28 ліпеня 1944-га войскі 1-га Беларускага фронту штурмам узялі Брэст і выбілі часці СС з мястэчка Высокае. Так 80 гадоў таму завяршылася вызваленне цяперашняй тэрыторыі Беларусі. Гэтая падзея вызначыла лёс і далейшае жыццё нашай нацыі. І ці ж выпадае здзіўляцца, што на доўгія гады вайна стала адной з галоўных тэм для беларускага мастацтва? На гэтую тэму сказана ўжо шмат — і гаворыцца сёння. Ды выстава “Зямля крывавіць гісторыяй”, падрыхтаваная Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, вылучаецца сярод многіх іншых, прымеркаваных да памятнай даты.
У эксплікацыі адзначана, што выстава планавалася як “прастора для даследавання і пошуку адказаў на пытанні: як мы сёння ўспрымаем і рэагуем на падзеі Вялікай Айчыннай вайны? Як яны счытваюцца сучасным чалавекам? Як каштоўнасць Перамогі захоўваецца ў гістарычнай памяці нашых сучаснікаў? Што будзе з памяццю аб трагедыі Вялікай Айчыннай вайны, калі не застанецца ніводнага жывога сведкі тых падзей?”
У савецкім мастацтве жахі вайны было прынята адлюстроўваць у метафарычны спосаб. Прычым метафары і алегорыі з году ў год станавіліся ўсё больш складанымі ды вынаходлівымі. Аднак куратары выставы ў НЦСМ вырашылі пачаць спачатку, ab ovo. Львіную долю экспазіцыі складаюць не мастацкія творы, а дакументальныя здымкі ды іншыя крыніцы.
Такое памкненне “абнуліць” досвед выяўлення ваенных падзей цалкам вытлумачальнае. Раней — у часы, калі на тварах ветэранаў толькі з’яўляліся першыя зморшчыны, — любы расповед пра вайну абуджаў памяць рэцыпіента (ды не гістарычную, а менавіта асабістую). Цяпер жа, калі прамінулі гады і пакаленні, той струмень памяці ўжо не настолькі магутны. Таму задача нагадаць (ці адкрыць) сучаснаму гледачу сутнасць падзей здаецца больш важнай, ніж стварэнне іх новых, нестандартных, аўтарскіх інтэрпрэтацый.
Выстава сведчыць: архіўныя дакументы валодаюць надзвычайнай пераканаўчасцю. Асабліва калі экспазіцыя стварае належны “інтэрфейс” для іх успрымання і асэнсавання. У той самы час да крыніц дакументальных дапасаваныя эмацыйныя рэфлексіі сучасных мастакоў на тэму вайны (зразумела, вельмі метафарычныя, часам абстрактныя — і гэтым арыгінальныя ды цікавыя). Яны дапаўняюць цэльнае і добра артыкуляванае ў экспазіцыйнай прасторы выказванне.
Многія з прадстаўленых архіўных фота (большасць — з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску) дэманструюцца не ўпершыню, але можна сустрэць і сапраўдны эксклюзіў. Найперш гэта серыя здымкаў, зробленых у акупаваным Мінску нямецкімі афіцэрамі (захаваліся нават іх прозвішчы: Ліпке і Рык). Змешчаная яна ў самым пачатку экспазіцыі.
Здымкі даволі прафесійныя, ды куды большую цікавасць уяўляюць не самі выявы, а менавіта аўтарскія каментарыі. Досыць фрывольныя подпісы воляй куратараў выставы выдрукаваныя гатычным шрыфтам, які асабліва любіла прапаганда Трэцяга Рэйху. Напрыклад: “Двор калгасніка. Неразбярыха і беспарадак”. Або: “Фасад опернага тэатра. Выразна праглядаецца танны спосаб будаўніцтва”. І такія зневажальныя рэмаркі — літаральна пад кожным фота. Што ж, прадстаўнікі вышэйшай расы прыйшлі ў стан варвараў…
— Для мяне было важна зразумець пазіцыю акупантаў, адчуць той пункт гледжання, з якога нацысты ўспрымалі нас, беларусаў, — кажа адна з куратарак праекта Дзіна Даніловіч. — Чаму гэта істотна? Бо як іначай мы зможам вытлумачыць усе тыя жудасныя рэчы, якія дзеяліся ў часы акупацыі? І серыя нямецкіх здымкаў, якую ўдалося адшукаць у Дзяржынскім архіве, дае гэтае разуменне. Я ўбачыла ў іх не погляд аднаго чалавека на іншага чалавека (хай сабе прыналежнага да іншай нацыі ды культуры) — не, гэта як быццам позірк энтамолага на насякомае. У ім нават не пагарда, але нешта больш жахлівае… І менавіта такая оптыка дазволіла адбыцца ўсяму таму, пра што мы нагадваем далей.
