Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” скончыла здымкі карціны “Культурны код”. Стужка прысвечана дзяржаўным сімвалам нашай краіны.
Фільм пра герб, гімн і сцяг будзе нацэлены на маладую аўдыторыю — школьнікаў і студэнтаў. Таму і герояў выбіралі блізкіх гледачу. Дзейнымі асобамі стануць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ваня і Ліза, якія атрымліваюць няпростае заданне: зняць дыпломную кінакарціну аб сімвалах Сінявокай. Дзеля гэтага будучым выпускнікам давядзецца правесці сацыяльнае апытанне, пабываць у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, паўдзельнічаць у аўтапрабегу і акцыі “Спяваем гімн разам!”.
— Перада мной як перад творцам стаяла задача зрабіць нешта моладзевае, цікавае і эксперыментальнае, — распавядае рэжысёр-пастаноўшчык Кірыл Халецкі. — Фільм расказвае пра значэнне дзяржаўных сімвалаў і паралельна раскрывае ўзаемаадносіны маладых людзей, якія спрабуюць спазнаць сябе і знайсці ўласны жыццёвы шлях. Для мяне было важна не сысці ў сухое апавяданне, таму мы ўвялі ігравы сюжэт з захапляльнымі сцэнамі, што ў той жа час нясуць важны патрыятычны пасыл. Карціна, думаю, прыцягне ўвагу мэтавай аўдыторыі за кошт сваёй яркасці, дынамічнасці. Такога эфекту дасягнём у тым ліку дзякуючы музыцы і мантажу.
“Культурны код” асвятляе сур’ёзную тэму. Разумець значэнне дзяржаўнай сімволікі надзвычай важна чалавеку для фарміравання трывалай грамадзянскай самасвядомасці. Па словах творцы, неабходна размаўляць пра гэта з маладым пакаленнем шчыра, грунтуючыся на асабістым вопыце.
— Рэжысёр заўсёды здымае пра сябе. У гэтай карціне я разважаю пра тое, што хвалюе мяне самога. Таму Ваня і Ліза прадстаўлены ў вобразе студэнтаў, якія стаяць на парозе вялікага жыцця. Яны яшчэ не да канца ўсведамляюць, кім хочуць стаць і якім чынам ім самарэалізавацца. У канцы яны знаходзяць адказы на гэтыя пытанні і прыходзяць да разумення, чым могуць быць карысныя Беларусі. У стужцы таксама будуць развагі і на іншыя тэмы, актуальныя для маладых людзей, — кажа Кірыл Халецкі.
У дакументальных устаўках выкарыстаны не толькі інтэрв’ю экспертаў. У кадры з’явяцца звычайныя беларусы. Элемент сацыяльнага апытання ўведзены нездарма: рэжысёру было важна ведаць шчырае меркаванне суайчыннікаў.
— Цікава пачуць развагі мінакоў на вуліцы. Часам іх выказванні здзіўлялі, часам — весялілі. Не кожны можа адразу даць выразны адказ на пытанне “Для чаго патрэбны краіне герб?”, пачынаеш задумвацца, — дадае рэжысёр.
Сцэнарый праекта перажыў некалькі перапрацовак. Менавіта ў канчатковым варыянце аўтар паглыбіў сюжэтную лінію і насыціў яе актуальнымі тэмамі. Так месца ў кадры атрымала галоўная гераіня.
Вобраз Лізы ўвасобіць выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Дар’я Лазарчык. Для дзяўчыны гэта першая галоўная роля і першае супрацоўніцтва з Кірылам Халецкім. Чаго не сказаць пра Уладзіслава Соладава, які ўжо паспеў пасябраваць з рэжысёрам падчас здымак карціны “Кіношнікі”.
— Я з радасцю прыняў прапанову. Мне імпануе атмасфера на пляцоўцы, падыход рэжысёра, яго адказнасць. Ужо падчас здымак зразумела, якім будзе вынік. Гэта выклікае давер. Як акцёру мне крыху складана працаваць у гэтым праекце, таму што за 26 хвілін раскрыць характар персанажа няпроста. Але дзякуючы якаснаму сцэнарыю і ўстаноўкам рэжысёра цікавасць перамагае, — кажа артыст Уладзіслаў Соладаў.
— Вельмі рады, што “Беларусьфільм” уносіць сваю лепту ў ідэалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення, і ганаруся, што гэта робіць маладая каманда. Даўно вядомы прынцып “роўны навучае роўнага”. Вось і тут рэжысёр і акцёры ў зразумелай форме данясуць равеснікам важную інфармацыю. Лічу, што фільм варта выкарыстоўваць на класных гадзінах ва ўсіх навучальных установах, — мяркуе генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Юрый Аляксей.
Прэм’ера карціны “Культурны код” запланавана да Дня народнага адзінства — 5 верасня. Стужку таксама прадэманструюць ва ўстановах сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры