З ма­раю пра сту­дэн­цкі бі­лет

Апублiкавана: 08 жнiўня 2024 Стужка Харэаграфія Мінск Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Уступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі скончылася. Таленавітая моладзь з усёй краіны штурмавала Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Каб трапіць на большасць спецыяльнасцей у гэтую ўстанову, акрамя цэнтралізаванага экзамену неабходна здаць унутраныя творчыя іспыты. На выпрабаваннях пабывалі і карэспандэнты “К”.

Сюды паступаюць ці не самыя матываваныя маладзёны. Спецыфіка ўніверсітэта такая, што трапіць на навучанне без творчага бэкграўнду і пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі лічы немагчыма. Таму ледзь не кожны абітурыент тут ужо мае важкае партфоліа і немалы досвед у мастацтве, хаця б у самадзейнасці. 

НЕ СПЫНЯЦЦА НА ДАСЯГНУТЫМ 

Ля стэнда з інфармацыяй ад прыёмнай камісіі сустракаем брэстчанку Настассю Гаршэніну. Яна імкнецца паступіць на спецыяльнасць “Харэаграфічнае мастацтва” з прафілізацыяй па народным танцы. Дзяўчына прызнаецца, што да творчасці яе душа ляжыць з маленства. Азы спасцігала ў дзіцячай харэаграфічнай школе мастацтваў імя Пагодзіна ў родным горадзе, шмат выступала з ансамблем “Берасцяначка”. З такой базай юная артыстка пачуваецца ўпэўнена, аднак перад экзаменамі ўсё ж пайшла на падрыхтоўчыя курсы БДУКМ, каб на іспытах паказаць сябе ў найлепшай форме. З выбарам альма-матар марудзіць не давялося. Многія мараць пра Універсітэт культуры і мастацтваў праз багатыя магчымасці для самаразвіцця. 

Настассі падтакваюць абітурыенты спецыяльнасці “Рэжысура прадстаўленняў і свят” Леанід Несцяровіч і Павел Горскі. Абодва мяркуюць трапіць у групу будучых пастаноўшчыкаў сучасных відовішчаў. Хлопцы ўпэўненыя: усе неабходныя кампетэнцыі можна атрымаць у БДУКМ. 

Такой жа думкі трымаецца Сафія Мацэвіла з Нясвіжа. Як і многія прэтэндэнты на студэнцкі білет, на творчую сцяжыну яна ступіла з ранняга дзяцінства. Упершыню на сцэну выйшла ў тры гады. У школе мастацтваў прайшла навучанне адразу па двух кірунках — харэаграфія і цымбалы. Выпускніца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў ужо атрымала неблагую базу па народным танцы, аднак на здабытым вырашыла не спыняцца. З запалам Сафія расказвае, што марыць захоўваць і развіваць беларускую народную харэаграфію: традыцыі нельга забываць. 

ПАСТУПАЮЦЬ НАЙЛЕПШЫЯ 

Завітваем у аўдыторыю, дзе іспыт па акцёрскім майстэрстве здаюць абітурыенты спецыяльнасці “Рэжысура прадстаўленняў і свят”. Сёння ў гэтай галіне рыхтуюць адмыслоўцаў найвышэйшай кваліфікацыі выключна ў БДУКМ. Таму нядзіўна, што за студэнцкія месцы разгарнулася сур’ёзная барацьба. Індывідуальныя творчыя здольнасці прэтэндэнтаў ацэньвае прадстаўнічая камісія. Эксперты звяртаюць увагу не толькі на выканальніцкае майстэрства, але і на артыстычную смеласць, назіральнасць, тэмпераментнасць, пластычнасць. 

Першай у аўдыторыю заходзіць барысаўчанка Таццяна Сыцік. Дзяўчына адразу ўражвае прысутных эфектным вобразам. Яна ўпэўнена трымаецца перад камісіяй, не выдае хвалявання. За плячыма абітурыенткі багаты сцэнічны досвед, навучанне эстраднаму вакалу ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. У партфоліа — безліч дыпломаў з прэстыжных конкурсаў. Не без гонару Таццяна пералічвае дасягненні: прадстаўляла Беларусь на Дэльфійскіх гульнях, удзельнічала ў фестывалі “Беларусь — мая песня” ў Палацы Рэспублікі, здымалася ў тэлепраектах. Цяпер час спраўдзіць артыстызм. Урывак з прозы, верш, байка, песеннае папуры, усходні танец, эцюд... Амаль бездакорна. Камісія адзінагалосна ставіць дзявятку. 

Па дарозе ў наступную аўдыторыю абмяркоўваем уражанні з рэктарам. Наталля Карчэўская пацвярджае: “Да нас паступаюць найлепшыя. Сярод абітурыентаў нямала пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў”. Дарэчы, трыумфатары шэрагу аўтарытэтных спаборніцтваў маюць права на залічэнне ва ўніверсітэт без уступных іспытаў. 

ПАТРАБАВАЛЬНА І СПАГАДЛІВА 

Насуперак распаўсюджанаму ўяўленню, экспертныя камісіі ў творчай ВНУ зусім не зубастыя. Патрабавальныя — праўда. Аніводная недакладная нота ці няўдалае па не застануцца незаўважанымі. Аднак выкладчыкі зацікаўленыя найлепшым чынам раскрыць патэнцыял кожнага выступоўцы. Таму гучаць не толькі заўвагі. Куды болей карысных парад, тлумачэнняў. Нярэдка можна пачуць захопленыя каментарыі выкладчыкаў аб перавагах абітурыентаў. І кожнага ў класе сустракаюць сардэчна, з усмешкай. 

На вучэбныя падмосткі выходзіць чарговая прэтэндэнтка на месца ў групе рэжысёраў тэатральных праектаў. Відавочна хвалюецца. Дацэнт Канстанцін Міхаленка падрабязна апытвае дзяўчыну, а заадно супакойвае, не шкадуючы жартаў. Нязмушанасць і добразычлівасць камісіі дапамагае абітурыентцы крышку разняволіцца. Цяпер бабруйчанка Лізавета Манько ўпэўнена выконвае маналог Паўлінкі ды байку “Лебядзіная песня”, спявае “Па-над белым пухам вішняў” ды танцуе “Крыжачок” з хіп-хопам. Вынік — дзясятка па акцёрскім майстэрстве. Наперадзе чакае іспыт па рэжысуры.

Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА