькі. Маці Васіля журналістка, тата матэматык. Гармонія ў сям’і для дзіцяці шмат што значыць, — расказвае педагог Анастасія Мяджыеўская.
Васіль Булгакаў
Васіль прыйшоў на падрыхтоўчае аддзяленне ДШМ, нават не маючы ўяўлення, як правільна трымаць смык. У першым паўгоддзі заняткі праходзілі раз на тыдзень. Але для хлопчыка гэтага было відавочна мала. Нагрузку пачалі павялічваць. Цяпер ён без усялякага прымусу аддае музыцы па 4-5 гадзін кожны дзень, пры гэтым лёгка спраўляецца і з праграмай агульнаадукацыйнай школы. Гэта ж трэба, якая адказнасць і імкненне да ведаў у маленькага чалавечка!
— Сёлета нам пашчасціла стаць удзельнікамі XXXІІ Міжнароднай летняй творчай школы “Новыя імёны” ў Суздалі, — працягвае аповед Анастасія. — Гэта быў не толькі адпачынак у цудоўным старажытным рускім горадзе, але і індывідуальныя майстар-класы, ансамблевая і аркестравая практыка, штодзённыя канцэрты, лекцыі і творчыя сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтва. Наш Васіль, наймаладзейшы з усіх, удзельнічаў у канцэрце класа заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі, выкладчыцы Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага Алены Рэвіч і ў справаздачным канцэрце струннага аддзялення, выступаў на сцэне ў складзе ансамбля і камернага аркестра і на канцэрце-закрыцці школы.
Хлопчык наогул актыўна ўдзельнічае ў творчых спаборніцтвах рознага ўзроўню. Адзін з праектаў — “Музыка. Таленты. Сутворчасць”, які ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры на 2024 год, дзе Васіль стаў пераможцам конкурснага адбору. Вынік за паўгода ўражвае: чатыры Гран-пры ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах!
Мы гутарылі з дзяўчынкамі і хлопчыкамі, глядзелі выступленні і шчыра дзівіліся іх майстэрству: якіх дзівосных, таленавітых дзяцей гадуе наша краіна! Рознабакова развітыя, захопленыя, вельмі адказныя, яны — наш гонар, наша будучыня!
Па выніках адборачнага туру ў Бішкек адправяцца піяніст Кірыл Белацаркоўскі, скрыпачка Сафія Шкулепа, спявачкі Багдана Філіповіч (народны вакал) і Аліна Сазонава (эстрадны вакал). Астатнія ўдзельнікі выпрабавання духам не падаюць: наперадзе іх чакае яшчэ шмат вяршынь, якія трэба скарыць, — і яны гатовыя гэта рабіць.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА