Спасцігнуць мову музыкі — такую мэту паставіў перад сабой Дзмітрый Шувалаў яшчэ ў дзяцінстве. Цяпер ён студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і ўжо дзеліцца вопытам з падрастаючым пакаленнем. Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, прызёр шматлікіх конкурсаў распавёў нам пра шлях у прафесію і сакрэты поспеху.
— Дзмітрый, адкуль з’явілася любоў да музыкі? Мабыць, гэта сямейнае?
— У маім родзе не было прафесійных музыкантаў, усе сваякі выбралі тэхнічныя спецыяльнасці. Памятаю, у дзяцінстве мама ставіла песні на дысках, і ўжо тады мне хацелася зразумець таямнічую мову мелодыі і разгадаць, што людзі хочуць сказаць праз мастацтва. У трэцім класе пачаў займацца ў вакальнай студыі ў роднай Рэчыцы. Праз год пайшоў у музычную школу. Гэты крок стаў лёсавызначальным.
— Дзе працягнулі ўдасканальвацца ў гэтым кірунку?
— Пасля 9 класа накіраваўся у Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі на спецыяльнасць “інструментальнае выканальніцтва”. Пашчасціла трапіць у клас Паўла Іванавіча Казака. Атрымаўшы чырвоны дыплом, у 2020-м я паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, чаму вельмі рады! Развіваюся пад кіраўніцтвам Мікіты Андрэевіча Пятрова — аднаго з найлепшых саксафаністаў нашай краіны. Займацца ў такога майстра — сапраўдная асалода! За час навучання я прайшоў карысны шлях, які суправаджаўся маім станаўленнем як прафесіянала і асобы.
— У 2022-м вы ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі” і не змаглі прайсці ў фінал, а летась заваявалі гран-пры! У чым сакрэт поспеху?
— Усё вырашае правільны падбор праграмы і планамерная падрыхтоўка. Дзякуючы гэтаму можна дасягнуць годнага выніку. На заключным этапе трэба было граць з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі. Мы выканалі твор Раберта Малінэлі “Вечар на Брадвеі”.
— Якія яшчэ дасягненні ёсць у вашай скарбонцы ўзнагарод? Прыгадайце найбольш значныя.
— Першае месца на Рэспубліканскім творчым фестывалі-конкурсе “Талісман удачы” ў 2018-м , перамога на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў на духавых інструментах “WIND STARS 2020”, срэбра на Міжнародным конкурсе камернай музыкі і фартэпіянных ансамбляў “Музыка дуэта” сёлета. Важна адзначыць, што ўсе прызы — у роўнай ступені заслуга мая і майго педагога.
— Акрамя навучання ў Акадэміі музыкі і конкурснай дзейнасці, чаму вы аддаяце свой час?
— Я з’яўляюся ўдзельнікам аркестра BELSAXO і квартэта SAXAS. У абодва калектывы трапіў дзякуючы сваім выкладчыкам, якія доўгі час назіралі за маім станаўленнем. Выступаем на пляцоўках Мінска: збіраем аншлагі ў Белдзяржфілармоніі, ладзім канцэрты ў зале “Верхні горад”. Таксама выязджаем на міні-гастролі ў розныя куткі краіны. Рэпертуар калектываў складаецца як з арыгінальных твораў, так і з пералажэнняў.
— Таксама вы — педагог Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 4 імя І.М. Лучанка. Адкуль з’явілася жаданне выкладаць?
— Я атрымліваю не толькі выканальніцкую, але і педагагічную спецыяльнасць. У пэўны момант зразумеў, што неабходна практыкавацца, таму на працягу апошніх трох гадоў працую з дзецьмі. Самы бясцэнны момант — бачыць, як у малечы загараюцца вочы. Да мяне прыходзяць вучні з сямі гадоў, якія да гэтага не былі знаёмыя з саксафонам. І гэта велізарная адказнасць, бо мне варта паказваць добры прыклад, вучыць падрастаючае пакаленне годна. Дарэчы, любоў да музыкі трэба прывіваць любому дзіцяці. Пры належных ўмовах мастацтва можа спасцігнуць ў рознай ступені кожны.
— Як вы бачыце сваё далейшае развіццё ў прафесіі?
— Імкнуся да прагрэсу ва ўсіх аспектах. Паспяхова складваецца сольная кар’ера. Пра гэта кажа практыка выступленняў на конкурсах. Прафесія музыканта тым і адметная, што падштурхоўвае да пастаяннага пошуку новага. У мяне ніколі не ўзнікала памкнення кудысьці сысці з гэтай сферы, наадварот, ёсць велізарны запал і жаданне спасцігнуць усё невывучанае.
— Летась вы сталі стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Як гэта паўплывала на ваша творчае развіццё?
— Па-ранейшаму атрымліваю асалоду ад любімай справы. Дзякуючы прэстыжнаму званню з’явілася магчымасць паказаць сябе больш шырокай аўдыторыі. Але гэта далёка не кропка. Ёсць амбіцыі заявіць пра з’яву саксафона ў Беларусі на ўвесь свет, адстойваць гонар нашай краіны на міжнародных пляцоўках. Напрыклад, у бліжэйшым часе паўдзельнічаць у Дэльфійскіх гульнях.
Настасся ЮРКЕВІЧ
Фота героя