Што адразу варта адзначыць, дык гэта ўзорную працу над экспазіцыяй. Тут прадумана ўсё да дробязей. Вельмі сціплыя магчымасці залы НЦСМ на праспекце Незалежнасці (памяшканні не музейныя, прыстасаваныя) выкарыстаныя напоўніцу.
Фрагмент, прысвечаны гета, куратары аддзялілі ад іншай прасторы паўпразрыстай фіранкай — як былі ў свой час аддзеленыя і самі гета. Каб патрапіць туды, глядач павінен зрабіць асабісты фізічны жэст — адсунуць фіранку і ступіць на гэтую тэрыторыю. Гэта патрабуецца і ў частцы выставы, што прысвечана канцлагерам: наведвальніку давядзецца літаральна праціскацца паўз наўмысна размешчаныя ў вузкім калідоры вялізныя постары (фота з архіва Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын).
Унутры — твары вязняў гета (абліччы шчаслівыя, бо здымкі зробленыя да вайны) ды ўспаміны некалькіх удачнікаў, хто выжыў. Зусім нешматлікія сведчанні прадстаўленыя не толькі копіямі дзённікаў ды лістоў. У адной з вітрын — аўдыякасеты.
— Вядома, мы маглі іх алічбаваць і даць наведвальнікам магчымасць паслухаць запісы, але ж свядома змяшчаем іх у бокс у якасці маўклівага экспанату, — каментуе Дзіна Даніловіч. — Нам было важна звярнуць увагу на тэму захавання памяці. Сёння касеты як носьбіты інфармацыі здаюцца анахранізмам, маладыя людзі пра іх мо нават не ведаюць. А што будзе гадоў праз трыста?
Дакументальныя матэрыялы дапаўняе жывапісны твор — “Малітва” Мацвея Басава. А таксама — мастацкі ход у стылістыцы мак’юментары (нязмушаны напамін пра тое, што мы ўсё ж не ў класічным музеі). У вітрынах — асабістыя рэчы, якія маглі належыць вязням гета: скажам, акуляры. Зразумела, гэта не арыгінальныя артэфакты, але ж яны дадаюць экспазіцыі патрэбнае і кранальнае “чалавечае вымярэнне”.
Побач з гета — партызанскі раздзел выставы. Сімвалічны лес створаны з дапамогай галля (сапраўднага) і прыглушанага зялёнага асвятлення. Экспазіцыйны ход вельмі трапны: беларускія гаі сталі не проста месцам дзеяння, але галоўным чыннікам народнага руху, яго стратэгічнай перавагай. І адначасова — астраўкамі свабоды ў татальна чужым і варожым свеце.
У той самы час лясны антураж нібы нагадвае, што многія з тых народных мсціўцаў, чые фота прадстаўленыя на выставе, маглі гадамі не бачыць адкрытага неба. Хаця самі здымкі сведчаць: у лесе адбывалася сапраўднае жыццё. На фота не толькі баявыя аперацыі партызан, але і “мірныя” сцэны: прыкладам, дзяцей урачыста прымаюць у піянеры.
Але найперш увага надаецца не групавым здымкам, а партрэтным — што дазваляе нам паўглядацца ў твары непасрэдных удзельнікаў падзей. Зразумела, гэтыя кадры пастановачныя — рэдкія фатографы, якія траплялі за лінію фронту, рыхтавалі матэрыялы для газет ваеннага часу, а не для аўтарскіх выстаў. Ды выразнасці тым здымкам не займаць — дзякуючы найперш іх героям.
Наступны раздзел экспазіцыі грунтуецца на дзвюх візуальных дамінантах, настолькі выразных, што не патрабуюць дадатковага тлумачэння. На адным постары — мёртвая дзяўчынка. На другім — вясёлыя нямецкія хлопцы разбіраюць здабытую недзе свінню. Стоп-кадры жахлівай плыні часу… Лакацыі і даты здымкаў не пазначаныя, але робіцца вусцішна ад разумення, што абодва яны маглі быць зробленыя амаль сінхронна і ледзь не на суседніх вуліцах.
