У Міністэрстве культуры прайшло пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, на якім было ўхвалена ўключэнне абрадаў і звычаяў свята Пятрок у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Нядзіўна, што гэтае свята займае важнае месца як у царкоўным, так і ў народным абрадавым календары. Апосталы Пётр і Павел у адпаведнасці з евангельскай традыцыяй лічацца аднымі з найбліжэйшых вучняў Хрыста, прапаведнікамі хрысціянства і заснавальнікамі царквы. Каталіцкі касцёл, да таго ж, называе Пятра першым Папам Рымскім. Святыя былі закатаваны за пропаведзь веры і заўсёды вельмі шанаваліся прадстаўнікамі абедзвюх канфесій.
На пасяджэнні рады загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любанскага раённага цэнтра культуры і кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” Сяргей Выскварка падкрэсліў, што абрад “Пятрок” — рэдкая з’ява ў нематэрыяльнай культуры Беларусі. Аб звычаі, на жаль, захавалася небагата звестак. Пятроўскія абрады, пашыраныя ў нашай краіне, так цесна спалучыліся з блізкімі да іх па календары купальскімі, што выдзеліць іх як асобныя бывае дастаткова цяжка. Але менавіта для Любаншчыны не характэрнае якраз святкаванне Купалля. Тут зафіксавана толькі некалькі купальскіх песень, затое шырока спраўляюцца Тройца і Русальны тыдзень.

У 1985-м даследчыца фальклору Галіна Барташэвіч, якая налета стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, запісала на Любаншчыне некалькі фрагментаў пятроўскіх песень ад жанчыны 1896 года нараджэння. У выніку далейшага збору звестак высветлілася, што цэнтрам пятроўскіх абрадаў у гэтых мясцінах была вёска Шыпілавічы, дзе знаходзілася царква, разбураная ў міжваенны час. Важным элементам святкавання лічылася прыгатаванне і супольнае спажыванне рыбнай поліўкі, што, магчыма, тлумачыцца родам заняткаў Святога Пятра: да таго як зрабіцца апосталам, ён, як вядома з Евангелляў, быў рыбаком. Для агульнай юшкі кожны прыносіў нешта з неабходных інгрэдыентаў.
Пятроўскія абрады на Любаншчыне, што лічыліся страчанымі, былі па фрагментах адноўлены. Даследчыкі і энтузіясты ў працэсе рэканструкцыі кансультаваліся з мясцовымі носьбітамі. Адроджанае свята ўпершыню адзначылі ў 2007-м, і з таго часу ў ім удзельнічаюць некалькі фальклорных гуртоў з Любані і навакольных вёсак. Амаль штогод каля дзвюх соцень чалавек далучаецца да пятроўскіх абрадаў у Шыпілавічах. У самім жа паселішчы сёння жыве каля 300 чалавек.
Зранку дзяўчаты збіраюцца на месцы, дзе калісьці стаяла царква, і плятуць вянкі з кветак, якія растуць там на пагорку. У Шыпілавічах ёсць некалькі дубоў — ля аднаго з іх удзельніцы святкавання водзяць карагод. Пасля гэтага ладзяцца малебен ля прыдарожнага крыжа, арганізоўваецца кірмаш з канцэртам. Пазней дзяўчаты ў народных строях разбрыдаюцца па вёсцы з пятроўскімі песнямі, каб запрасіць на гулянне людзей, якія яшчэ дома.
Увечары карагоды, дзявочы і жаночы, ідуць рознымі вуліцамі і сустракаюцца на скрыжаванні, дзе адбываецца імправізаванае вітанне. На лузе распальваюць два вогнішчы: на адным вараць юшку, а другое — абрадавае, вакол яго танчаць. Тут можна пачуць і замову на добры ўраджай — яе агучваюць 12 жанчын, якія, стоячы кругом вогнішча, сыплюць у яго па жмені солі. Пасля гэтага кабеты прымаюць у свой гурт дзяўчат, якія сёлета выйдуць замуж ці ўжо могуць быць сасватаны. Яны становяцца адна за адной, а жанчыны абыходзяць іх “змейкай” з пятроўскай песняй, узяўшыся за рукі, і застаюцца ля вогнішча. Дзяўчаты ж у сваю чаргу водзяць вакол старэйшых карагод.
Яшчэ адна цікавая з’ява — знішчэнне шапак. У гэты дзень мужчыны папросту не насілі галаўных убораў, бо дзяўчаты маглі напасці і спаліць альбо ўтапіць адабраную шапку. Цяпер традыцыя, вядома, трансфармавалася ў забаву для моладзі, каб ніхто не крыўдаваў: хлопцы самі знарок робяць з газет па некалькі ўбораў, якія дзяўчаты з задавальненнем зрываюць і кідаюць у вогнішча. Святкаванне завяршаецца позна ўночы танцамі.

Абрады і звычаі свята Пятрок у Шыпілавічах сёння захоўваюцца дзякуючы штогадоваму фэсту “Пятровіца”, які ладзіцца агульнымі намаганнямі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і раённага аддзела культуры ды збірае гасцей з усёй Беларусі. У межах імпрэзы працуе танцавальная школа, праходзяць майстар-класы па народных спевах, вырабе любанскіх паясоў і выцінаных ручнікоў, выпяканні хлеба, жніўных практыках, зборы саломкі для стварэння калядных павукоў, выкарыстанні і доглядзе кос, нашэнні традыцыйных строяў, у тым ліку намітак ды паясоў. Дзякуючы супольным намаганням мясцовых жыхароў і неабыякавых энтузіястаў з усёй краіны старадаўні звычай зберагаецца і яднае ўсё новых і новых прыхільнікаў народнай культуры.
Антон РУДАК
Фота з сайта "Пятровіцы"