П’еса сучаснага ізраільскага драматурга Міхаіла Хейфеца “Рок-н-рол на захадзе сонца”, дзе маецца на ўвазе не столькі захад свяціла, колькі зыход жыцця, ідзе цяпер адразу ў трох беларускіх тэатрах. Да спектакля коласаўцаў у Віцебску далучыліся яшчэ дзве сталічныя прэм’еры: у Маладзёжным тэатры і ў Купалаўскім. Усе, вядома, розныя. Нават з рознымі назвамі.
Яднае спектаклі хіба тое, што да цэнтральнай пары сталых герояў далучаецца моладзь, якая спраўна танчыць між асобнымі сцэнамі. Але ж і танцы тыя паўсюль розныя, не абавязкова рок-н-рольныя, і роля такіх пластычна-харэаграфічных інтэрмедый — таксама.
“Асенні rock’n’roll”, увасоблены ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа расійскім рэжысёрам Аляксандрам Дольнікавым, захоўваецца ў рэпертуары камернай сцэны ўжо чатыры гады. Перакладзены на беларускую мову Васілём Ткачовым, ён атрымаўся папраўдзе беларускім. Больш за тое — адметна віцебскім.
Сцэна са спектакля "Бясконцая гісторыя" (тэатр імя Я.Купалы)
Сцэнаграфія і касцюмы мастачкі і дызайнера Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай, што славіцца сваім сюррэалістычным жывапісам, працягваюць традыцыі Казіміра Малевіча. На падмостках усталяваныя даволі ўмоўныя супрэматычныя фігуры музыкантаў, танцораў. Кружэлка сімвалізуе адкрытую сцэну эстрады, паўтараецца ў выглядзе дамскай сумачкі, капялюшыка гераіні. У строях — асіметрыя, зварот да геаметрычных абрысаў, чырвона-чорна-белай палітры. Непаразуменні герояў максімальна сцішаны-згладжаны, нідзе не даходзяць да адкрытага канфлікту, сваркі. Высвятленні адносін — максімальна інтэлігентныя, далікатныя, у поўным сэнсе слова памяркоўныя, адпаведна беларускаму менталітэту.
Важным складнікам спектакля становіцца гульня — і ў яе прамым прызначэнні ў сцэне дня народзінаў, і ў абагульненым філасофскім сэнсе. Таму пара маладых танцораў асацыюецца і з героямі тэатра масак (Арлекін і Каламбіна), у вусны якіх укладаюцца своеасаблівыя маралітэ. І з вядучымі, што аб’яўляюць серыі гэтага, як адзначана ў праграмцы, “міні-серыяла для мужчыны і жанчыны”, папярэджваюць іх эпіграфамі. І з дарадчыкамі, што ўмешваюцца ў дзеянне і ў фінале старанна міраць герояў.
Сцэны названы серыямі ў п’есе, але яе тэкст значна скарочаны, мае і некаторыя іншыя карэкціроўкі. Рэплікі-эпіграфы, што раскрываюць сэнс наступнай сцэны-серыі, таксама ўнесены пастаноўшчыкамі. Напрыклад: “Калі не жадаеце сапсаваць з чалавекам адносін, не замінайце яму хлусіць”, “Самая лепшая сварка — тая, што не адбылася”, “Бойся карову спераду, каня ззаду, а дурня — з усіх бакоў”.
Прэм’ера на камернай сцэне ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — цалкам супрацьлеглая. Беларускамоўны пераклад, амаль без скарачэнняў п’есы, іншы — Аляксандры Гарбуновай. Рэжысёр Сяргей Кулікоўскі невыпадкова акрэсліў жанр як “меладраматычная камедыя” і кардынальна змяніў назву — “Бясконцая гісторыя”. Бо рок-н-рол заменены на лаціна з перавагай пачуццёвага танга, хаця харэограф — тая ж самая Дзіяна Юрчанка з Віцебска. А маладзёжная пара (Марыя Аўтушка і Артур Цыцура) не толькі пазбаўлена ўсялякай іроніі і заваднога драйву, але і становіцца ўвасабленнем рамантычнай мары. У фінале такіх пар становіцца адразу тры, да іх далучаюцца, нарэшце, і цэнтральныя героі — Ён (Аляксандр Пашкевіч), у рухах якога раней былі элементы нават народнага танца, і Яна (Святлана Гусарава).
