Пасланні з векапомных дзён

Апублiкавана: 10 жнiўня 2024 Стужка Музеі Мінск 80 мірных гадоў

Аўтар: РУДАК Антон

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе выстава “Дарагая мая Надзя…”. Часовая экспазіцыя створана сумесна з Белгарадскім дзяржаўным літаратурным музеем і прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў і 80-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Іна Клімава, дырэктар Белгарадскага дзяржаўнага літаратурнага музея

У нашым грамадстве, у якім усё менш удзельнікаў і відавочцаў таго ліхалецця, расце значэнне эпісталярнай спадчыны. Франтавыя лісты — каштоўныя сведчанні асабістых, сямейных гісторый, з якіх складаецца гісторыя краіны. Апошнім часам усё больш лістоў з фронту, якія доўгія гады заставаліся выключна сямейнымі рэліквіямі, робяцца здабыткам шырокай грамадскасці. Экспазіцыя “Дарагая мая Надзя…” — гэта досвед уважлівага і ўдумлівага прачытання такіх каштоўных крыніц. Назвай праекта паслужыў зварот старшага сяржанта, забітага ў Рудных гарах па дарозе ў Прагу 8 мая 1945 года, да жонкі. Вось што было ў лісце вайскоўца: “Дарагая мая Надзя, трымайся, збяры ўсе сілы. Не хацеў табе пісаць, думаў, вярнуся дадому і ўсё распавяду. Вайне ўжо канец. Ды ўсё роўна ты даведаешся, бо атрымаеш пахаванку. Засталіся мы з табой удваіх, няма ў нас больш дзетак. Учора пахавалі Колю. Не збярог я яго, ты ўжо прабач! Госпадзі, за што нам такое пакаранне, лепш бы мяне, а я ўсю вайну прайшоў без драпіны. Вася ў польскай зямлі, а Коля цяпер — у нямецкай. Разам з ім пахавалі і Насцінага Валодзю. Прый- ду — як-небудзь будзем жыць. Возьмем дваіх у Насценькі, ёй лягчэй будзе. Будзь яна праклятая, гэтая вайна!”

СУВЯЗЬ З ДОМАМ 

З прывітальным словам падчас адкрыцця выставы 2 ліпеня выступіў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік. Ён падкрэсліў, што сапраўдны патрыёт заўсёды будзе памятаць жахлівую трагедыю вайны і вяртацца да гэтай тэмы, каб знайсці новыя сведчанні гераізму свайго народа. Праект “Дарагая мая Надзя…” закліканы яшчэ раз акцэнтаваць увагу на тым, які глыбокі след Вялікая Айчынная пакінула ў нашай мінуўшчыне. Мы павінны шанаваць і перадаваць гэтыя веды дзецям, каб і над іх галовамі было чыстае неба. 

Як зазначыла загадчык аддзела экспазіцыйна-выставачнай работы Белгарадскага дзяржаўнага літаратурнага музея Наталля Крысанава, вайна раптоўна разлучыла тысячы сем’яў, і ліставанне стала адзінай нітачкай, якая звязвала родных людзей. Праз пісьмы франтавікі не проста стасаваліся з блізкімі, а працягвалі жыць клопатамі пра дом і сям’ю. Дзякуючы лістам бацькі выхоўвалі дзяцей, мужы дапамагалі жонкам у хатніх справах, байцы-юнакі клапаціліся пра мацярок, малодшых братоў і сясцёр. У межах праекта прадстаўлены матэрыялы з фондаў Белгарадскага дзяржаўнага літаратурнага музея, Дзяржаўнага архіва Белгарадскай вобласці, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і з сямейных збораў. 

ПОДЗВІГ І ЛІЧБЫ 

Экспазіцыя суправаджаецца статыстыкай, якая звяртае ўвагу на праблему людскіх страт цягам Вялікай Айчыннай. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 чэрвеня 1941-га на другі дзень вайны распачалася мабілізацыя ваеннаабавязаных 1905—1918 гадоў нараджэння. Агулам за першы тыдзень супрацьстаяння было прызвана звыш пяці мільёнаў чалавек. Другую хвалю мабілізацыі абвясцілі 10 жніўня 1941-га. Яна закранула грамадзян 1922—1923 гадоў нараджэння, а таксама ваеннаабавязаных 1894—1905 гадоў. 

Валянціна Кароткіна, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

На пачатак 1942-га прызывалі ўжо і народжаных у 1924-м. З тых, хто не падлягаў мабілізацыі, але ішоў на фронт добраахвотна, фарміравалі дывізіі народнага апалчэння. Праз камсамольскія арганізацыі набіралі атрады дэсантнікаў, лыжнікаў, лётчыкаў і знішчальнікаў танкаў. Агулам за вайну ў шэрагі Чырвонай Арміі былі прызваны 34,5 мільёна чалавек, з якіх непасрэднымі ўдзельнікамі баявых дзеянняў сталі каля 27 мільёнаў. Паводле дадзеных даследчыкаў, у розны час ад 600 тысяч да мільёна з гэтага ліку складалі жанчыны. 

ФРАНТАВЫЯ ДАРОГІ 

Загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Валянціна Кароткіна распавяла пра частку экспазіцыі, звязаную з нашай краінай. Адмысловец звярнула ўвагу, што Беларусь зведала першы ўдар захопнікаў і яе сталіца была акупавана ўжо на сёмы дзень вайны, таму лёсы айчынных літаратараў у тую трагічную пару склаліся па-рознаму. Кагосьці мабілізавалі, хтосьці паспеў эвакуіравацца на ўсход, а іншыя апынуліся ў тыле ворага. Добраахвотнікам пайшоў на фронт Аркадзь Куляшоў, які ў першыя дні супрацьстаяння размінуўся з сям’ёй, будучы ў ад’ездзе з Мінска. Гэтыя абставіны аўтар пазней апіша ў паэме “Сцяг брыгады”, створанай у перыяд працы ў армейскай газеце “Знамя Советов” і Беларускім штабе партызанскага руху. 

Тагачасны старшыня Саюза пісьменнікаў БССР Міхась Лынькоў стаў рэдактарам франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”. У ёй працавалі таксама Максім Танк ды Пятрусь Броўка, якія добраахвотна ўступілі ў шэрагі Чырвонай Арміі. Кандрат Крапіва, які ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і савецка-фінскай вайне, цягам Вялікай Айчыннай пісаў для франтавых выданняў “За Савецкую Беларусь” і “Красноармейская правда”, а пасля рэдагаваў сатырычную газету-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пімен Панчанка, які служыў у Чырвонай Арміі яшчэ з 1939-га, у гады вайны працаваў у франтавой газеце “За свабодную Беларусь” разам з Пятром Глебкам. Анатоль Астрэйка быў адказным сакратаром газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, двойчы накіроўваўся на акупаваную тэрыторыю нашай краіны. Мікола Сурначоў, які ўдзельнічаў у абароне Каўказа, вызваленні Беларусі, Украіны, Румыніі і Польшчы, загінуў у красавіку 1945 года пад Берлінам. 

У экспазіцыі прадстаўлены лісты, кнігі і асабістыя рэчы літаратараў. Выстава будзе даступная да 29 верасня. 

Антон РУДАК 

Фота з сайта музея