“Гам­лет”: па-бе­ла­рус­ку?

Апублiкавана: 15 жнiўня 2024 Арт-блог Тэатры Віцебск і воблась

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

"Тэатральныя сустрэчы” на “Славянскім базары ў Віцебску” адкрывала прэм’ера — шэкспіраўскі“Гамлет”Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. Спектакль, як і заведзена ў гэтым тэатры, ішоў на добрай беларускай мове ў выдатным перакладзе Юркі Гаўрука. Якой атрымалася “трагічная балада пра прынца Дацкага”? Цалкам беларускай? Бо рэжысёрам-пастаноўшчыкам, аўтарам сцэнаграфіі, касцюмаў і музычнага афармлення выступіў заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Бармак.

Прэм’ера шмат у чым стала вынікам першых тэатральных лабараторый, што з’явіліся на фестывалі з 2022-га і якія праводзіць згаданы кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар ГІТІСа. Тым больш што летась там А. Бармак аналізаваў тэкст менавіта “Гамлета” Шэкспіра, паспеў пазнаёміцца з трупай — і прапанаваў тэатру ўвасобіць гэтую п’есу. 

Спектакль ідзе амаль тры гадзіны. “Не, я не вытрымаю”, — шапнула побач дзяўчына спадарожніку перад пачаткам. Але пара дабыла да канца. Бо пры ўсёй запаволенасці разгортвання, якую можна спісаць на беларускую ментальнасць, спектакль ўцягвае ў сябе, вымушае глядзець на гэтую зацягнутасць ва ўсе вочы. І не адпускае яшчэ доўгі час пасля заканчэння. 

Нечаканым стаў ужо сам пачатак. З чорнай прасторы, дзе збоку на авансцэне відаць хіба вазок з рыдлёўкамі як намёк на магільшчыкаў, з’яўляецца чырвоная металічная бочка, якую нехта коціць — жудасна запаволена, з вялікім напружаннем, як нейкі неймаверна цяжкі груз. І пры гэтым смяецца. Гэты “хтосьці” аказваецца жанчы- най бамжаватага выгляду і незразумелага, праз размаляваны грымам твар, узросту (Ніна Обухава). Дакаціўшы нарэшце бочку да сярэдзіны сцэны, жанчына з лёгкасцю ставіць яе і гэтак жа лёгка ўзлазіць наверх. Сядае ў позу лотаса, узнімае рукі і — як вынік той дзіўнай “медытацыі” — з-пад каласнікоў сыплецца снег. Эх, няпросты гэты персанаж! 

Той жа позай лотаса і снегам спектакль заканчваецца, не пакідаючы ніякіх сумневаў: гэта была Смерць. Цягам дзеі яна паўставала і Артысткай вандроўнага тэатра, запрошанага Гамлетам для выкрывання забойцаў яго бацькі, і Другім магільшчыкам, што грае на кантрабасе ў віяланчэльнай манеры, толькі падкрэсліваючы сваю шматаблічнасць, усёахопнасць і ўсюдыіснасць. 

Уласцівая А. Бармаку ўдумлівая, скрупулёзная праца з тэкстам, шуканне і знаходжанне ў ім падтэкстаў, схаваных дэталяў і дадатковых сэнсаў далі свой плён. Нязвыклымі атрымаліся і героі, і прычыны іх учынкаў. 

Пасля вядомай стужкі Рыгора Козінцава, дзе Гамлета сыграў Інакенцій Смактуноўскі, гэты герой доўгі час успрымаўся выключна рэфлексуючым філосафам. Вядома, былі і вельмі крэатыўныя версіі — да прыкладу, нашумелы спектакль Магілёўскага абласнога тэатра лялек, дзе Гамлет быў гэткім парадыйным “супермэнам”. 

Герой віцебскай пастаноўкі — практычна падлетак, што перажывае бурленне гармонаў: менавіта так можна акрэсліць ягоныя пачуцці да Афеліі — гэта зусім не каханне. На плечы Гамлета (Антон Бараноўскі) кладзецца цяжкая ноша помсты, і ў другой дзеі ён паўстае пасівелым. 

Пераасэнсаваныя і іншыя персанажы. Палоній (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка) аддана служыць каралю, кім бы той ні быў. Ён нават выглядае бы маленькі чалавек мінулага стагоддзя. А тое, як ён камячыць сваю кепку, гаворыць пра яго больш, чым некаторыя фразы. Ён і гіне праз сваю адданасць. Не хаваецца за дываном, каб падслухоўваць, а бяжыць на лямант, каб ратаваць каралеву, — і напорваецца на гамлетаўскі кінжал. 

Гертруда (Святлана Сухадолава) — вельмі супярэчлівая асоба. Бо пры ўсіх здзейсненых ёй злачынствах у яе душы перамагае любоў да сына, прачынаецца сумленне, якое не дае ёй жыць. Гераіня свядома выпівае атручанае віно, нават адказвае на кінутую ёй перасцярогу: “Я ведаю”. Вырашаецца ў спектаклі і загадка смерці Афеліі. Мяркуючы па тым, як пра гэта паведамляе Гертруда, становіцца зразумела: гэта менавіта яна штурхнула дзяўчыну ў ваду — дзеля сына, бо ўбачыла, што яны не пара. 

Клаўдзій (Яўген Бераснеў) намаляваны стрыманым, разумным супернікам, якім рухае халодны разлік, уменне бачыць усё на некалькі хадоў наперад і імгненна прымаць рашэнні. Паставіўшы мэту, ён не спыніцца ні перад чым, будзе маніпуляваць пачуццямі іншых, скіроўваючы іх на патрэбныя яму дзеі.

У такім атачэнні Афелія (Ксенія Камінская) — безабаронная ахвяра. Слепа аддаўшыся першым пачуццям, яна не раз выбягае ад Гамлета напаўголай, але не можа быць яму мудрым дарадцам: ёй самой неабходна дапамога, каб разабрацца са сваім унутраным станам. 

Гарацыа (Міхаіл Асанаў) паўстае гэткім летапісцам: ён ходзіць за героямі з блакнотам, фіксуе падзеі, фразы, пакідаючы ўражанне, што гэтую гісторыю мы спазнаем з яго нататак. 

Разенкранц (Аляксей Анісеня) і Гільдэнстэрн (Раман Волат) зусім не “браты-блізняты” кшталту Бобчынскага-Добчынскага — наадварот, гэта вонкава вельмі кантрасная парачка, але з аднолькавымі садысцкімі замашкамі. 

Філасофскім цэнтрам спектакля становіцца сцэна з Першым магільшчыкам (уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). Артыст настолькі трапна вымаўляе-асэнсоўвае кожную фразу, што літаральна ўсе яны становяцца крылатымі. Не такім простым аказваецца і Першы акцёр (заслужаны артыст Беларусі Георгій Лойка). А галоўным правакатарам, завадатарам усіх падзей выступае Здань бацькі Гамлета (Вадзім Асвяцінскі): менавіта гэты персанаж апанаваны помстай — і менавіта ён у фінале павядзе за сабой усіх загінулых. Помста ў пастаноўцы не візуалізуецца, але становіцца нябачным “шэрым кардыналам”, запускаючы механізм смяротных сыходаў. У жорсткай вайне ўсіх супраць усіх пацярпелымі становяцца ўсе героі, уключаючы прынца Нарвежскага Фарцінбраса, якому і дастаюцца гэтыя землі. Бо перамагае Смерць. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Аляксандры БЫКАВАЙ