Кіраўніца народнага ансамбля песні і танца “Дняпро”тРэчыцкага гарадскога Палаца культуры Марыя Хвастова сёлета атрымала грант Прэзідэнта. Цяпер рэалізуе тэатральна-харэаграфічны праект “Сын зямлі”. Пра тое, як мары ператвараюцца ў рэальнасць, Марыя Валер'еўна распавяла “Культуры”.
Марыя Хвастова прыйшла ў “Дняпро” 13 гадоў таму. Тады ёй самой было 13. З ранняга дзяцінства будучая кіраўніца займалася музыкай і танцамі. Першую прафесійную адукацыю атрымала ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага па класе фартэпіяна. Затым завочна скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, педагагічны факультэт, па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва і харэаграфія”.
У далёкім 1957-м кіраўнікі аматарскіх калектываў Рэчыцкага раённага Дома культуры рыхтаваліся да чарговага рэспубліканскага агляду-конкурсу. І вырашылі стварыць оперу. Дзеля амбіцыйнай ідэі спатрэбіліся намаганні многіх. Лібрэта, заснаванае на рэчыцкім фальклоры, напісаў Максім Лужанін. Пастаноўку ажыццявілі сумесна харавы, танцавальны і інструментальны калектывы ДК з удзелам Азершчынскага хору.
Марыя Хвастова
У той сапраўды народнай оперы “Ведрыца” было задзейнічана каля ста чалавек. Упершыню твор вялікай формы быў пастаўлены сіламі аматараў, мастацкай самадзейнасці. Поспех быў аглушальны. На яго хвалі тры калектывы аб’ядналіся ў ансамбль “Дняпро” і прыступілі да пастаноўкі аперэты “Вяселле ў Малінаўцы” па п’есе Барыса Аляксандрава. Рэчыцкі глядач пазнаёміўся з гэтай класікай савецкай камедыі за шэсць гадоў да выхаду на экраны аднайменнага фільма.
Затым “Дняпро” паспяхова паставіў аперэту Юрыя Мілюціна “Трэмбіта”. Ансамбль неаднаразова выступаў са сваімі спектаклямі ў Мінску і Маскве, станавіўся лаўрэатам усесаюзных і рэспубліканскіх фестываляў. На працягу дзесяцігоддзяў ён адзіны на Гомельшчыне рабіў масавыя тэатральна-мастацкія пастаноўкі. У 2003-м калектыў быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне мастацкай самадзейнасці “За духоўнае адраджэнне”.
Марыя Хвастова некалькі гадоў паспяхова працавала балетмайстрам “Дняпро”. На чарговым вітку гісторыі ў 2022-м яна паўтарыла паспяховы досвед заснавальнікаў ансамбля. Па яе ініцыятыве быў пастаўлены пластычны спектакль “З дыму і полымя” па паэме Роберта Раждзественскага “Рэквіем”. У гэтым даволі сучасным жанры “Дняпро” прадставіў свае ўнікальныя напрацоўкі ў захаванні і развіцці нацыянальных духоўных традыцый.
Спектакль прынёс вялікі поспех. І раённае кіраўніцтва прапанавала калектыву падаць заяўку на грант Прэзідэнта. Прыдатная ідэя ўжо існавала.
Выдзелілі грант балетмайстру Марыі Хвастовай, а атрымлівала яна яго ўжо як кіраўніца ансамбля. Зрэшты, харэаграфія і музычны складнік праекта — таксама яе зона адказнасці.
Харэаграфічная студыя "Днепрык" пры народным ансамблі "Дняпро"
Кіраўнік каардынуе паўсядзённую дзейнасць усяго творчага калектыву. Напрыклад, рыхтуючыся да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, вызначае, якія групы ансамбля выступяць на мітынгу, якія — у амфітэатры Рэчыцы і ў Палацы культуры, як будуць выбудаваныя нумары.
