У гады Вялікай Айчыннай нашы дакументалісты ў ліку першых здымалі рэпартажы з партызанскіх атрадаў, з месцаў баёў. Дзейнасці ваенных аператараў прысвечана выстава “Па той бок кінахронікі”, што разгарнулася ў Музеі гісторыі беларускага кіно.
Айчынных кінадакументалістаў вайна заспела літаральна ў разгары працы. Іосіф Вейняровіч толькі пачаў работу над новай стужкай у Брэсце, Міхаіл Бераў — у Мінску на спартыўных спаборніцтвах, Уладзімір Цытрон — на Палессі. Ужо ў снежні 1941-га пры Галоўным палітычным упраўленні Чырвонай Арміі быў створаны аддзел, які кіраваў франтавымі здымкамі. Усяго на тэрыторыі Савецкага Саюза працавала каля 300 аператараў. Перад хранікёрамі стаяла важная задача: захаваць на плёнцы ўвесь боль ліхалецця і неймаверную мужнасць савецкага народа ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі.
— Выставу мы збіралі з канца мінулага года. У 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэма ваенных аператараў гучыць актуальна. Калі мы бачым кадры вызвалення Мінска, мала хто задумваецца, у якіх умовах яны здымаліся, які цяжкі і доўгі шлях давялося прайсці хранікёрам, каб да нас дайшлі гэтыя эпізоды, — распавядае загадчыца філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі беларускага кіно” Вераніка Себруковіч.
Вераніка Себруковіч
У экспазіцыі прадстаўлены прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, рэдкія дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, а таксама эксклюзіўныя экзэмпляры з Дзяржаўнага цэнтральнага музея кіно ў Маскве.
На выставе дэманструюцца арыгі¬- нальныя ўзнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі дзвюх жанчын-кінахранікёраў — Ацыліі Рэйзман і Марыі Сухавай, якая загінула ў 1944-м, падчас прарыву нямецкай блакады ва Ушачах. Таксама ў экспазіцыі — фотаздымкі, што дэманструюць побыт кінааператараў у партызанскіх атрадах, кадры з хранікаль¬ных матэрыялаў. Разнастайнай аказалася і інтэрактыўная зона. Музейшчыкі аднавілі вобраз Іосіфа Вейняровіча, які некалькі разоў адпраўляўся за лінію фронту. Аднак самы цікавы экспанат — рабочы тэлефон: падняўшы слухаўку, можна “пагутарыць” з беларускімі дакументалістамі або пачуць паведамленне аб вызваленні Мінска ці аб капітуляцыі фашысцкай Германіі.
— Казаць пра кінахроніку і не паказаць яе было б няправільна, таму адна з галоўных лакацый дэманструе дакументальныя кадры, прадастаўленыя Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. Мы дадалі да праекцыі відэасцяну, аформленую ў выглядзе кінастужкі. На ёй можна пабачыць візуальную інфармацыю пра айчынных аператараў, а скарыстаўшы інфакіёск — пачытаць пра кожнага з іх падрабязней, — дадае Вераніка Себруковіч.
Асноўная частка экспазіцыі дэманструе жыццё і асаблівасці працы дакументалістаў у складаных умовах. Усе работнікі кінагрупы залічваліся ў склад арміі, атрымлівалі форму і воінскія званні афіцэраў інжынернай службы. Працавалі парамі: так матэрыял атрымліваўся больш поўным і разнастайным. А ў выпадку моцнага ранення або гібелі аднаго з аператараў напарнік мог завяршыць здымкі. Няпроста было ўпраўляцца з плёнкай, якая на святле псавалася: даводзілася зараджаць камеру ў мяшку — навобмацак.
За гады Вялікай Айчыннай кінааператары агулам знялі 3,5 мільёна метраў плёнкі. Гэта каля 200 гадзін і амаль 90 дзён безупыннага паказу. Нароўні з кадрамі баявых дзеянняў, франтавога побыту і партрэтаў герояў ёсць такія, пра здымкі якіх рэжысёр Аляксандр Даўжэнка казаў: “Плачце, але здымайце!” Гэта віды разбураных гарадоў і пасёлкаў, забітых і закатаваных людзей — тое, што немагчыма апраўдаць і прабачыць.
Вялікая частка хронікі збіралася ў кіначасопісы, якія дэманстраваліся ў партызанскіх атрадах і ў тыле. Галоўным быў “Савецкая Беларусь”, кадры з яго потым увайшлі ў поўнаметражны фільм Уладзіміра Корш-Сабліна і Мікалая Садковіча “Вызваленне Савецкай Беларусі”. У карціне паказаныя ратная праца савецкіх салдат, іх уменне пераадольваць нягоды франтавога жыцця. Асаблівае месца ў нацыянальным кіналетапісе займаюць кадры вызвалення Беларусі: на плошчы каля Дома ўрада адбылася сустрэча баявых сяброў і калег, беларускіх аператараў, што ўвайшлі ў горад з вайсковымі часткамі розных франтоў.
Хранікальны матэрыял стаў не толькі летапісам ваенных падзей, але і выкрывальным дакументам, які адыграў важную ролю ў Нюрнбергскім працэсе. Кадры, знятыя айчыннымі кінематаграфістамі, увайшлі ў фільм-абвінавачванне “Разбурэнні, зробл ен ы я немцамі на тэрыторыі Савецкага Саюза”. Зруйнаваныя Дом Чырвонай Арміі, Тэатр оперы і балета, Палац піянераў на вул. Кірава, Акадэмія навук… Сцэны спустошанага Мінска доўжыліся чатыры з паловай хвіліны, але гэтага хапіла, каб адлюстраваць, якую шкоду нанесла гораду вайна.
Каштоўныя кадры дазваляюць убачыць не толькі шлях да Вялікай Перамогі, але і маштаб разбурэнняў, што ўчынілі краіне нямецка-фашысцкія захопнікі. Наведаць экспазіцыю “Па той бок кінахронікі” можна да 31 снежня.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота Уладзіміра Шлапака