Летапіс няскоранага краю

Апублiкавана: 31 лiпеня 2024 Стужка Музеі Гомель і вобласць 80 мірных гадоў

Аўтар: Аўтары

Яшчэ да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў народныя мсціўцы выгналі ворага з некаторых раёнаў рэспублікі. Адной з першых увосень 1941 года ўзнікла Акцябрска-Любанская партызанская зона на поўдні Мінскай і на поўначы Палескай абласцей. Пазней яна разраслася да магутнага партызанскага краю, дзе захоўвалася савецкая ўлада.

НЯЗЛОМНЫЯ БАРАЦЬБІТЫ 

Першы партызанскі атрад у Акцябрскім раёне — “Чырвоны Кастрычнік” — узнік у самым пачатку вайны, 22 чэрвеня 1941 года. Яго арганізатарамі былі Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі. Першымі з беларускіх партызан яны ўдастоіліся звання Героя Савецкага Саюза. Адпаведны ўказ быў падпісаны ў жніўні 1941-га. 

Крыху раней атрад здзейсніў шэраг смелых аперацый. У сваім першым баі суполка народных мсціўцаў знішчыла па 18 нямецкіх танкаў і матацыклаў, легкавы аўтамабіль, звыш 120 салдат і афіцэраў праціўніка. Пры падтрымцы дывізіёна браняпоезда пад камандаваннем падпалкоўніка Курмышава партызаны разграмілі штаб нямецкай дывізіі, захапілі сакрэтныя дакументы і забілі камандзіра варожага падраздзялення. На рахунку адважных патрыётаў — дзясяткі буйных дыверсій. Да канца 1941 года атрад цалкам ачысціў населеныя пункты раёна ад захопнікаў.

 Мемарыяльны комплекс на востраве Зыслаў

Паспяховую аперацыю ў ліпені 1941-га барацьбіты правялі ў вёсцы Глуша. Яны захапілі аператыўныя карты з падрабязным планам наступлення варожых войскаў на Гомельска-Чарнігаўскім і Бранска-Арлоўскім кірунках, знішчылі нямецкага генерала. Налета ў студзені партызаны далі бой гітлераўцам ля вёскі Капаткевічы і ліквідавалі гарнізон захопнікаў, а пазней разграмілі нацысцкі гарнізон у Азарычах. 

У Акцябрска-Любанскай партызанскай зоне знаходзіліся Мінскі і Палескі абкамы партыі і камсамола, штабы партызанскіх злучэнняў, выдаваліся падпольныя газеты “Звязда” і “Чырвоная змена”. Там працавалі савецкія школы, былі наладжаныя гаспадарчае жыццё і масавапалітычная работа.

Акупанты, для якіх партызаны былі сапраўднай назолай, імкнуліся адпомсціць жыхарам няскоранага краю. Увесну 1942 года яны зладзілі маштабную карную аперацыю “Бамберг”. У выніку пацярпелі каля 80 вёсак. Значная частка населеных пунктаў была цалкам спалена, у тым ліку з мірнымі жыхарамі. Аднак ліквідаваць партызанскую зону вораг не змог. Усяго праз некалькі тыдняў на гэтай зямлі аднавілі дзейнасць савецкія органы ўлады, а неўзабаве там паўстала магутная 123-я Акцябрская імя 25-годдзя БССР партызанская брыгада. 

Дырэктар Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна Ларыса Саловіч расказвае, што сэрцам партызанскага руху ў рэгіёне стаў востраў Добры ва ўрочышчы Дзвесніца. У тых мясцінах базіраваліся Мінскі падпольны абкам КП(б)Б, штабы партызанскіх злучэнняў, падпольная друкарня газеты “Звязда”. Цяпер там усталяваны памятны знак і рэканструяваныя зямлянкі. Попытам у турыстаў карыстаецца маршрут “Музей пад адкрытым небам”.

ПАВЕТРАНЫ МОСТ ДА ВЯЛІКАЙ ЗЯМЛІ 

У верасні 1942 года народныя мсціўцы ўстанавілі рэгулярную авіяцыйную сувязь з Вялікай зямлёй. Гэта адыграла важную ролю ва ўмацаванні барацьбы супраць нацысцкіх акупантаў. Партызанскія аэрадромы працавалі каля вёскі Парэчча Акцябрскага раёна і на востраве Зыслаў у Любанскім раёне. Апошні размяшчаўся на выспе сярод балот і прымаў самалёты са зброяй, боепрыпасамі і медыкаментамі. Адтуль жа адпраўлялі ў тыл параненых і дзяцей. 

Менавіта праз адкрыццё гэтага аб’екта ў амаль кожным партызанскім атрадзе атрымалася арганізаваць медыцынскія службы з неабходным абсталяваннем. Акрамя таго, у зону дастаўлялі газеты, лістоўкі, прадукты харчавання. 

Будавалі аэрадром вялікай талакой. Жыхары блізкіх да вострава вёсак дапамагалі пракладваць гаці і засыпаць іх каменнем ды зямлёй, пілаваць дрэвы, карчаваць пні. Пазней многія перасяліліся ў партызанскі лагер і засталіся ваяваць у атрадах. Дзякуючы якаснай маскіроўцы вораг ніводнага разу не змог разбамбіць аэрадром. Ён праіснаваў да самага вызвалення Любанскага краю ў ліпені 1944-га. 

Гарадскі пасёлак Акцябрскі і горад Любань узнагароджаныя вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

У памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на месцы аэрадрома ў 1969 годзе ўзвялі мемарыяльны комплекс. Над яго праектам працаваў славуты архітэктар Георгій Заборскі. Дамінантай з’яўляецца 14-метровы абеліск. Недалёка размешчаны брацкая магіла воінаў Чырвонай Арміі і партызан, адноўленыя зямлянкі, памятны знак у пачатку колішняй узлётна-пасадачнай паласы.  

Фота з архіваў устаноў