“Сын зямлі” — пластычны спектакль. У аснове лібрэта — беларускія міфы і легенды. Марыя Хвастова падкрэслівае, што гэта арыгінальны твор. Аўтарскі мастацкі аповед, а не гістарычна дакладны матэрыял.
— Спектакль паказвае адвечныя тэмы кахання і адданасці Радзіме, — распавядае кіраўніца ансамбля. — Выяўляе міфічныя часы і падзеі, пра якія сёння не задумваюцца. І гаворыць, наколькі мы падобныя з далёкімі продкамі, наколькі складаныя глабальныя праблемы стаялі перад імі ў той час і як гэта сугучна сучасным выклікам.
Галоўны герой — сын князя-волата. Князь гіне, а хлапчука бярэ на выхаванне цмок. Асноўнае дзеянне адбываецца праз 20 гадоў, калі княжыч усведамляе сваю ролю ў жыцці народа. Але сутыкаецца з празаічнай рэальнасцю, у якой трэба выконваць руцінную працу. Малады чалавек, што збіраўся ратаваць свет, павінен вычышчаць стайні. Ён скардзіцца на гэта дзяўчыне. Тая адказвае, маўляў, гатоўнасць здзяйсняць подзвігі нікому не патрэбная, калі старыя вымушаныя рабіць цяжкую паўсядзённую працу. У спек- таклі ёсць і моцная рамантычная лінія…
Праект аб’ядноўвае музычныя творы розных жанраў і аўтараў. У ім шмат беларускіх народных песень у сучаснай апрацоўцы. Ёсць аўтарскія — Марыі Хвастовай, заснаваныя на мясцовым фальклоры. Выкарыстоўваецца музыка рэчыцкага кампазітара Генадзя Ермачэнкава.
Праца над “Сынам зямлі” кіпіць. У пачатку чэрвеня ансамбль замовіў чарговую партыю касцюмаў для спектакля. Неўзабаве пачнецца шырокая рэкламная кампанія. Вызначаны сцэна і дата прэм’еры. Першы паказ запланаваны ў Рэчыцы 17 лістапада. Падабраны гукавы і музычны матэрыял, танцавальныя камбінацыі.
Праект адкрыў новыя магчымасці для дзяўчат старэйшай групы ансамбля, якія мараць стаць харэографамі. Ім даручана самастойна (пад агульным кіраўніцтвам Марыі Хвастовай) прапрацаваць асобныя эпізоды пастаноўкі.
Па ўмовах гранта, “Дняпро” пакажа свой новы спектакль у розных гарадах Беларусі. Пасля прэм’еры зімой і вясной праект паедзе па Гомельшчыне. Плануецца пазнаёміць з ім удзельнікаў фестывалю “Кліч Палесся”, а таксама сталічную публіку.
Кіраўніца ансамбля “Дняпро” падкрэслівае, што “Сын зямлі” грунтуецца на нацыянальным матэрыяле і вытрыманы ў сучаснай стылістыцы.
— Мы паказваем, што народная творчасць можа быць цікавай для моладзі, — кажа кіраўніца.
Па словах Марыі Хвастовай, да яе на заняткі вакалам прыходзяць маладыя людзі, якія не вельмі хочуць развучваць народныя кампазіцыі. Яна не спрачаецца і пачынае працу з эстрадных. А потым, у зручны момант, прапануе аўтарскую аранжыроўку песні “Жавароначкі, прыляціце!” з элементамі бітбоксу. Сучаснае гучанне знаёмага твора шакіруе вучняў, чапляе. Такіх “чаплялачак” у педагагічным арсенале Марыі Валер’еўны шмат. Яна ўпэўненая, што ўсё народнае рана ці позна знойдзе водгук у душы чалавека, бо яно закладзена ў кожным з нас.
Вось і рэалізацыя праекта пасадзейнічае як захаванню нацыянальных духоўных традыцый, так і папулярызацыі дасягненняў сучаснага беларускага мастацтва ў краіне і за мяжой.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота з архіва гераіні