На­род­ны, ду­шэў­ны

Летась Міністэрства культуры Беларусі аднавіла традыцыю правядзення летніх канцэртаў у гарадскім садзе — выступленняў выхаднога дня калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці на адкрытых пляцоўках у абласных і буйных раённых гарадах. У сталіцы месцам прыцягнення стаў Аляксандраўскі сквер. А ў Брэсце традыцыйна лідзіруе па колькасці выступленняў вуліца Савецкая, дзе ўжо не адзін сезон радуе публіку абласны канцэртны аркестр духавой і эстраднай музыкі.

Валерый Коваль — лаўрэат Спецыяльнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама “Берасцейская зорка”; узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровым знакам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Удастоены звання “Чалавек года Брэстчыны — 2018”.

Праект “Музычныя вечары на Савецкай”, які стартаваў у 2016 годзе, карыстаецца вялікай папулярнасцю ў мясцовых жыхароў і гасцей Брэста. Шматлікія гледачы не толькі слухаюць артыстаў, але і вальсуюць, падпяваюць, мараць пад мелодыі серэнад. Кожная праграма — маленькае падарожжа ў свет прыгожага. 

ДЫПЛАМАТ І ПАЛКОЎНІК 

Статны, інтэлігентны, адданы мастацтву і мары — такім мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Валерый Коваль застаецца вось ужо амаль 50 гадоў. А ў свет музыкі Валерый Барысавіч увайшоў чацвёртакласнікам, калі яго залічылі ў школьны духавы аркестр. Першым інструментам стаў кларнет — на такім жа іграў бацька. Затым была вучоба ў Магілёўскім музычным вучылішчы, адкуль як выдатнага вучня рэкамендавалі для паступлення на ваенна-дырыжорскі факультэт пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. 

— У 1975-м я, выпускнік-лейтэнант, адправіўся асвойваць Сібір — атрымаў прызначэнне ў Ачынскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча, — расказвае Валерый Барысавіч. — За 10 гадоў набыў важны вопыт дырыжора ваеннага аркестра і не толькі. На базе вучылішча існаваў народны тэатр аперэты, і я з вялікай цікавасцю акунуўся ў новую для сябе сферу. Ужо праз год адбыўся мой першы спектакль у суправаджэнні духавога аркестра — выступіў і як дырыжор, і як музычны кіраўнік. 

Службу Валерый Коваль працягнуў у Польшчы, дзе за 5 гадоў здолеў стварыць аркестр і шмат чаго зрабіць для ўмацавання на лакальным узроўні міжнароднай дружбы. “Мы былі свайго роду музычнымі дыпламатамі, правялі шмат сумесных мерапрыемстваў”, — успамінае Валерый Барысавіч. 

Нарэшце — вяртанне ў родную Беларусь, у Брэст. Часы няпростыя: развал Савецкага Саюза, нявызначанасць. Але захопленаму і мэтанакіраванаму ваеннаму дырыжору-падпалкоўніку ўдалося і ў гэтых умовах стварыць новы аркестр, звярнуць на сябе ўвагу і заваяваць любоў публікі. А ў 1996-м мясцовыя ўлады прапанавалі адрадзіць гарадскі духавы аркестр. Пачалася карпатлівая праца па вечарах (вольны ад вайсковай службы час). 

Праз чатыры гады Валерыя Коваля перавялі для працягу службы на ахову дзяржаўнай мяжы. І маладая Рэспубліка Беларусь у яго асобе атрымала стваральніка і дырыжора ўзорна паказальнага аркестра пагранічных войскаў. 

У рэпертуары аркестра — больш за тысячу твораў песенна-танцавальных жанраў, народных найгрышаў, ваенных і паходных маршаў, джазавых кампазіцый і шэдэўраў сусветнай класікі. І штогод — плюс 25—30 новых кампазіцый. 

— Першы заўважны поспех прынёс фестываль ваенных аркестраў у французскім Альбервілі. Сапернічалі з замежнымі знакамітасцямі, вельмі хваляваліся. Але сабраліся і — з подыума сышлі пад шквал апладысментаў. Калектыў заззяў! — распавядае Валерый Барысавіч. — Гарадскі ж духавы аркестр Брэста існаваў паралельна. Гэта была мая будучыня. Калі ў 2006-м у званні палкоўніка пагранічных войскаў я быў звольнены ў запас па ўзросце, усе сілы накіраваў на яго развіццё. 

АСАБЛІВАЕ ПРЫЦЯГНЕННЕ 

Валерый Коваль лічыць: духавы аркестр — значыць народны. А дзе найлепш такому выступаць? На вуліцы, падчас дэманстрацый, мітынгаў, свят. 

— У парка павінна быць душа, і яна — у музыцы, — упэўнены знакаміты дырыжор. — Таму мы запусцілі праект “І закружаць нас успаміны...”. На працягу 15 гадоў ігралі ў парку, нават ладзілі “народныя балі”. У нас была сталая, адданая публіка. 

Ад узмаху дырыжорскай палачкі да маршу Мендэльсона? У гісторыі аркестра гэта здаралася не раз. Адзінокія мужчына і жанчына выпадкова сустракаліся на канцэрце, станавіліся партнёрамі па танцах, затым — мужам і жонкай. 

Праз некаторы час калектыў пераехаў на Савецкую, якую рэканструявалі — і яна стала месцам для шпацыру мясцовых жыхароў, турыстаў. Знайшлася і пляцоўка для канцэртаў — ля будынка з шырокімі прыступкамі. 

— Публіка на Савецкай разнастайная, і трэба было стварыць праграмы даспадобы і сталым, і маладзейшым, — заўважае маэстра. — Так з’явіліся вечары вальса, танга, джаза, музыкі з кінафільмаў. Падключыў да выступленняў салістаў аркестра — цяпер ёсць асобныя праграмы, прысвечаныя творчасці кожнага з іх. 

ПРАЕКТЫ-НАВІНКІ 

Сёлета Валерый Коваль паспяхова рэалізаваў са сваім калектывам шэраг новых праектаў. У гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня, на Савецкай зладзілі вечарыну памяці. Гучалі песні “Вечны агонь”, “Паклонімся вялікім тым гадам”, саўндтрэк да фільма “Спіс Шындлера” ды іншыя кампазіцыі-напаміны: не павінна паўтарыцца, не павінна... 

Запомніўся гледачам і вечар да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, і канцэрт да Дня Перамогі. Сярод яскравых навінка года таксама выступленне аркестра са зводным хорам Брэсцкай епархіі на XXІІ Праваслаўным фестывалі духоўных песнапенняў “Спявайце Богу нашаму, спявайце”. 

ШТО ДАЛЕЙ? 

У верасні аркестр адкрые восеньскі сезон. Удзел у свяце “Дажынкі”, мерапрыемствах да Дня народнага адзінства, “Восеньскі баль” на Савецкай — толькі частка планаў на бліжэйшы час. У перспектыве ж — чарговыя парад аркестраў краін СНД і канцэрт “Марш мужнасці”, прысвечаны памяці трагічна загінулага народнага артыста Расіі, галоўнага хормайстра і начальніка ансамбля імя Аляксандрава Валерыя Халілава, — іх арганізуе ў Брэсце Валерый Коваль. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва Брэсцкага абласнога канцэртнага аркестра духавой і эстраднай музыкі