“Славянскі базар у Віцебску” даўно стаў адным з самых яркіх брэндаў Беларусі. З кожным годам фестываль набірае абароты, і штосьці на ім адбываецца ўпершыню. Сёлета такіх навінак — больш, чым калі. Сярод самых значных — Дзень нацыянальных культур краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Але былі і іншыя “дэбюты”.
Так, упершыню сярод краін — удзельніц фестывалю з’явілася ЮАР. Яе прадстаўнік Тамсанка Мбата паспяхова выступіў на конкурсе — заваяваў прыз імя Уладзіміра Мулявіна, — хаця дабіраўся да нас ажно чатыры дні.
Дні Саюзнай дзяржавы ўпершыню ўключалі праекты для дзяцей. Такім падарункам для юнай аўдыторыі стаў расійскі мюзікл “Казка пра цара Салтана”, прызначаны для сямейнага прагляду. Музыку напісаў 98-гадовы народны артыст Расіі Аляксандр Зацэпін, і перад пачаткам спектакля міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч уручыў яму нагрудны знак “За ўклад у развіццё беларускай культуры”.
Упершыню да тэатральнай і опернай дадалася яшчэ інструментальная лабараторыя для выканаўцаў на домры і балалайцы. Праводзілі яе педагогі Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Мікіта Говараў і дацэнт Кацярына Мячэціна.
— Заявак было так многа, што давялося абіраць лепшых з лепшых — найперш лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, — расказала каардынатар праекта “Адукацыйныя лабараторыі”, магістр педагагічных навук у галіне музычнай адукацыі Алена Лаўрэнава. — Майстар-класы ладзілі ў індывідуальным парадку, вялася праца над творамі, якія падрыхтавалі самі ўдзельнікі з Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Мінска.
Падчас канцэрта
На занятках увага звярталася не проста на тэхнічныя складанасці, а найперш на выразнасць фразіроўкі, якасць гуку. У выніку — падзякі і імправізаваны канцэрт удзельнікаў лабараторыі на сцэне Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага. Асабліва ўразіла ігра балалаечнікаў Анатоля Праходскага і Лізаветы Яўтушык з каледжа імя М. Глінкі, якія выступілі і сольна, і зладжаным дуэтам. Яно і зразумела: увесну абое сталі лаўрэатамі Х Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча.
Упершыню на “Славянскім базары ў Віцебску” месцы Летняга амфітэатра абсталявалі свяцільнікамі, што запальваліся рознымі колерамі. Прадстаўленне ўдзельнікаў дарослага конкурсу ўпершыню давалася ў выглядзе рэпа. Гэтак жа ўпершыню пасля выступлення з аркестрам маладыя выканаўцы спявалі яшчэ па куплеце абранага для іх савецкага хіта разам з аркестрам і гледачамі. На сцэне Амфітэатра ўпершыню праходзіла лёсаванне дзіцячага конкурсу, стаўшы часткай канцэрта “Госці з будучыні”.
Ды і самае першае фестывальнае мерапрыемства, што звычайна адбываецца задоўга да афіцыйнага адкрыцця свята, упершыню ладзілася не ў Віцебску, а ў Мінску: 5 ліпеня прайшла творчая сустрэча з членам журы дзіцячага конкурсу Пілар Лейва (Калумбія — ЗША). Размова на тэму “Рэінжынерынг піяністычнага апарату” адбылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пілар правяла майстар-класы і сустрэлася з рэктарам ВНУ Аленай Куракінай, прапанаваўшы далейшае супрацоўніцтва.
У галіне акадэмічнай музыкі грыфам “упершыню” пазіцыянаваўся канцэрт “Навейшая расійская харавая музыка”, дзе хор злучаўся з домрай: такія творы спецыяльна замаўляліся Аляксандру Чайкоўскаму, Яфіму Падгайцу, Кузьме Бадрову, які, да ўсяго, напісаў партытуру на тэму нашай “Купалінкі”.
Праект “Тэатральныя сустрэчы” ўпершыню пачынаўся з беларускай прэм’еры — спектакля “Гамлет” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. І ўпершыню быў складзены з рэпертуарных спектакляў-старажылаў, што атрымалі безліч праглядаў жыўцом і ў запісе ў інтэрнэце. Ансамбль “Расія” імя Людмілы Зыкінай спецыяльна да фестывалю аднавіў прысвечанае спявачцы тэатральна-музычнае шоу, пастаўленае ў 2017-м: сёлета споўнілася 95 гадоў з дня яе народзінаў і 15 — з дня смерці. Сярод раскручаных гасцявых спектакляў вылучалася пастаноўка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы “А зоры тут ціхія”, ажыццёўленая ў гэтым сезоне.
На “Лялечным квартале” ўпершыню з’явілася спецыяльная прастора для акрэдытаваных удзельнікаў фэсту, дзе вялася прамая трансляцыя са сцэны. Бо зала тэатра традыцыйна не ўмяшчае ўсіх ахвочых наведаць спектаклі гэтага выбітнага праекта.
Фестываль вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” упершыню ўтрымліваў не толькі новы кірунак — самба-фэст, — але і спектакль, створаны дзякуючы гранту Прэзідэнта Беларусі ў сферы культуры. Музычны “Трохвугольнік надзеі” распавядае пра тое, як студэнты на вакацыях падарожнічаюць у вёску і знаходзяць франтавыя лісты. Пачынаюць іх чытаць — і ваенныя падзеі “ажываюць”. Напісаў і паставіў п’есу рэжысёр, дацэнт БДУКМ Аляксандр Вавілаў разам са сваімі студэнтамі. Прэм’ера была 30 мая ў Мінску, другі паказ гэтага ўнікальнага праекта адбыўся на “Славянскім базары ў Віцебску”.
Увогуле ўпершыню ў фестывальнай гісторыі было так многа вулічных і бясплатных для гледачоў праектаў менавіта патрыятычнай тэматыкі. Вядома, шмат рыхтавалася да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Віцебску ж гэты юбілей супаў з 1050-годдзем горада. І сярод паўтара дзясятка разнастайных выстаў увагу прыцягвалі не толькі музейныя, але і тыя, што змянялі наваколле. Побач з краязнаўчым музеем змясцілі фотаэкспазіцыю “Вызваленне. Шлях да Перамогі”. На мосце 1000-годдзя Віцебска з аднаго боку — гісторыя горада, з другога — асобы, што яго ўславілі: мастакі Марк Шагал, Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Юдаль Пэн, навукоўцы Жарэс Алфёраў, Барыс Каган, Веніямін Цукерман, Міхаіл Бахцін, Іван Салярцінскі. А вось Лазар Лагін, які напісаў “Старога Хатабыча” (помнік усталяваны ля Віцебскага тэатра “Лялька”), кампазітар Марк Фрадкін, кінааператары і рэжысёры Уладзімір Рапапорт, Барыс Волчак, акцёр Мікалай Яроменка — малодшы...
Шэсце ў рамках Дзён моладзі
Упершыню да фестывальных пляцовак далучылася “малая піраміда”: у бізнес-цэнтры “Марка-сіці” разгарнулася творчая прастора камбіната мастацтваў ArtROOF. Лічбы ў назве віцебскіх мастакоў “974” — акурат той год, калі горад упершыню згадваецца ў летапісе. Аўтар і куратар выставы — мастак Мікіта Яфіменка. На некалькіх паверхах размешчаны экраны — віртуальную экскурсію праводзіць старшы навуковы супрацоўнік Музея Шагала Алена Ге. Ва ўсіх працах, уключаючы залу дзіцячых, — сваё бачанне Віцебска. Вылучаецца і лінія працягу супрэматычных традыцый. Той жа Аляксандр Малей, чыё прозвішча нагадвае Малевіча, прапанаваў шэраг прасторавых прац з рознакаляровымі геаметрычнымі фігурамі. Універсальным, уласцівым усяму фестывалю падаўся негалосны прынцып выставы: кожнаму — свая ніша. Бо ён акцэнтуе разнастайнасць, індывідуальнасць, а зусім не спаборніцкі аспект.
Дарэчы, варта адзначыць: Віцебскі фэст пачынаўся калісьці менавіта з конкурсу маладых выканаўцаў. Тое творчае спаборніцтва і дагэтуль застаецца вельмі важным, хаця з цягам часу да яго далучыліся шматлікія іншыя, асабліва ў сферы рамесніцтва. Тым не менш штогод усе сочаць, хто ж пераможа ў двух песенна-вакальных конкурсах з аднолькавай назвай — “Віцебск”. У абодвух, дарослым і дзіцячым, беларускія ўдзельнікі заваявалі трэцюю прэмію — добры вынік. Але ж конкурсныя праслухоўванні навялі на роздум пра шляхі развіцця эстраднага мастацтва.
ХХІІ Міжнародны дзіцячы музычны конкурс меў непараўнальна больш высокі прафесійны ўзровень, чым ХХХІІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні, дзе ўзрост удзельнікаў — ад 18 да 31 года. Прасачыць гэта можна было нават па колькасці балаў, выстаўленых пераможцам: сярод дзяцей-лаўрэатаў — ад 139 да 136 са 140 магчымых, сярод дарослых — ад 133 да 128. Рознай была і складанасць твораў. Дзеці паспяхова выконвалі сусветныя хіты, шчодра аздабляючы іх дадатковымі віртуозна-джазавымі кадэнцыямі. Сярод дарослых на штосьці падобнае вырашыліся хіба дзве дзяўчыны.
І вось што назіраецца не ўпершыню: дзеці спяваюць усё лепей, часцяком пераўзыходзяць дарослых. Уплывае і добрая падрыхтоўка ў сферы эстраднага вакалу, што вядзецца з юнага ўзросту, і зацікаўленасць бацькоў з педагогамі. Яшчэ некалькі гадоў таму вялікую ролю тут адыгрывала менавіта вакальная школа, а сёння, калі яе атрымліваюць практычна ўсе, на першы план стала выходзіць прыгажосць голасу, індывідуальнасць тэмбравых фарбаў. І хаця падлеткавая мутацыя ўносіць свае карэктывы, разлік на добрыя прыродныя дадзеныя, якія падмацоўваюць школа і развіццё творчай індывідуальнасці, варта лічыць правільным. Але, відаць, у тым і справа, што, у адрозненне ад дзяцей, дарослыя за далейшае ўдасканаленне сваёй творчай асобы адказваюць самастойна. І... не заўжды з гэтым спраўляюцца. Невыпадкова на прэс-канферэнцыі з членамі журы размова ішла пра далейшы творчы шлях пераможцаў і пра тое, што ніякая прэмія не гарантуе канчатковае вырошчванне зоркі: працаваць спеваку для гэтага давядзецца ўсё жыццё.
Беларуска Злата Ярашэвіч (злева) стала лаўрэатам III прэміі
Гран-пры дзіцячага конкурсу паехаў ва Узбекістан, дарослага — у Малдову. А што беларусы? Чатырнаццацігадовая Злата Ярашэвіч скарыла ажно дзвюма выбітнымі кадэнцыямі ў песні “Сонца Беларусі” Святланы Стацэнка на словы Ганны Сялук. А вось першая кампазіцыя па выбары ўдзельніка — “Golden slumbers” з рэпертуару “Бітлз” — не раскрыла ў поўнай меры творчы патэнцыял дзяўчынкі. Дваццацігадовы Валерый Чучман патрапіў на конкурс у апошні момант, замяніўшы захварэлую Аляксандру Носаль, якая перамагла ў адборачным туры ў сакавіку. Але ён годна вытрымаў выпрабаванне з песнямі “Купала — зорка Беларусі” Валерыя Шмата і “Caruso” Луча Дала.
Беларус Валерый Чучман заваяваў дыплом III ступені
Пры ўсёй значнасці вакальных конкурсаў “Славянскага базару…” усё ж важны складнік не спаборніцтвы, а… лета!
Так-так, летні фестываль — гэта не толькі час правядзення, але і прызначэнне. Пра яго сведчаць і шматлікія вулічныя імпрэзы, якіх становіцца ўсё болей (летнія фэсты па ўсім свеце ўключаюць open air), і асветніцкі складнік (буйныя міжнародныя майстар-класы ладзяцца звычайна ўлетку, каб не перашкаджаць вучобе ці працы), і спалучэнне забаўляльнасці з глыбокім сэнсам, класікі — з эксперыментальнасцю, маса-васці — з элітарнасцю. Бо адпачынак можа быць не менш карысным, чым напружаная праца, а набыццё ўражанняў і ведаў не менш радасным, чым адпачынак.
Надзея БУНЦЭВІЧ