Міністр культуры Анатолій Маркевіч здзейсніў рабочую паездку ў Бабруйск, дзе сустрэўся са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам. Кіраўнік ведамства азнаёміўся з аб’ектамі, уключанымі ў склад гісторыка-культурнай каштоўнасці “Крэпасць”, а таксама абмеркаваў з кіраўніцтвам рэгіёна і горада выкананне даручэнняў Прэзідэнта Беларусі па навядзенні парадку на аб’ектах Бабруйскай крэпасці.
Міністру культуры былі агучаны вынікі праектавання аб’екта “Аднаўленне земляных умацаванняў і рэстаўрацыя фартыфікацыйных збудаванняў помніка архітэктуры 2-й катэгорыі «Бабруйская крэпасць» з вылучэннем першага этапу: 3-ці палігон”.
— У склад крэпасці ўваходзіла сем палігонаў. Трэці практычна падрыхтаваны да таго, каб можна было працаваць над яго рэстаўрацыяй і аднаўленнем. Гэта дапаможа людзям, якія наведваюць славутасць, атрымаць уяўленне аб тым, як яна была сфарміравана, — расказаў начальнік аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама Вадзім Шчэрбіч. — На сёння падрыхтаваны праектныя дакументы па першай чарзе работ. Падчас яе пройдзе кансервацыя ўсіх запланаваных аб’ектаў палігона. Другая чарга прадугледжвае рэстаўрацыйныя работы, у ходзе якіх будуць адноўлены Мінскія вароты, сфарміраваны гаржавы рэдзюіт (ён таксама будзе рэстаўравацца), а таксама перакідны мост, які ішоў ад Мінскіх варот да гаржавага рэдзюіту.
Анатолій Маркевіч падчас рабочай паездкі
У перспектыве яшчэ тры чаргі работ. Трэцяй прадугледжана рэстаўрацыя правага плацдарма і музеефікацыя гаржавага рэдзюіту, дзе будзе прадстаўлена экспазіцыя з дыярамамі і панарамамі. Падчас чацвёртай чаргі адрэстаўруюць левы бок, а ў ходзе пятай адновяць валы і равы.
— Гэты ўнікальны аб’ект у свой час меў вялікае значэнне: абарончае збудаванне было фарпостам у адносінах да тых, хто глядзеў на нашу зямлю не вельмі добразычліва, — падкрэсліў Анатолій Маркевіч. — Надышоў час больш прадметна разгледзець пытанні аднаўлення Бабруйскай крэпасці, што дазволіць вярнуць ёй былую славу. Ужо нямала зроблена — бачым, як мяняецца тэрыторыя дзякуючы гарадскім уладам, аблвыканкаму: ідзе забудова прыватнага бізнесу, з’яўляюцца гандлёвыя аб’екты, аб’екты спартыўнага прызначэння. Мы пазнаёміліся з генеральным планам забудовы тэрыторый: на мой погляд, тут вельмі добрыя перспектывы па будаўніцтве. Месца вельмі цікавае, гістарычнае. Але самае галоўнае — неабходна развесці патокі: для таго, каб разумець гістарычную каштоўнасць і ў той жа час каб сучасная інфраструктура тут таксама прысутнічала. Бачым пытанні, звязаныя са спартыўнай інфраструктурай, малой жылой забудовай. І, вядома ж, нас усіх сёння цікавіць гістарычная каштоўнасць гэтага аб’екта. Ёсць праектна-каштарысная дакументацыя па першай і другой чэргах работ. Вельмі важным з’яўляецца пытанне фінансавання. Механізм зразумелы, алгарытмы зацверджаныя. Застаецца ісці па шляху іх выканання.
— Гаворачы аб грашовым складніку рэканструкцыі і аднаўлення Бабруйскай крэпасці, мы разумеем, што гэты працэс доўгі. І тут без дапамогі нашай дзяржавы мы не абыдземся. Мноства гісторыка-культурных аб’ектаў аднаўляецца пры падтрымцы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі — у Міры, Нясвіжы, Жылічах, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Будзем звяртацца і ў Саюзную дзяржаву, бо гэта наша агульная гісторыя, і мы абавязаны яе захаваць, каб перадаць будучым пакаленням.
У ходзе рабочай паездкі Анатолій Маркевіч наведаў храм Аляксандра Неўскага, узноўлены на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, і паразмаўляў з ігуменняй Параскевай у жаночым манастыры ў гонар святых Жонак-Міраносіц.
Бабруйская крэпасць у 1811 годзе
Сабор святога дабравернага Вялікага князя Аляксандра Неўскага быў узведзены ў 1826 годзе ў адміністрацыйным цэнтры крэпасці, на Саборнай плошчы. Ён перажыў рэвалюцыю, выстаяў у гады Грамадзянскай вайны, а ў 1934 годзе на яго абрынулася хваля багаборніцтва. Адраджэнне царквы пачалося ў 2009-м, калі выявілі яе падмурак. Было вырашана аднавіць сабор у першапачатковым выглядзе — па чарцяжах і гістарычных фотаздымках.
Святлана ЧЭКАЛАВА