Святлана Гусарава, Аляксандр Пашкевіч ("Бясконцая гісторыя", тэатр імя Я.Купалы)
У новым сезоне галоўныя ролі будуць выконваць таксама Уладзімір Рагаўцоў і Тамара Нікалаева-Апіёк. Таму спектакль, як абяцала апошняя, набудзе больш драматычнае адценне. Пакуль жа ў ім тон цалкам задае гераіня, надзеленая тэмпераментам халерыка. У першых сцэнах яна адкрыта спакушае свайго абранніка, спачатку валёнка валёнкам. Калі не атрымліваецца, пачынае скандаліць. Чаму той нарэшце прачынаецца для кахання, застаецца загадкай чалавечай псіхалогіі. Хаця рэалістычная аснова зададзена сцэнаграфіяй: мы бачым рэальныя прадметы мэблі дзвюх кватэр. Сімвалічным мастком між імі аказваецца круглы стол пасярэдзіне, што належыць быццам абодвум героям. Фінал жа канчаткова сыходзіць у вечнасць, бо стол адсоўваецца ўглыб, а на першым плане застаецца танец як бясконцасць жыццёвага руху.
Пастаноўка Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра пакінула і рускую мову, і назву п’есы — “Рок-н-ролл на закате”. Над спектаклем пачынаў працаваць былы галоўны рэжысёр Андрэй Гузій, а пасля яго сыходу з тэатра — Таццяна Аксёнкіна, прыстасоўваючыся да раней зробленай сцэнаграфіі Андрэя Меранкова. Галоўнай тэмай гэтай лірычнай камедыі становіцца пераўтварэнне гераіні з гэткай базарнай бабы ў жудасных гумавых ботах, цётухны незразумелага ўзросту, апранутай у абы-што, у прыгожую стыльную жанчыну, якая натхняе абранніка. Пастаянныя змены яе сцэнічных строяў і пошукі самога стылю адзення як мага лепей падкрэсліваюць унутраны рост гераіні і адначасова абмалёўваюць дастаткова працяглы часавы прамежак дзеі — як мінімум некалькі месяцаў са зменай пораў года. Талент і неверагодная энергетыка заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Анішчанка пастаянна трымаюць глядацкую ўвагу, вымушаюць не толькі нас, але і героя (Юрый Шаланкоў) вельмі дакладна прасочваць кожную мадуляцыю псіхалагічных адценняў.
Наталля Анішчанка, Юрый Шаланкоў ("Рок-н-ролл на закате", Маладзёжны тэатр)
Другая дзея тут пачынаецца са сцэны дня народзінаў, а не пасля яе, як у Купалаўскім. І гэта дадаткова абумоўлівае наяўнасць антракту ў аднаактовай п’есе. Бо калі першая дзея акцэнтуе камізм сітуацый, дык другая падкрэслівае драму адзіноты. І завяршаецца кожны акт невялічкай сцэнай тэатра ценяў. Дарэчы, колькасць такіх фрагментаў можна было б павялічыць, скарыстаўшы эстэтыку нямога кіно і пераказваючы пластыкай змест папярэдняй серыі. Гэта магло б стаць дадаткам да інтэрмедый, дзе заў- зята танцуюць шасцёра маладых артыстаў — і парамі, і паасобку (харэограф — Яўген Лук’янаў).
Менавіта гэтым спектаклем Маладзёжны тэатр завяршыў сезон, прычым акурат 18 ліпеня — у дзень свайго 40-годдзя. Баюць, такую дату лепей не адзначаць залішнімі ўрачыстасцямі, каб не сурочыць. Таму жадаем калектыву маладосці — не ў сэнсе “молада-зелена”, а з трывалым вектарам на маладзёжны рэпертуар і такія ж маладзёжныя па сваёй эстэтыцы пастаноўкі. Бо маладосць — сімвал пошуку і смелых здзяйсненняў.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА