Пра птушак і не толькі

Апублiкавана: 05 жнiўня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

На малой сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек з’явіўся новы бэбі-спектакль — “Ківі”, дзе дзятва месціцца на падушках у выглядзе каменьчыкаў. Але ж ён не пра ўсім вядомую заморскую садавіну, а пра птушку, у гонар якой тая і была названая.

Маленькае ківяня з Новай Зеландыі (а гэтыя птушкі жывуць толькі там) шукае сябе ў гэтым свеце, перажывае шмат прыгод: то ў ваду зваліцца, а плаваць не ўмее, то за матыльком хоча ўзляцець, ды не можа (птушкі ківі, як і тыя ж эму ці страўсы, не лётаюць), то ад пелікана хітрыкамі ратуецца, бо той да маленькіх птушак ахвочы. Назіраць за ўсім гэтым вельмі цікава. А можна і дапамагчы — да прыкладу, пакарміць таго ж пелікана: дзеці з вялікім задавальненнем бяруць з вядра рыбу і кладуць-кідаюць яе ў дзюбу — дакладней, у вялізны мех знізу. І бурна радуюцца, калі чуюць у адказ пеліканаву падзяку — штосьці накшталт глухога гы-гы. 

Дарэчы, усе птушыныя крыкі ідуць не ў запісе, а жыўцом: іх узнаўляюць самі артысты, што не толькі з птушкамі ўпраўляюцца, але і граюць ролю арнітолагаў. Прычым знаёмяцца яны з дзецьмі яшчэ да пачатку дзеі, тлумачаць, што будуць назіраць за птушкамі, вывучаць іх жыццё. Ёсць сярод тых “навукоўцаў” і камандзір экспедыцыі, які будзе шмат пра ўсіх птушак расказваць. Яго па чарзе граюць Уладзіслаў Соладаў, Ілья Соцікаў, Аляксей Сянчыла — і штораз гэта зусім іншы спектакль, бо апавядальны тон можа змяняцца і на прыўзнята- радасны, і на гуллівы, нават іранічна-жартоўны. 

Праз гэтыя аповеды пра дзіўных птушак спектакль набывае яркі асветніцкі характар. Бо, акрамя згаданых, тут з’яўляюцца і крыклівыя, апантана нахабныя чайкі, ад якіх бедны арнітолаг ніяк не можа адбіцца (маўляў, гэта самыя сацыяльныя птушкі), і альбатрос, кажан, каралеўская коўпіца, падобная да нашай чаплі. І пра кожны від распавядаюцца такія цікаўныя звесткі, што ўрокі біялогіі адпачываюць. Ці ведалі вы, напрыклад, што кажан можа з’есці за ноч ажно 6000 камароў? А той жа альбатрос — лунаць у паветры шэсць дзён запар, не ўзмахваючы крыламі? І нават спаць на лёце, абапіраючыся на патокі паветра, адбітыя ад хваль. Так што пастаноўка можа быць цікавая не толькі для маленькіх, але і для іх старэйшых сястрычак-братоў, школьнікаў, бацькоў — для ўсёй сям’і. 

“Ківі” можна ў поўным сэнсе назваць аўтарскім спектаклем: Яўген Карняг выступае тут і аўтарам, і рэжысёрам-пастаноўшчыкам, не скупіцца на тэатральныя цуды, здольныя ўразіць не толькі немаўлят. Чаго вартае хаця б дрэва, што ў фінале расцвітае на нашых вачах! Мастак Вольга Дваравая, якая выпускала таксама ранейшы карнягаўскі бэбі-спектакль “Матылькі”, стварае папраўдзе дзівоснае, прыцягальнае відовішча, яшчэ і вельмі атмасфернае, прасякнутае любоўю да прыроды і тонкім разуменнем дзіцячай псіхалогіі. Прыязны настрой забяспечвае і музыка Эрыка Хацяновіча — лёгкая, прыгожая, у такт вясёлым крокам. Бо ўвесь спектакль — яшчэ пара крокаў да спасціжэння тэатра і, праз яго, сусвету і сябе самога. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА