Нешараговыя “Радавыя”

Апублiкавана: 27 лiпеня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Патрыятычных спектакляў становіцца ўсё больш: у Тэатры-студыі кінаакцёра з’явіліся “Радавыя” Аляксея Дударава ў рэжысёрскім прачытанні мастацкага кіраўніка калектыву, народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава. 

П’есе спаўняецца 40 гадоў. А колькасць яе пастановак ужо адразу пасля напісання пераваліла за сотню. На сёння гэта сапраўдная класіка, што з часам не толькі не страчвае сваёй актуальнасці, а яшчэ і пашырае яе. У цэнтры — найперш простыя людзі з няпростымі лёсамі — радавыя, якія вынеслі вайну на сваіх плячах.

 

П’еса мае дзве рэдакцыі. Адна з іх жанрава пазначана як балада. Другая, што ставілася ў тагачасным Ленінградзе Георгіем Таўстаногавым, — як драма. Скарыстаўшы абедзве, Яфрэмаў зрабіў сваю і акрэсліў спектакль як гістарычную драму. А ў інтэрв’ю неаднойчы дадаваў, што арыентаваўся на антычныя трагедыі таго ж Сафокла, Еўрыпіда. Слушная ідэя! Бо ваенная праблематыка матэрыялу, заснаваная на ўспамінах бацькі драматурга пра сваіх аднапалчан, і сапраўды выведзена на высокі філасофскі ўзровень. Пазбаўленая ўсялякага пафасу, п’еса закранае вельмі многа вечных пытанняў, на якія няма прамых адназначных адказаў, бо роздум над імі, асэнсаванне, эмацыйнае пражыванне каштуюць большага. 

Праца з тэкстам была праведзена вялізная і вельмі скрупулёзная: рэжысёр спалучае літаральна фразу за фразай то з адной рэдакцыі, то з другой. Не баіцца вострых вуглоў. У выніку на першы план выходзяць тыя дэталі, што раней маглі заставацца ў цені. 

Кінакадры з выявамі баёў не столькі пашыраюць сцэнічную прастору, колькі падзяляюць яе на знешнія падзеі, што адбываюцца навокал, і ўнутраныя, што застаюцца ў душы. Атрымліваецца нечаканае спалучэнне эпічнасці і камернасці. Апошняй крыху замінае пэўная патэтыка ў маўленні асобных персанажаў, бо п’еса якраз пазбаўлена гэтай рысы. Сцэнічнае вырашэнне многіх дыялогаў даволі статычнае: героі размаўляюць, стоячы адно насупраць аднаго. Падобная статыка, памножаная на патэтыку, адпавядае тэатру антычнасці, ды не стасуецца з рэалістычнымі карцінамі бітваў на экране. Затое поўны месяц, вельмі падобны да выявы нашай планеты з космасу, набывае сімвалічнае значэнне. Музыка Леаніда Шырына ўтрымлівае некалькі кантрасных фрагментаў, што чаргуюцца ў адпаведнасці са сцэнічнай сітуацыяй: песенны адпавядае тэме кахання, блізкі фальклорнаму — тэме роднай зямлі, харальны ў духу старадаўніх песняспеваў, бо ідзе на фоне касцёла, — тэме вечнасці.

 

Сярод акцёрскіх прац вылучу найперш Анатоля Голуба. Ягоны Дзерваед становіцца ўвасабленнем народнай мудрасці, сумлення, спагады і рэальна ўзрастае да лепшых праяў вобраза беларускага селяніна. Дзьмухавец — яркая акцёрская праца сёлетняга выпускніка Акадэміі мастацтваў Уладзіслава Яновіча. У ролі Жанчыны, што выйшла з нямецкага палону звар’яцелай, нечакана паўстае заслужаная артыстка Беларусі Валерыя Арланава. Відавочна, што кожны, хто спрычыніўся да пастаноўкі, уключаючы мастакоў Ігара Хруцкага і Ніну Гурло, уклалі ў спектакль душу.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА