З пер­шых вус­наў

Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў прэзентаваў зборнік “Вайну не сцерці з памяці”. Выданне змяшчае гісторыі сямі апошніх сведак Вялікай Айчыннай — тых, у каго ліхалецце скрала дзяцінства.

Каштоўныя ўспаміны мясцовыя культработнікі сабралі ў рамках патрыятычнага праекта “Гісторыя, расказаная народам”, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні слаўнай даты спецыялісты наведалі людзей сталага веку з розных куткоў Слонімскага раёна ды запісалі іх аповеды — пра голад і страх, страты і боль, што прынесла вайна. 

Сярод гераінь праекта — Яніна і Ніна Ракуць з вёскі Яруцічы. Дзецьмі яны разам з сотнямі землякоў трапілі ў нямецкі лагер, дзе цярпелі невыносную працу ды ўсялякую нястачу на чужыне. Падобны лёс напаткаў Яніну Басяцкую з Сасноўкі, Вольгу Жолудзь з Варонічаў ды іншых жыхароў гэтага краю. Нягледзячы на паважны ўзрост, бабулі і дзядулі ў дэталях памятаюць тыя страшэнныя выпрабаванні і з усёй шчырасцю дзеляцца ўспамінамі з маладзейшымі. 

Падчас інтэрв'ю з дзіцем вайны Вольгай Жолудзь

Для культработнікаў жа сабраць і захаваць аповеды маленькіх сведак вайны было справай гонару. Мы не маем права забыць, праз якія цяжкасці прайшлі наша краіна, нашы людзі, — упэўненыя супрацоўнікі Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў.