Выставачны сезон ля Кургана Славы працягваецца. У летні час пры мемарыяльным комплексе разгортваюцца экспазіцыі пад адкрытым небам, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году якасці.
У гэтыя выхадныя наведвальнікаў будуць вітаць прадстаўнікі Бярэзінскага, Капыльскага, Мінскага, Мядзельскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Гасцей чакаюць экспазіцыі цэнтраў культуры і музеяў, вытворчых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія раскрываюць розныя перыяды гістарычнага развіцця, сучасныя дасягненні Мінскай вобласці. Акрамя таго, запланаваны квэсты, майстар-класы, рамесныя выставы і канцэрты аматарскіх мастацкіх калектываў. Асаблівая ўвага — забавам для дзяцей і падлеткаў.
Раней свае набыткі ўжо прэзентавалі творцы з Барысаўскага, Валожынскага, Лагойскага, Старадарожскага і іншых раёнаў Міншчыны. Мерапрыемствы праходзяць праз кожныя выхадныя і карыстаюцца вялікім попытам, прычым не толькі сярод беларусаў, але і сярод замежных гасцей. Марафон выстаў прадоўжыцца па 25 жніўня.