Маштаб эмоцый, прыкладанне жарсцяў

Колькі ўжо гадоў хаджу па мастацкіх выставах і проста дзеля цікаўнасці, і дзеля таго, каб потым падзяліцца ўражаннямі ад убачанага з чытачамі, ды ўсё не магу прызвычаіцца да адной акалічнасці: часам замест таго, каб праўдзіва інфармаваць гледача аб канцэпцыі і змесце экспазіцыі, назва ніякім чынам з імі не стасуецца.

Вось і гэтым разам, адшкадаваўшы свайго часу дзеля «Жарсцяў па архітэктуры» — так называлася выстава ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва (пляцоўка ля плошчы Якуба Коласа), — я чакаў менавіта жарсцяў і менавіта паводле архітэктуры. Тым больш што на афішы змешчана выява храма Саграда Фамілія. Я маю сантымент да гэтага шэдэўра Антоніа Гаўдзі, як, дарэчы, і да ўсёй творчасці каталонскага мэтра. Калі можна закахацца па фотаздымку, дык менавіта так было ў мяне, калі ўпершыню зірнуў на фотавыяву храма ў нейкай савецкай кніжцы пра ідэалагічную барацьбу на культурніцкім полі. Ну а пабачыць на свае вочы славуты храм мне давялося ў сталыя гады. Каталонцы ўвасабляюць у архітэктуры храма мару пра суверэнную краіну. Таму і не дзіўна, што падчас дыктатуры Франка будаўніцтва было прыпынена і зноў аднавілася, калі ў Іспаніі адрадзілася дэмакратыя. Вось я і меркаваў, што калі на афішы змешчаны барселонскі цуд, дык праект варты. Не скажу каб я зусім памыліўся, але выстава, як мне падаецца, атрымалася «на аматара». На асоб, якіх цікавіць абсалютна ўсё датычнае архітэктуры, нават незалежна ад зместу інфармацыі і якасці камунікацыі. 

Стрыжнем экспазіцыі з’яўляюцца інсталяцыі, якія пры пэўнай фантазіі можна трактаваць як вобразнае асэнсаванне архітэктурнай творчасці. Таксама выстава складаецца з графічных аркушаў, карцін і ўзораў дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва, якія самі па сабе досыць цікавыя і выразныя — але якое дачыненне яны маюць да архітэктры, для мяне засталося загадкай. Калі шырока трактаваць тэзу пра сінтэтычнасць архітэктуры, паводле якой яна скіраваная на задавальненне побытавах і эстэтычных патрэб чалавека і грамады, на забеспячэнне іх жыццядзейнасці, дык у архітэктурны кантэкст можа патрапіць не толькі аздоба інтэр’ераў — што досыць лагічна, — але і кнігі на паліцах хатняй бібліятэкі, і нават лядоўня з усім яе змесцівам. Але рыць так глыбока, мяркую, не варта. Яшчэ адзін складнік экспазіцыі — тэксты маладых аўтараў, якія, верагодна, маюць нейкае дачыненне да архітэктуры, з развагамі пра гэты від творчай дзейнасці, а таксама інфармацыйныя табліцы з тлумачэннямі, што такое класіцызм, мадэрн, канструктывізм. 

Нейкіх моцных пачуццяў, жарсцяў — станоўчых ці адмоўных — выстава ў мяне не выклікала. Між тым архітэктура і ўвогуле ўсё звязанае з будаўніцтвам — рэч надзвычай эмацыянальная. І відавочна, што цікава пра яе распавесці не надта цяжка. 

Архітэктура ва ўсе часы — дэкарацыя чалавечага жыцця, самім жа чалавекам і створаная. У кагосьці ягоны спектакль праходзіць на тле забудовы спальных раёнаў, а хтосьці з акна свайго дома ці офіса бачыць гарманічны пейзаж, над якім добра парупіліся прырода і цывілізацыя. Пры тым, што першае можа чалавека збольшага задавальняць, а ў другім выпадку ён будзе мець падставы скардзіцца на лёс. Гэта калі на побытавым узроўні. Але і па вялікім рахунку архітэктура сутнасна не тое, што фактычна ёсць, а тое, як на гэта паглядзець. 

Вось, напрыклад, архітэктура Каўнаса міжваеннага часу ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны UNESCO. З чым нашых суседзяў безумоўна варта павіншаваць. Раней з аналагічнай (мадэрнісцкай) архітэктурай першай паловы ХХ стагоддзя горада Тэль-Авіва пагрукаўся ў дзверы UNESCO Ізраіль. Атрымалася паводле прымаўкі: хто грукае, таму і адчыняюць. Цяпер Тэль-Авіў таксама ў згаданым спісе. А вось Мінску з ягонымі шэдэўрамі Лангбарда, у якіх спалучаюцца рысы канструктывізму, неакласікі і ар-дэко, з шыкоўным неакласіцыскім праспектам Незалежнасці, па ўсім відаць, чакаць такога гонару давядзецца даволі доўга. А мо і ўвогуле не дачакаемся. Я ж гэтымі фактамі толькі ілюструю тэзу, што ацэнка каштоўнасці архітэктуры — рэч суб’ектыўная і залежная не толькі ад эстэтычных чыннікаў. 

Сярод мастацкіх твораў, якія, на думку арганізатараў выставы, мусілі ўводзіць гледача ў атмасферу архітэктурнай справы, можна згадаць графіку Уладзіміра Вішнеўскага («Будка суфлёра»), Валерыя Славука («На дрэвах»), Уладзіміра Правідохіна «Чырвонае і чорнае», Дзіны Даніловіч («Sangus Christi»), Мацвея Басава («Да святла»), дэкаратыўную пластыку Пятра Кузьміча «Адлюстраванне», роспісы па тканіне Марыны Рудзько, кераміку Святланы Сакаловай («Аб’ект з дзвюх частак»). Пры жаданні гэтую падборку можна трактаваць як аповед пра шматаблічнасць жыцця, дзе сярод іншага ёсць месца і архітэктуры. Зрэшты, паводле майго досведу, нешта цікавае можна знайсці на якой заўгодна мастацкай выставе. Адно што ад гэтай экспазіцыі можна было чакаць большага. Нават пры павярхоўным знаёмстве з горадабудаўнічай гісторыяй Мінска сутыкаешся з мноствам драматычных і нават трагічных падзей. Ператварэнне рэгіянальнага цэнтра ў сталіцу краіны не абышлося без страт. Прычым у шэрагу выпадкаў — непапраўных. І гэта ў дадатак да адвечнага супрацьстаяння жывой прыроды і цывілізацыі. А колькі шэдэўраў дойлідства знікла на нашай зямлі праз варожую прысутнасць, праз сацыяльныя эксперыменты і злачынную абыякавасць — і не падлічыць. Гісторыя новых гмахаў, што стаяць на падмурках страчаных пабудоў, таксама магла б стаць тэмай выставы. Напрыканцы зноў згадаю Саграда Фамілія. Храм закладзены ў 1882 годзе. Будуецца дагэтуль. Магчыма, узвядзенне завершыцца ў 2026-м, калі споўніцца сто гадоў з дня смерці Антоніа Гаўдзі. І тады іншымі стануць Барселона, Каталонія, Іспанія, Еўропа, свет. Вось гэта будуць жарсці! А вы мяркуеце, што беларусы няздольныя па прыкладзе каталонцаў змяніць свет, здзейсніўшы нацыянальны мегапраект? Ці нашы жарсці і амбіцыі можна прыкласці толькі да рамонту кватэры ці пабудовы лецішча?

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