Многія фота з раздзела, прысвечанага жыццю ў акупацыю, дакладна не атрыбутаваныя. Мы не ведаем ні імёнаў тых, хто на іх выяўлены, ні кантэксту падзеі. Подпісы, узятыя таксама з архіваў, утрымліваюць закрэсленыя словы — і менавіта так яны прадстаўленыя ў экспазіцыі. Скажам, групавая выява спярша ахарактарызаваная як “дзеці перад расстрэлам”, потым — як “дзеці савецкіх грамадзян”.
Для даследчыка гэта яшчэ адно сведчанне таго, што пра вайну мы дасюль ведаем далёка не ўсё — і варта працягваць пошукі. Ды куратары выставы імкнуліся найперш падкрэсліць іншую думку.
— Нам было важна даць зразумець, што гісторыя не высечаная ў мармуры — яна пішацца людзьмі, і таму яе адлюстраванне залежыць ад іх бачання ці абазнанасці, — кажа Дзіна Даніловіч. — Тое, што нават у архівах з часам мяняюцца апісанні таго самага фота, — выразны таму прыклад.
Зрэшты, у некаторых выпадках гісторыя здымка вядомая досыць пэўна — вось бабулька з іконай абыходзіць сваю хату ў Барысаве, каб туды не трапіў снарад, — а навокал ужо ўсё гарыць… А бывае і так, што кантэкст не менш драматычны, ніж сама выява. Нават калі гэта выява павешаных — мяркуючы па архіўных сховішчах, акупанты іх рабіць вельмі любілі.
— І вось уявіце: жанчына бачыць, як на шыбеніцы гінуць яе муж, сын і брат, а нямецкі фатограф гэта педантычна фіксуе, — распавядае Дзіна Даніловіч. — Ды выкупляе ў яго здымак за пару дзясяткаў яек, каб хоць так захаваць памяць пра ўсіх мужчын са свайго роду…
Яшчэ адно цікавае дакументальнае фота — падпольшчыкі, якія дзеля забавы зняліся пасля сходу ячэйкі. Прафесіяналы б на такую сваволю ніколі не пайшлі. Але гэты здымак нагадвае, што ў тыле з ворагам змагаліся пераважна звычайныя грамадзяне, якія мелі мала ўяўленняў пра канспірацыю. Лёс большасці выяўленых на фота барацьбітоў трагічны.
У асобным пакойчыку прадстаўленыя аўдыязапісы, зробленыя на пачатку 1980-х пры падрыхтоўцы знакамітай кнігі “Я з вогненнай вёскі”. Матэрыял унікальны хаця б таму, што ён дазваляе пачуць галасы непасрэдных сведак падзей, якім цудам удалося выратавацца падчас карных аперацый.
— Агулам такіх запісаў — каля пяцідзесяці гадзін, — распавядае Дзіна Даніловіч. — Мы праслухалі далёка не ўсё: не хапіла духу. Тыя жахі, якія бачым на фота, выклікаюць у мяне боль ледзь не цялесны. А жывыя галасы водгуллем адгукаюцца ў сэрцы. Хаця на ўзроўні розуму адзначаеш, як працуюць абарончыя механізмы памяці, калі людзі згладжваюць успаміны пра самыя страшныя хвіліны жыцця. Або, наадварот, шчыра распавядаюць пра тое, што да скону не дасць спакою.
Адна з такіх гісторый — пра тое, як нейкі карнік пашкадаваў маладую маму з дзіцём на руках і паказаў ёй шлях уцёкаў. Жанчына сустрэла іншых аднавяскоўцаў ды сваім “ратавальным квітком” не падзялілася — гэта змяншала шанцы ўратаваць сябе і немаўля. А потым да канца жыцця не магла сабе дараваць… І колькі яшчэ такіх траўмаў зведалі беларусы?
Дакументальны расповед пра змрочны час трапна дапаўняе інсталяцыя сучаснага аўтара Аляксандра Трускоўскага “Шлях чырвонага”. Бітае шкло ў першым яе сегменце — гэта вялізныя аскепкі з ірванымі вострымі краямі, а ў апошнім, чацвёртым — ужо проста пясок, пазбаўленая формы субстанцыя. Трапнае вобразнае адлюстраванне тых працэсаў, што адбываліся (ці, дакладней, маглі адбыцца) са свядомасцю чалавека і ментальнасцю цэлага народа падчас акупацыі.
