Балалаечнікі, яднайцеся!

Апублiкавана: 13 жнiўня 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Трыццаць тры віртуозы з Беларусі, Казахстана і Расіі — зводны аркестр балалаечнікаў прагучаў зладжана і прыгожа. Чым яшчэ ўразіла свята ў Санкт-Пецярбургу і як працуе музычная дыпламатыя? Сваімі ўражаннямі пасля паездкі ў паўночную сталіцу Расіі падзяліўся Павел Андрончык, дырэктар дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 9 г. Мінска.

ЁСЦЬ НАГОДА 

У пачатку месяца ў Санкт-Пецярбургу праходзіла пасяджэнне Савета Міжпарламенцкай асамблеі краін СНД, дзе абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў культурных сувязяў краін Садружнасці.

Паказальна, што ў гэтыя ж дні, з 1 па 7 ліпеня, у паўночнай сталіцы Расіі разгарнуўся і Міжнародны тыдзень балалайкі, арганізаваны Камітэтам па знешніх сувязях Урада Санкт-Пецярбурга. Музычны праект прысвечаны самаму папулярнаму рускаму народнаму інструменту. Месца правядзення фэсту абранае невыпадковае: горад на Няве па праве лічыцца радзімай канцэртнай балалайкі і першага ў свеце прафесійнага аркестра рускіх народных інструментаў імя Васіля Васільевіча Андрэева. 

РУСКІ ЦУД 

Выбітны рускі музыкант і кампазітар упершыню аб’яднаў нацыянальныя інструменты па прынцыпе сімфанічнага аркестра, увасобіўшы ва ўнікальным сугуччы домраў, балалаек і гусляў усё багацце музыкі, яе непаўторны каларыт і найтанчэйшыя нюансы. 

У рамках Пецярбургскага міжнароднага тыдня прайшоў двухдзённы вулічны фестываль “Рускі цуд” з удзелам найлепшых салістаў, ансамбляў і аркестраў, а Нарышкін бастыён Петрапаўлаўскай крэпасці ператварыўся ў Гарадок “БалалайкерЪ” пад адкрытым небам. 

Цэнтральнай падзеяй фестывалю стаў канцэрт зводнага аркестра балалаечнікаў, які аб’яднаў музыкантаў з Беларусі, Казахстана і Санкт-Пецярбурга. З нашай краіны прыехалі адразу некалькі калектываў. 

БЕЛАРУСКІ БОК 

Ансамбль “Выкрунтасы” дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 9 г. Мінска пад кіраўніцтвам дырэктара Паўла Андрончыка выканаў пяць твораў беларускіх і расійскіх кампазітараў ды іншую музыку розных жанраў. 

Сваім мастацтвам ігры на балалайцы ўразілі расійскіх гледачоў прадстаўнік Мінскага музычнага каледжа імя М. Глінкі Сяргей Дубоўскі і малады балалаечнік Ігар Кезік. 

Віцебская абласная філармонія накіравала на Пецярбургскі тыдзень балалайкі актэт балалаек “Віцебскія віртуозы”, горад таксама прадставіла юная інструменталістка Ксенія Рышко. З Брэста прыехаў народны інструментальны ансамбль “Ронда”, з Гомеля — інструментальны ансамбль “Каларыт”. Усе нашы калектывы і выканаўцы выступілі з уласнай творчай праграмай, а балалаечнікі аб’ядналіся ў зводны аркестр “Рускі цуд”. 

КАШТОЎНЫ ДОСВЕД

— Мы вельмі ўдзячныя арганізатарам гэтага свята, — гаворыць Павел Андрончык. — Перадусім хочацца адзначыць галоўнага рэжысёра — першага намесніка старшыні Камітэтам па знешніх сувязях Урада Санкт-Пецярбурга Сяргея Леанідавіча Маркава, які актыўна залучаў у праект аматараў гэтага інструментальнага жанру з блізкага замежжа. Мерапрыемства садзейнічала далейшаму развіццю навуковага боку нашай дзейнасці, павышэнню кваліфікацыі і абмену вопытам. 

ДАЛЕЙ, НА ПЕРСПЕКТЫВУ 

Дарэчы, многія ўдзельнікі, госці і гледачы заўважалі, што фестываль балалайкі павінен стаць святам усіх народаў Садружнасці, бо гэты сусветна вядомы народны інструмент здольны аб’ядноўваць людзей. 

Характэрна, што як на фестывалі ў Пецярбургу, так і на асамблеі краін Садружнасці падкрэслівалася неабходнасць умацавання і пашырэння культурных сувязяў паміж краінамі блізкага замежжа. А кіраўнік парламенцкай дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава прапанавала правесці ў нашай рэспубліцы форум “Дзеці садружнасці” са спецыялізаванай асветніцкай і культурнай праграмай. 

ПА СЛОВАХ КЛАСІКА 

Наватар, выбітны рускі музыкант і кампазітар Васіль Андрэеў, адзначаў, што мастацтва аб’ядноўвае, а ў яднанні — сіла, і чым больш, чым шырэй будзе распаўсюджвацца музыка па свеце, тым лепш. 

— Гэтым правілам і кіруюцца арганізатары фестывалю, знаёмячы нас, гасцей-балалаечнікаў, з “Рускім цудам”, — завяршыў свой аповед Павел Андрончык.