Музейная скарбніца краіны

Апублiкавана: 28 лiпеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Плошча фондасховішчаў музеяў рэспубліканскага падпарадкавання мусіць вырасці да 20 тысяч м2. 

Планы будаўніцтва дэпазітарыя былі агучаныя падчас апаратнай нарады, якая прайшла пад кіраўніцтвам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча 16 ліпеня. 

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Дзмітрый Слесарчык, плошча фондасховішча мусіць скласці не менш за 20 тысяч квадратных метраў. Мяркуецца, што будынак дэпазітарыя можа быць узведзены ў раёне сталічнай вуліцы Ціміразева. Тут маглі б размясціцца фонды Нацыянальнага гістарычнага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Будынак мае быць забяспечаны адмысловым абсталяваннем для належнага захоўвання музейных прадметаў, такім як пажарная сігналізацыя і сістэмы клімат-кантролю, а таксама іншым неабходным. З улікам будучага росту колькасці прадметаў музейнага фонду мяркуецца, што плошча фондасховішчаў музеяў рэспубліканскага падпарадкавання мусіць вырасці.