Як “магічнае” хобі стала любімай прафесіяй

Адны — маленечкія, як мезенчык, іншыя — вялізныя, у чалавечы рост.Апранутыя ў высакародны лён, у яркія ўборы. З крылцамі, без вуснаў, начыненыя духмянай травой або туга набітыя саломай. Розныя, але ўсе прыгожыя — народныя лялькі, якія вырабляе рамесніца з Барысава Таісія Дзямідчык.

ШАНЦУЕ НА ЛЮДЗЕЙ 

Наша гераіня нарадзілася ў вёсцы. Мама, Ніна Венядзіктаўна, была знатнай краўчыхай, абшывала ўсю акругу. А яшчэ вязала кручком, і не проста каўнерыкі ці сурвэткі — велізарныя покрывы. 

— Як мне хацелася гэтак жа! — згадвае Таісія Раманаўна. — І вось летнія канікулы, сямігадовая дзяўчынка бярэ кручок і пачынае вучыцца. Мама побач, дапамагае, раіць. Не ўшчувае, калі што не так, падбадзёрвае. Асвоіла! Стаж працы ў гэтай тэхніцы ў мяне ўжо паўстагоддзя. А калі я была ў сёмым класе, старэйшая сястра Галіна паказала, як вязаць на спіцах. Тады зразумела: рукадзелле — тое, з чым хачу звязаць лёс. Навучальную ўстанову выбрала адпаведную — Барысаўскае ПТВ №205, дзе рыхтавалі краўцоў.

Педагог Вольга Бабок стала маім кумірам. Яна казала: “Дзяўчаткі, наша прафесія складаная. Але для жыцця самая прынадная! Вось выйдзеце замуж, муж заробіць на хлебушак, а вы заўсёды, дзе б ні знаходзіліся, — на масліца”. Вольга Валянцінаўна не толькі выкладала спецпрадметы, але і давала шмат звыш. Выдатніц, у тым ліку і мяне, узяла на факультатыў: займаліся вышыўкай, майстравалі дэкаратыўныя вырабы для ўпрыгожвання адзення. Там я пазнаёмілася з асаблівым мастацтвам — кветкамі з тканіны. Гэта сапраўдная магія! Для працы патрабаваліся спецыяльныя інструменты — булькі. У мяне іх не было, затое мелася вялізнае жаданне асвоіць новую справу. Таму выкарыстоўвала падручныя сродкі, і праз гэта рукі былі параненыя, абпаленыя. Але зробленая прыгажосць каштавала ахвяры! Ды і пасля ўменні спатрэбіліся: працуючы краўчыхай у атэлье, стварала бутаньеркі да ўбораў. Радасна станавілася, калі, праз шмат год, сустракала былых кліентак, якія абавязкова згадвалі мае кветачкі — з цеплынёй і падзякай. 

УЖО НЕ СПЫНІЦЬ! 

Таісія выйшла замуж, нарадзіла першынца Аляксея. Знаходзячыся ў дэкрэце, даведалася, што ў ДК БелАЗа (Жодзіна) адкрыты курсы машыннай вышыўкі. Пайшла. 

— Там сустрэла яшчэ аднаго значнага ў маім жыцці чалавека — Марыю Дырынду. З яе дапамогай за год асвоіла новыя тэхналогіі. Хоць было няпроста: дзень з малым, ноччу вышываю, — распавядае Таісія Раманаўна. — Неяк прыходзіць Марыя Паўлаўна на заняткі, паказвае каўнерык у тэхніцы фрывалітэ і прапануе навучыцца гэтаму мастацтву. Я загарэлася, бо яшчэ ў 1980-х натрапіла ў часопісе “Работніца” на нататку пра гурток, дзе пляценнем ручных карункаў захапіліся нават мужчыны. Як жа тады ўразілі і гэты факт, і такое паветранае слова — фрывалітэ... А тут на свае вочы ўбачыла, што ж гэта. Падалося, у руках педагога вытанчаны іней, якім мароз упрыгожвае шыбы, — настолькі далікатным быў выраб. Душа зайшлася ад радасці. Канешне ж, і на гэтыя курсы я запісалася. Заняткі праводзілі ў нядзелю. Муж, Дзмітрый Іванавіч, тады служыў у міліцыі, па выхадных часта дзяжурыў. Сыночка адвозіла ў Барысаў, да сястры, потым вярталася ў Жодзіна — на ўрокі, потым зноў ехала ў іншы горад, забіраць малога… Але намаганні далі плён. Прыйшла да яго, вядома, не адразу. Памятаю, як паказала сваю першую працу сястры. І калі па вышыўцы ў мяне ўжо былі сур’ёзныя работы, то тут — нітачка, на ёй страшненькія, крывенькія пяць колцаў... Галіна сказала: “Не распыльвайся”. Але мяне было ўжо не спыніць. 

Дэкрэт скончыўся. Марыя Дырында прывяла Таісію ў жодзінскую жаночую гімназію, дзе працавала сама. І маладая жанчына стала весці факультатыў па стварэнні кветак з тканіны. А потым ёй даручылі і ўсё рукадзелле. 

— З гэтым прызначэннем пачаўся чарговы этап майго жыцця — “ад умення да майстэрства”. Я вучылася вучыць таму, што ўмела сама, стварала аўтарскія праграмы, якія зацвярджаліся на ўзроўні Міністэрства адукацыі. І былі ў нас з выхаванкамі добрыя вынікі. А маё хобі стала прафесіяй, — заўважае Таісія Раманаўна. 

ЛЯЛЬКА-КАПРЫЗУЛЬКА 

Трансфармацыя захаплення ў сур’ёзную справу працягнулася і з пераходам нашай гераіні на працу ў Барысаўскі цэнтр традыцыйнай культуры — размова ўжо пра народныя лялькі. Аказалася, у гэтым мастацтве шмат правілаў. Напрыклад, нельга вырабляць лялек па серадах і пятніцах, інакш яны страцяць абярэжнасць. Матаць іх (напрыклад, ніткай перавязваць ручкі) трэба па гадзіннікавай стрэлцы. Колькасць віткоў і вузельчыкаў таксама не выпадковыя. Шмат іншых хітрасцей. 

— А галоўнае, каб зрабіць ляльку не сувенірную, а абярэгавую або абрадавую, важны ўнутраны настрой і вера ў тое, што яна насамрэч будзе памочніцай! — папярэджвае майстар. — Сапраўдная любоў да іх у мяне прачнулася, калі малодшы сын Уладзіслаў пайшоў служыць у армію. Ведаў у мяне і раней хапала, але не было таго самага настрою. Дзіўна, але калі яго няма, то лялька атрымліваецца... непаслухмянай. Так-так, яна паводзіць сябе як жывая істота! Быў у мяне выпадак. Рабіла лялечку. Прадумала да дробязей усе дэталі яе ўбору. Вышыла фартушок. Дайшла да хустачкі. А яна не завязваецца! Быццам я ўпершыню за справу ўзялася: тканіна спаўзае, усё выходзіць нейкае крывое... Адклала рукадзелле ўбок. Пачала думаць. “Абыдзецца і так” — тут не працуе! Узяла шматочак іншага колеру. І тут, як па чараўніцтве, усё стала атрымлівацца. Прыйшлося, праўда, і іншыя дэталі адзежы памяняць, каб было гарманічна. Але лялечка выйшла мілая — значыць, засталася задаволеная. 

ДЛЯ СЯБЕ І ДЛЯ ЎСІХ

Таісія Раманаўна шчодра дзеліцца сваімі ведамі з вучнямі. Сярод іх не толькі школьнікі, але і сталыя людзі, а таксама калегі — прадстаўнікі клубных устаноў Барысаўшчыны ды іншых раёнаў. 

Таленавітая майстрыха — удзельніца многіх культурных мерапрыемстваў, у тым ліку “Славянскага базару ў Віцебску”, Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. І ўсюды яе працу ацэньваюць высока. Летась на абласным конкурсе “Беларуская лялька”, што праходзіў у рамках свята народных мастацкіх рамёстваў “Слуцкія паясы”, ёй прысуджана ганаровае другое месца. 

Лялькі ды іншыя вырабы Таісіі Дзямідчык раз’язджаюцца па ўсім свеце: аберагаюць і радуюць дарослых і дзяцей. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота аўтара