Квартэт Girls on fire з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў ужо з’яўляўся на старонках “Культуры”. Але сёння — новая нагода: удзельніца гурта Вераніка Высоцкая ўзяла Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Таксама на ХХIII Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” яна атрымала спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна “Крыштальная гітара”.
Са светам нот і клавіш наша гераіня пазнаёмілася яшчэ сямігадовай дзяўчынкай. Нягледзячы на захапленне танцамі, усё ж пайшла па музычнай сцежцы.
— Памятаю, як да нас у клас прыйшлі педагогі з музычнай школы, каб агітаваць на паступленне. Мяне зацікавіла прапанова — і я пачала вучыцца граць на баяне, паралельна наведвала ўрокі вакалу, — згадвае спявачка.
Вераніка заканчвае Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “мастацтва эстрады (спевы)”. У найбліжэйшых планах — паспяхова здаць экзамены і абараніць дыплом.
— Калі паўстаў выбар, дзе працягнуць вучобу, мой позірк спыніўся на гэтай навучальнай установе. Пасля праслухоўвання на дні адчыненых дзвярэй зразумела, што ў каледжы выкла¬даюць найлепшыя спецыялісты. Зачапіла творчая атмасфера, якая пануе ў гэтых сценах. Ужо падчас вучобы я ўсвядоміла, што быць артыстам — велізарная праца. Каб выглядаць пераканаўча на сцэне, неабходна не толькі валодаць шырокімі ведамі ў сваёй сферы, але і развівацца ў такіх напрамках, як літаратура, харэаграфія, выяўленчае мастацтва. Усё гэта сапраўды дапамагае зрабіць выступленні насычанымі і запамінальнымі, — лічыць Вераніка.
За поспехі наша гераіня дзякуе педагогу па вакале Алене Крывіцкай. Менавіта з ёй Вераніка асацыюе перамогі апошніх чатырох гадоў:
— Калі казаць пра мае самыя яркія дасягненні, то варта згадаць Гран-пры рэспубліканскага конкурсу “Маладыя таленты Беларусі” ў 2022-м. Для фіналу абрала песню “Хані” Славы Коваль на вершы Зоі Гарынай. Менавіта гэта кампазіцыя прынесла перамогу. Поспех аказаўся даволі нечаканым, супернікі былі вельмі моцнымі. А конкурс стаў важнай прыступкай у маім развіцці як вакалісткі, — распавядае гераіня. — Таксама ўспамінаюцца першае месца на “Белазаўскім акордзе — 2023” і Гран-пры на “Маладзічку-2023”.
Шлях да найвышэйшай узнагароды Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні быў цярністым. У мінулым годзе Вераніка таксама ўдзельнічала ў песенным спаборніцтве, аднак вынікам не задаволілася.
— Мой леташні досвед стаў вялікім крокам да перамогі ў 2024-м. Другой спробай варта было разумна скарыстацца. Ідэя паўдзельнічаць зноў не была спантаннай: мы з педагогам рыхтаваліся з верасня. Пасля адборачнага туру я скарэкціравала рэпертуар, памяняла адну з песень. Для фінальнага, трэцяга туру абрала кампазіцыю “Поле горкіх палыноў” Дзмітрыя Далгалёва на словы Уладзіміра Пецюкевіча. Гэта наша стратэгічнае рашэнне, — тлумачыць дзяўчына.
Удзельнікі фестывалю мелі ўнікальную магчымасць спяваць пад жывы акампанемент Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга. Яго галоўны дырыжор Максім Расоха ўзначальваў журы конкурсу.
— Працаваць на адной сцэне з такім калектывам, дзе сабраны неверагодныя прафесіяналы, — каштоўны вопыт для любога артыста. Я ўзрушаная перамогай і вельмі шчаслівая! Магу сказаць, што на конкурс ішла не па прызавое месца: мне было важна само выступленне, яго якасць. Вельмі турбавалася, ці змагу данесці ідэю твора да слухачоў. Вядома, атрымаць “Крыштальную гітару” імя Уладзіміра Мулявіна — ганарова. Я надзвычай удзячная членам журы, якія так ацанілі маё выкананне. Ды і арганізацыя спаборніцтва была на ўзроўні! — заўважае спявачка.
Атрымаўшы самую высокую ўзнагароду нацыянальнага конкурсу, Вераніка Высоцкая вырашыла саступіць дарогу ў Маладзечна іншым талентам. Бо прытрымліваецца прынцыпу: дамаглася адной мэты — вызначай наступную.
Вераніка разам з педагогам па вакале Аленай Крывіцкай
— У далейшым хочацца развівацца не як конкурсны выканаўца, а як самабытны артыст. А тым вакалістам, якія стаяць на пачатку свайго шляху да перамогі, раю верыць у сябе і вучыцца цярпенню. Памятайце: калі па-сапраўднаму любіць сваю справу — усе планы ажыццявяцца! — упэўнена спявачка.
Настасся ЮРКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні