Месца добрых сустрэч

Сапраўдным сэрцам асветніцтва стала Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка. За працяглы час існавання ўстановы змяніліся тэхналогіі, формы працы. Ранейшымі засталіся высакародныя мэты кніжніцы — рабіць веды даступнымі для кожнага, служыць духоўнаму росту людзей.

Тут чакаюць кожнага! Цёплая сяброўская атмасфера пануе ў клубе “Добрыя сустрэчы”, што сабраў людзей сталага веку. Чальцы аб’яднання — асобы творчыя і актыўныя. На заслужаным адпачынку яны працягваюць рупіцца пра свой край і імкнуцца бавіць вольны час ярка. Прыкладам, Уладзімір Карпухін вядомы далёка за межамі свайго раёна як даследчык і папулярызатар гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама як таленавіты аўтар і выканаўца песень.

Удзельнікі клуба — самыя заўзятыя чытачы, але ў бібліятэку яны прыходзяць не толькі па цікавую літаратуру. Збіраюцца ва ўтульнай зале, каб за чаяваннем абмерка- ваць кнігі, падзяліцца навінамі ды прыгадаць былое. Супольна здабываюць карысныя веды і, вядома, разам спраўляюць святы. Акрамя таго, у бібліятэцы дзейнічае інфармацыйна-асветніцкі праект “Пажылыя людзі ў свеце новых магчымасцей”. Яго мэта — навучыць асоб сталага веку камп’ютарнай пісьменнасці, сфарміраваць навыкі працы з камп’ютарам і мабільнымі прыладамі. На людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя разлічаны праект “Бібліятэка без меж”. Гэта важкі ўнёсак бялыніцкай кніжніцы ў сацыяльную адаптацыю асоб з інваліднасцю і іх далучэнне да культурнага жыцця. 

Алена Грыбайлава

Нярэдка ў бібліятэцы бывае і маладое пакаленне. Супрацоўнікі ўсяляк прывучаюць дзятву да чытання. Падчас вакацый ладзяць праграму “Незабыўныя прыгоды з кнігай усё лета”. Інтэлектуальныя спаборніцтвы, гульні, экскурсіі, выставы, урокі ветлівасці... Афіша поўніцца імпрэзамі для дзяцей і падлеткаў. 

ПІСЬМЕННІЦКАЯ ГАСЦЁЎНЯ 

Добрай традыцыяй у Бялынічах сталі творчыя вечарыны мясцовых і запрошаных літаратараў. Нядаўна бібліятэкары арганізавалі сустрэчу з таленавітай зямлячкай Святланай Магілеўчык. Нагодай для спаткання стаў выхад яе дэбютнага зборніка “Віражы лёсу”. Крыніцай натхнення для напісання кнігі паслужылі жыццёвыя гісторыі людзей, з якімі даводзілася сустракацца Святлане як журналістцы раённай газеты. Нярэдка героем імправізаванай літаратурнай гасцёўні бывае Мікалай Падабед — заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат шматлікіх конкурсаў. Яго імя знаёмае не толькі жыхарам Бялыніцкага раёна. Яшчэ адзін выбітны зямляк, член Саюза пісьменнікаў Расіі Леанід Сідараў сёлета прэзентаваў на малой радзіме паэтычны зборнік “Сланечнікі”, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. 

ЦУДЫ РОДНАЙ ЗЯМЛІ 

Бялыніцкія бібліятэкары нямала ўвагі надаюць краязнаўству. Яны адкрываюць малавядомыя старонкі мінуўшчыны і папулярызуюць гісторыка-культурную і прыродную спадчыну сярод землякоў. Мясцовыя ўпэўнены: гарадок на Друці ды яго ваколіцы — адзін з самых маляўнічых куточкаў Беларусі, багаты на славутасці вякоў: старажытныя помнікі, творы мастацтва, фальклор. Пра ўсе гэтыя каштоўнасці распавядае электронная база даных “Сем цудаў Бялыніцкай зямлі”. 

Нашай роднай мове прысвечаны віртуальны рэсурс “Музей бабуліных слоў”. Ён змяшчае паэтычныя легенды пра ўтварэнне крыніц і рэчак, народныя параўнанні, песенны фальклор, слоўнік прыказак, прымавак і трапных выразаў. А ў “Электроннай кнізе памяці Бялыніцкага раёна” ўвекавечаны імёны загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны чырвонаармейцаў, партызанаў, падпольшчыкаў, мірных грамадзян. Гэта знак павагі людзям, што сваёй мужнасцю праславілі родны край. 

Сярод найлепшых знаўцаў бялыніцкай гісторыі — загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Алена Грыбайлава. Яна з вялікай ахвотай ладзіць не толькі літаратурныя вечарыны, але і пазнавальныя экскурсіі па родным горадзе. А сапраўднай прафесійнай вяршыняй Алены Яўгенаўны стала рэалізацыя духоўна-асветніцкага праекта “Разам з кнігай па дарозе да храма”. У яго рамках праходзіць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне моладзі ў маральнасці на аснове праваслаўнай веры, а таксама знаёмства з духоўнай спадчынай краю. Запатрабаванымі застаюцца экскурсіі да мясцовага храма Бялыніцкай іконы Божай Маці.

Атэставаны гід-бібліятэкар распавядае ахвотным пра гісторыю ўзнікнення паселішча, пра цудатворны абраз Багародзіцы, што стаў сімвалам горада. Усё вядомае на сёння пра рэлігійную гісторыю зямлі пры Друці таксама сабрана ў электроннай базе даных “З той легенды былой, што пра белыя ночы”.

Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва ўстановы