Эстафету акцыі “Партызанскі дуб”, якую Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва” прымеркавала да 80-годдзя вызвалення Беларусі, пераняў Гомельскі абласны музей ваеннай славы — 25 ліпеня на сімвалічнай алеі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту з’явілася новае дрэўца.
Ва ўрачыстай цырымоніі пасадкі “Партызанскага дуба” паўдзельнічалі дырэктар Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Артур Карчэўскі і загадчык навуковаасветнага аддзела Вікторыя Заяц.
Маладое дрэўца прывезлі з вайскова-гістарычнага мемарыяльнага комплексу “Партызанская крынічка”, з месца базавання партызанскага атрада “Бальшавік” — першага на Гомельшчыне, створанага 17 жніўня 1941 года. Яго ядро складалі прадстаўнікі партыйна-савецкага актыву горада. Камандзір І.С. Федасеенка да вайны ўзначальваў Гомельскі аўтарамонтны завод, камісар С.Ф. Антонаў быў сакратаром мясцовага гаркама КПБ.
Пасля вайны “Партызанская крынічка” штогод збірала людзей на традыцыйныя сустрэчы пакаленняў. Прыходзілі былыя партызаны, падпольшчыкі, франтавікі, а таксама школьнікі, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый. Цяпер гэта філіял Гомельскага абласнога музея ваеннай славы. Побач з мемарыяльнай стэлай — рэканструкцыя партызанскага лагера з зямлянкамі: штабной, медыцынскай, зброевай, прадуктовай, — ды жытлом для асабістага складу. Тут жа прастора з навесам, дзе можна адпачыць і падсілкавацца салдацкай кашай. Абсталявана і пляцоўка для правядзення ваенна-гістарычных рэканструкцый.
Мемарыяльная частка дапоўнена найменнямі партызанскіх брыгад Гомельскай вобласці, спісам іх удзельнікаў — Герояў Савецкага Саюза. Вікторыя Заяц адзначыла, што “Партызанская крынічка” стала не толькі месцам пакланення подзвігу, але і цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання. Комплекс музеефікаваны, у зямлянках разгорнута экспазіцыя, праводзяцца экскурсіі з аповедамі аб баявых дзеяннях партызанскіх фарміраванняў Гомельшчыны.
Прымаючы гасцей-калег, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Эдуард Багдановіч заўважыў, што неўзабаве на тэрыторыі скансэна з’явіцца вялікая памятная “Партызанская алея” — зашапацяць лістотай маладыя дубкі з розных партызанскіх зон Беларусі. Праз ініцыятыву РВУ “Культура і мастацтва” іх будуць прывозіць і высаджваць прадстаўнікі розных устаноў краіны.
Запрашаем і вас далучыцца да акцыі — зрабіць свой унёсак ва ўшанаванне памяці пра подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.