Фестываль “Александрыя збірае сяброў” з маленькага ўтульнага свята ператварыўся ў падзею міжнароднага маштабу. Пятнаццаты раз аграгарадок у Шклоўскім раёне стаў месцам прыцягнення творчых людзей, сапраўдных прыхільнікаў самабытнай славянскай культуры з усёй Беларусі, іншых краін, а таксама шматлікіх турыстаў: 6—7 ліпеня тут прайшло юбілейнае рэспубліканскае свята “Купалле”. Фестываль “Александрыя збірае сяброў” наведалі больш за 96 тысяч чалавек; на святочных мерапрыемствах прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій з 30 акрэдытаваных у Беларусі замежных дзяржаў. Галоўным сімвалам свята стаў купальскі вянок, а асноўнымі тэмамі — Год якасці і 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Добрай фестывальнай традыцыяй стала прывітальнае слова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
— Мы калісьці даўно не планавалі такі размах. Але людзі самі пацягнуліся сюды. Гэта кліч душы. Гэта імкненне да сапраўдных каштоўнасцей, туды, дзе шчыра рады гасцям, дзе б’ецца пульс жывога творчага жыцця, — у прыватнасці сказаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў:
— Галоўнае, што мы зрабілі, — адрадзілі традыцыі сваіх продкаў. Мы развіваем спрадвечную нацыянальную культуру. Пагадзіцеся: мала ведаць і памятаць гэтыя традыцыі, яны павінны стаць часткай сучаснай гісторыі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што нашы дзеці павінны бачыць, як мы самі беражліва ставімся да таго, што стваралася стагоддзямі.
Дзякуючы ініцыятыве Прэзідэнта фестываль з году ў год прырастае новымі ідэямі, актыўнасцямі, лакацыямі, але самае галоўнае — новымі сябрамі. Аб гэтым гаварыў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка.
Скрэпай беларуска-расійскіх адносін назваў фестываль дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. Ён перакананы, што ўсе, хто прыехаў у Александрыю, аб’яднаны аднымі эмоцыямі: адчуваннем адзінай сям’і, цяпла і сардэчнасці.
Міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч адзначыў, што свята ў Александрыі — добрая падзея, якая радуе вельмі многіх людзей. Значыць, мы адзіныя, дружныя, ведаем сваю гісторыю і традыцыі і ўпэўнена ідзём наперад.
— Мы бачым, наколькі мы багатыя, і даражым гэтым. Таму што любая нацыя, любы народ стаіць трывала на сваёй аснове. А ў нас аснова вельмі трывалая — дзякуючы тым людзям, хто быў і працаваў да нас, ствараў нашыя карані, — сказаў Анатолій Маркевіч.
Праграма юбілейнага фестывалю ўражвала колькасцю і разнастайнасцю мерапрыемстваў і лакацый. Вялікую цікавасць выклікаў спецыяльны выставачны праект, прысвечаны 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва. Працавала выстава праектаў арганізацый культуры, рэалізаваных за кошт грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Да 15-годдзя свята ў музеі Александрыйскай школы адкрылася новая экспазіцыя. Прайшла дыялогавая пляцоўка, прысвечаная развіццю інстытута сям’і, і былі падведзены вынікі рэспубліканскага маладзёжнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі”.
Адным з ключавых стала мерапрыемства “Саюзная дзяржава на Купалле” з канцэртам “Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі” з удзелам беларускіх і расійскіх зорак эстрады. У яго аснове — ідэя адзінства славянскай культуры і сяброўства славянскіх народаў, праверанага часам.
Упершыню ў гісторыі свята Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” разам з Магілёўскім абласным кінапракатам разгарнулі кінаканцэртную залу на 40 месцаў і выставачны павільён. Агульная плошча лакацыі склала 300 кв. м.
— Мы прывезлі бранявік, “паўтаратонку”, прадставілі экспазіцыі гістарычнага і сельскага рэквізіту, зброі, касцюмаў, арганізавалі дзіцячую зону, — распавёў начальнік аддзела маркетынгу кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Кузняцоў. — Гледачы змаглі ўбачыць стужку “Час вярнуцца”, шэраг іншых нашых праектаў, а таксама пагутарыць са здымачнымі групамі. Шмат станоўчых эмоцый выклікаў канцэрт Тэатра-студыі кінаакцёра.
А колькі было народных песень, колькі купальскіх забаў! Публіка з задавальненнем удзельнічала ў флэшмобе “Няхай дружбы карагод вянок закружыць”, шматлікіх майстар-класах, конкурсах і інтэрактыўных шоупраграмах, сачыла за спартыўнымі і цыркавымі выступленнямі, дэманстрацыйнымі палётамі групы самалётаў з высадкай парашутыстаў. Не абышлося без святочнага феерверку і купальскага вогнішча.
Больш за 200 беларускіх майстроў і 100 рамеснікаў з Расіі, Азербайджана і Узбекістана прапанавалі самабытную народную культуру, промыслы, традыцыі і дасягненні на выставе- кірмашы народнай творчасці “Купальскі вянок садружнасці”. Рэгіёны нашай краіны аформілі беларускія падворкі, якія адлюстроўвалі багатую культурную спадчыну. Майстар-класы па пляценні купальскага вянка правялі прадстаўнікі ўсіх раёнаў Магілёўшчыны. Сярод іх — Круглянскі раённы Дом рамёстваў.
— Мы плялі традыцыйныя купальскія вянкі. Выкарыстоўвалі лісце папараці, васількі, рамонкі, каласкі збожжавых культур. Лічыцца: чым больш траў і кветак возьмеш, тым большай гаючай сілай будзе валодаць вянок! Бо гэта не проста прыгожы галаўны ўбор, але і рытуальны прадмет, надзелены ўласцівасцямі абярэгу, — распавяла загадчык РДР Сняжана Гарбачова.
Тэма купальскага вянка на фестывалі гучала паўсюдна. Яму прысвяцілі і абласны конкурс майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Фантазіі тут не было мяжы! Рабілі вянкі з тэкстыльных матэрыялаў і саломы, карункаў і лазы, упрыгожвалі стужкамі, пучкамі лёну, лісцем папараці з фаамірану... Мсціслаўскі рэгіён, які ўжо не першы год здзіўляе і захапляе творамі кавальскай справы, прадставіў каваны вянок. Яго аўтар — народны майстар Беларусі Сяргей Кудзікаў.
— Наш каваль не ўжывае сучаснае абсталяванне, якое значна спрашчае працэс стварэння мастацкіх каваных вырабаў, а выкарыстоўвае выключна традыцыйны спосаб і інструменты, — падкрэслівае загадчык Домам рамёстваў Арцём Сяргееў.
Таццяна Сіроціна, загадчык Домам рамёстваў вёскі Кароўчына Дрыбінскага раёна, лічыць свята ў Александрыі адным з найважнейшых мерапрыемстваў для майстроў народнай творчасці. Распавядае:
— Мы асвоілі 10 старадаўніх рамёстваў; сярод іх ёсць асаблівыя — шапавальства і пляценне лапцей з лазы. Сёння дрыбінскія валёнкі і лапці — у спісе нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Апошняе адроджанае рамяство — выпечка бездражджавога хлеба па старадаўнім рэцэпце. Госці Александрыі змаглі шмат чаму павучыцца ў нашых умельцаў на майстар-класах: напрыклад, шыццю саламянага картуза і ткацтву паясоў на бердзечку. Людзі стаялі ў чарзе — кожны хацеў паспрабаваць. І гэта радуе, гэтым ганарымся. Бо наша місія — зберагаць спадчыну і перадаваць каштоўныя традыцыі, якімі валодалі нашы продкі, наступнаму пакаленню.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з сайта president.gov.by