Больш за сотню жывапісных палотнаў і акварэляў Міколы Бушчыка дэманструецца на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Назва рэтраспектывы — “Жарсць колеру” — трапна адлюстроўвае галоўную адметнасць манеры аўтара. Творца з выдатнай акадэмічнай базай зрабіўся мэтрам абстракцыі, чыёй візітоўкай лічыцца віртуознае дырыжыраванне колерам.
Мікола Бушчык напаўжартам кажа, маўляў, выстава ў Нацыянальным мастацкім — першая, якую не давялося рабіць самому. Творца даў поўную свабоду куратаркам Ганне Кузняцовай і Юліі Лісай. Абедзве прызнаюцца, што закахаліся ў работы Бушчыка з першага позірку.
З музейных збораў і прыватнай калекцыі майстра яны рупна адабралі каля 40 палотнаў, што адлюстроўваюць розныя перыяды станаўлення жывапісца і ягоныя пошукі арыгінальнага почырку. Сярод этапных — маштабная “Айчына”, датаваная 1979-м. Гэтай глыбока архетыпічнай карцінай пазначаны пераход аўтара да абстракцыі. Менавіта такая форма дазволіла стаць вольным у самавыяўленні. Асобную залу занялі акварэлі. Гэта ці не самы маштабны паказ за апошнія дзесяцігоддзі: увазе гледачоў прапануюць больш за 60 прац.
Як адзначыла на вернісажы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Вікторыя Кузьміна, творчасць Міколы Бушчыка ўжо стала нацыянальным здабыткам. І ў гэтых словах няма перабольшання. Шукаючы ўласную манеру, творца прычыніўся да адкрыцця новай мовы ў беларускім жывапісе.
На пачатку кар’еры ён крочыў у агульным рэчышчы, але неўзабаве ад апавядальнасці перайшоў да вобразнасці. У пераломную эпоху Бушчык аказаўся сярод тых, хто выпрацоўваў альтэрнатыву сацыялістычнаму рэалізму і імкнуўся да недаступнай раней метафарычнасці ды экспрэсіўнасці. Разам з Анатолем Кузняцовым, Міхаілам Барздыкам і Кірылам Зеляным у 1979 годзе заснаваў суполку “БУКУБ”. Пазней стаў удзельнікам легендарнай “Нямігі-17”. Такім чынам Мікалай Уладзіміравіч упісаў сваё імя ў гісторыю айчыннага авангарду.
Паэзія — голас Бога, музыка — слых Бога, а жывапіс — Яго вочы. Так тлумачыць сутнасць выяўленчага мастацтва Мікола Бушчык. Нездарма лейтматывам творчасці ён абраў радасць і любоў. Гэтымі светлымі пачуццямі струменіцца літаральна кожнае палатно майстра. І дамагчыся такога эфекту дапамагае галоўны інструмент — колер. Дзесьці ён мяккі і лагодны, дзесьці — палымяны і пякучы. Ён то пераліваецца ціхімі хвалямі, то выбухае яркай плямай.
— Мы прызвычаіліся думаць, што айчынны жывапіс тонкі лірычны, будуецца на паўтонах і туманах. Аднак дзякуючы палотнам Міколы Бушчыка мы разумеем, што Беларусь можа гарэць — сонцам, шчасцем, хараством, — заўважыла мастацтвазнаўца, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч.
Знакавай падзеяй у творчай біяграфіі Міколы Бушчыка стала знаёмства з латвійскім мастаком Антонсам Мегнісам. Гэтая сустрэча дапамагла Мікалаю Уладзіміравічу пераасэнсаваць існасць акварэлі і перайсці да эксперыментаў у гэтай тэхніцы, якую ён называе жывапісам душы.
У акварэльных краявідах — а мастацтвазнаўцы па светланоснасці параўноўваюць з вітражамі — аўтар балансуе паміж рэалізмам і абстракцыяй. Ён не капіруе натуру, а нібы занатоўвае ў фарбах уражанні ад сузірання даляглядаў. Мастаком кіруе жаданне зберагчы свежасць успрымання, эмоцыі першага ўяўлення. Воляй жывапісца фрагменты наваколля становяцца амаль беспрадметнай кампазіцыяй. Аднак у спрошчаных формах па-ранейшаму пазнаюцца велічныя дрэвы, палі і рэкі, архітэктурныя шэдэўры і сціплыя хаціны, самотныя чалавечыя постаці.
Па акварэльных цыклах можна прасачыць шырокую геаграфію мастакоўскіх вандровак. Балгарыя, Літва, Чэхія, Нідэрланды — дзе толькі не праходзілі шляхі майстра. На аркушах ззяюць велічныя саборы еўрапейскіх сталіц ды зацішныя вулкі балканскіх селішчаў. Але з найбольшай пяшчотай Мікалай Бушчык малюе Беларусь, асабліва сваю малую радзіму. “Вёска маёй душы” — называе аўтар Дзераўную на Слонімшчыне, адкуль пайшла яго сцяжына ў вялікі свет. Дарэчы, амаль дзесяцігоддзе таму майстар пакінуў сталіцу — вярнуўся жыць і працаваць у бацькоўскі куток.
Данііл ШЭЙКА
Фота аўтара