Спалучэнне дакументальнага матэрыялу і мастацкіх твораў заўсёды рызыкоўнае: жыццёвая праўда выглядае куды больш пераканаўчай. Аднак на выставе быў знойдзены ідэальны баланс, пры якім працы сучасных аўтараў выступаюць у якасці свайго кшталту каментарыяў на палях асноўнага тэксту, не беручы на сябе зашмат увагі.
Экспазіцыя літаральна “прашытая” творамі Аляксандра Трускоўскага. Яны пераканаўча сведчаць, што праца са шклом — далёка не заўсёды дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Гэты досыць традыцыйны матэрыял мае вялізны патэнцыял, здатны надзвычай тонка адлюстроўваць аўтарскую ідэю — праз выкарыстанне яго фактуры (“Шнары”) або трапныя вобразы (“Вызваленне”).
Трагедыі савецкіх ваеннапалонных прысвечаны мастацкі праект Таццяны Савік “Страта”, створаны адмыслова для гэтай выставы ва ўласцівай для аўтаркі вынаходлівай тэхніцы, якую на выставачных этыкетках звычайна называюць “змешанай”. Твар маладога салдата паступова, нібы “пакадрава”, паглынае чорная матэрыя. Як тлумачыць Дзіна Даніловіч, страта — гэта таксама і паняцце з галіны рэстаўрацыі, якое абазначае фрагмент твора, знішчаны пад наплывам разбуральных фактараў.
Сяргей Крыштаповіч прадставіў партрэт старога салдата, які перажыў вайну. А маладая мастачка Кацярына Цішкевіч у серыі твораў “Апошні выдых” з экспрэсіянісцкай выразнасцю выяўляе крохкасць чалавечага цела і наогул жыцця. Алегарычна гэтую тэму адлюстроўвае і Аляксандр Новік. Здалёк здаецца, нібы ты бачыш жывапісную выяву з танюткімі постацямі вырачаных на смерць людзей, ды, прыгледзеўшыся, заўважаеш, што насамрэч людзі — гэта агаркі сапраўдных свечак, спалучаныя ў асамбляжы.
Прадстаўленыя на выставе працы Вадзіма Качана — на мяжы дакументальнага і мастацкага фота. Гэта дзве серыі партрэтаў ветэранаў, зробленыя з інтэрвалам у сорак гадоў. Фіксуючы такую натуру, аўтар паводзіцца вельмі далікатна — ён не імкнецца стварыць “майстэрскія” пастановачныя фота, аб’яднаныя той ці іншай ідэяй або кампазіцыяй, але проста націскае ў патрэбны час на затвор камеры. У такой пазіцыі тоіцца грунтоўная думка: твары ўдзельнікаў вайны цікавыя самі па сабе, без прыхарошвання.
— Спалучыць дакументальныя кадры і мастацкія творы нашых сучаснікаў — свядомае рашэнне, — кажа Дзіна Даніловіч. — Нам было важна паказаць, што, хаця вайну ўжо аддзяляе ад нас вялікая часавая прорва, гэта зусім не тая падзея, якая нас не датычыць. Так, гэта не наш асабісты досвед, але ж мы можам казаць пра феномен постпамяці. Прыкладам, калі я ў дзяцінстве слухала расповеды дзядулі і бабулі — а ў часы вайны яны і самі былі яшчэ дзецьмі, — дык нібыта перажывала пачутае асабіста. Адпаведна, траўмы нашых продкаў у пэўнай меры становяцца і нашымі траўмамі. Да ўсяго, гаворачы пра вайну, мастакі разважаюць пра прыроду гвалту, пра памяць, пра надзею. А гэта вечныя тэмы.
Завяршае выставу яшчэ адзін магутны сваёй выразнасцю і метафарычнасцю твор Аляксандра Трускоўскага: “Жыццё жыцця”. Жывая зялёная трава нібы пераўтвараецца ў статычныя шкляныя канструкцыі — мастацкі твор або музейны экспанат. Ім у выставачнай зале нічога не пагражае. А вось каб трава расла надалей, яе трэба рэгулярна паліваць. Паколькі трава свежая, можна меркаваць, што мастак пра свой твор несупынна клапоціцца — хаця выстава доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.
Без сумневу, нешта падобнае адбываецца і з памяццю. Выстава “Зямля крывавіць гісторыяй” стала тымі кроплямі жыццядайнай вільгаці, што абуджаюць памяць сучаснага чалавека.
Ілья СВІРЫН
Фота аўтара