Ніколі не забудзем

Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х. Каладзеева рэалізуе маштабны грамадзянскапатрыятычны праект “Няхай памятаюць жывыя, няхай ведаюць нашчадкі”. У яго ўцягнуты тысячы жыхароў рэгіёна і гарадоў-пабрацімаў.

ДУХОЎНЫ СТРЫЖАНЬ 

Калі барысаўская дзесяцікласніца Маргарыта Палубінская прачытала сваёй прабабулі Еўдакіі Якаўлеўне Зязюлькінай уласны верш “Спадчына”, тая расчулілася да слёз. 101-гадовая жанчына ўспомніла юнацтва, вогненныя дарогі вайны, баявых таварышаў. Усё тое, што давялося перажыць, каб зараз яе любімая праўнучка і мільёны іншых беларусаў жылі пад спакойным небам. 

Твор юнай паэткі — аб вялікай спадчыне, якая дасталася нам ад дзядоў і прадзедаў. Аб тым, што свет надзвычай крохкі. Так важна рабіць усё магчымае, каб яго зберагчы! Натхнілася дзяўчына вандроўкамі з бацькамі па Беларусі, падчас якіх яны абавязкова наведваюць памятныя мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Учытваюцца ў выбітыя на камянях прозвішчы загінулых герояў. Смуткуюць. Дзякуюць. Кветкі да падножжа абеліскаў — толькі крыха гэтай падзякі. 

Маргарыта Палубінская: "Толькі ставячыся да гісторыі Радзімы з найглыбейшай павагай, мы будзем упэўненыя ў сваёй будучыні"

— Свой твор Маргарыта прадставіла на раённы конкурс вершаў пра вайну, які наша бібліятэка арганізавала сумесна з упраўленнем па адукацыі Барысаўскага райвыканкама пры падтрымцы аддзела культуры. Праца была адзначана спецыяльным прызам і ўвойдзе ў новы зборнік мясцовых аўтараў, — расказала кіраўніца літаратурнага аб’яднання “Натхненне” Алена Брыцкая. 

“МОЖАМ І ПАВІННЫ” 

Конкурс вершаў — адна з частак праекта, які аб’яднаў дарослых, моладзь і дзяцей. Ён уключае навукова-даследчую і публікацыйную дзейнасць, навукова-фондавую работу, шматлікія культурна-асветніцкія мерапрыемствы. 

— Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне насельніцтва, асабліва моладзі, сёння мае немалаважнае значэнне нароўні з іншымі стратэгічнымі мэтамі дзяржавы. І ў сістэме сацыяльных інстытутаў, якія ім займаюцца, бібліятэцы належыць асаблівая роля, — упэўнена кіраўніца праекта, дырэктар установы Алена Капыток. — Доўг бібліятэчных работнікаў — перадаваць маладому пакаленню памяць аб незгасальным подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, развіваць пачуццё гонару за Радзіму і народ, які перамог фашызм. Нашы інструменты ў гэтым — кніга, чытанне і творчасць. 

Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х. Каладзеева

Паводле слоў куратара праекта, галоўнага бібліятэкара аддзела бібліятэчнага маркетынгу Алены Скарыны, работа па патрыятычным выхаванні на прыкладзе подзвігу беларускага народа ў гады вайны актывізавана ва ўсіх 29 бібліятэках сеткі. 

— Мы не можам павярнуць час назад, каб спыніць тое вар’яцтва, якое рабілася ў гады Вялікай Айчыннай. Але мы можам не забываць пра гэта. Можам і павінны. Так будзе правільна. Сумленна, — лічыць Алена Скарына. 

УНІКАЛЬНЫ КОНКУРС 

Больш за дзве з паловай тысячы чалавек ужо наведалі выставу работ удзельнікаў адкрытага міжнароднага дзіцяча-юнацкага конкурсу плакатаў-матыватараў “Великим огненным годам святую память сохраняя”. Аўтары — навучэнцы з Барысаўскага раёна і расійскіх гарадоў Ялец і Арцём. Усяго на суд журы быў прадстаўлены 121 плакат. 

— Многія звярнуліся да тэмы генацыду савецкага народа ў гады вайны. У плакатах — неверагодны боль і заклік: “Такое не павінна паўтарыцца!”. Наведвальнікі выставы застаюцца пад вялікім уражаннем: нягледзячы на трагізм падзей, адлюстраваны ў дзіцячых работах, у іх — вялізная надзея на мірную будучыню, — дзеліцца загадчыца аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Таццяна Кірылава. 

ІСЦІНА ЯК ПАДМУРАК 

Супрацоўнікі краязнаўчага цэнтра вучоны сакратар Інэса Карпава і археограф Аляксандр Балябін вядуць актыўную даследчую работу па выяўленні і зборы дакументаў, якія дапамогуць захаваць памяць аб подзвігу тых, хто выратаваў свет ад фашызму, і аб ахвярах генацыду. Асаблівая ўвага — сямейным архівам. Дакументы будуць алічбаваныя для выкарыстання ў інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці. Спецыялісты аказваюць практычную пошукавую дапамогу жыхарам рэгіёна ў высвятленні лёсу родных і блізкіх людзей, якія не вярнуліся з франтоў. Працягваецца праца з тэматычнымі інтэрнэт-рэсурсамі “Памяць народа”, “Партызаны Беларусі” па выяўленні раней не вядомых фактаў. 

На сайце ўстановы ўжо прадстаўлены новы электронны рэсурс “Камандзіры воінскіх часцей і злучэнняў, удастоеных ганаровага наймення «Барысаўскія»”. А фонд бібліятэкі ў перспектыве можа папоўніцца навінкамі: кнігай “Ганаровыя грамадзяне Барысаўскага раёна” і перавыдадзеным даведнікам па вуліцах Барысава. Дапаўняецца матэрыяламі і фактаграфічная электронная база даных “Вёскі Барысаўшчыны, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. 

— Мы імкнёмся, каб атрыманыя гістарычныя і краязнаўчыя звесткі сталі даступныя як мага большай колькасці людзей, — кажа Аляксандр Балябін. — Адзін са спосабаў — правядзенне круглых сталоў. Барысаў памятае! 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Паўла Алейніка і Анастасіі Новік