Рэ­ха вайны ў го­ма­не дуб­роў

Для Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” вядучы кірунак — экалагічны, аднак установа надае шмат увагі і Вялікай Айчыннай вайне. Гэта нядзіўна: славутая Ліпічанская пушча, што раскінулася ў тых краях, лічыцца не толькі прыроднай славутасцю, але і памяткай пра мужнасць падчас ліхалецця.

Ліпічанская пушча

Ліпічанскай пушчай спрадвеку называюць вялізны лясны масіў у міжрэччы Нёмана і Шчары. Гэтыя мясціны заварожваюць непаўторным ландшафтам, разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету. У гады вайны ў пушчы дыслацыраваліся партызанскія атрады і злучэнні. Векавыя дрэвы ды непраходныя балоты сталі сведкамі шматлікіх подзвігаў, зробленых насельнікамі лясных вёсак. 

ЛЕГЕНДАРНЫЯ СТАРОНКІ 

Як расказвае дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская, першыя партызанскія групы на Мастоўшчыне ўтварыліся напрыканцы 1941 года з мяс- цовых жыхароў і чырвонаармейцаў, што трапілі ў акружэнне. З цягам часу разрозненыя згуртаванні пачалі аб’ядноўвацца ў баяздольныя атрады. Яны здзяйснялі набегі на варожыя гарнізоны. Напрыклад, дзякуючы нападу на нямецкае фарміраванне ў вёсцы Галынка ўдалося сабраць шмат зброі і боепрыпасаў, адбіць і вярнуць цывільным 3000 пудоў хлеба. Народныя мсціўцы палілі масты, ладзілі дыверсіі на чыгунцы. А ў пасёлку Дзярэчын партызаны выратавалі ад гібелі 400 мірных грамадзян. 

Неўзабаве асобныя атрады аб’ядналіся ў брыгады. Сярод першых была Ленінская, створаная ў снежні 1942-га. На яе рахунку — разгром варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў, вызваленне вязняў, падрывы нямецкіх эшалонаў і мастоў. 

АХВЯРУЮЧЫ САБОЙ 

Пушчанскім Сусаніным называюць 68-гадовага Іосіфа Філідовіча, які з дзяцінства ведаў сцежкі Ліпічанскай пушчы. Дзякуючы гэтаму чалавеку ўдалося падабраць бяспечнае месца для партызанскага шпіталя. Акупанты не раз спрабавалі знайсці і знішчыць прыстанак для параненых. Пасля няўдалых пошукаў захопнікі вымусілі Філідовіча паказаць дарогу да шпіталя пад страхам забойства нявесткі і ўнука. Селянін доўга хадзіў з немцамі па гушчары — і ў рэшце рэшт завёў іх у непралазныя мясціны, адкуль ворагі без дапамогі вярнуцца ўжо не змаглі. Калі ж акупанты зразумелі хітрыкі Іосіфа Юр’евіча, то застрэлілі яго. 

Партызанскі шпіталь так і не быў выкрыты. Ён праіснаваў да самага прыходу Чырвонай Арміі ў ліпені 1944 года. Калі ўвесну растаў снег, цела забітага героя знайшлі за дзевяць кіламетраў ад стаянкі. Філідовіча пахавалі з пашанай і пасмяротна ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Пра гэтага мужнага чалавека і сёння нагадвае велічны манумент у Дзятлаве. 

Напярэдадні вызвалення Мастоў подзвіг здзейсніў 22-гадовы Васіль Жукаў. Кулямётным агнём ён адказваў на контратакі ворага. Заўважыўшы нямецкія танкі, хлопец гранатамі знішчыў дзве машыны. Але воіна забілі кулямётнай чаргой. Пасмяротна абаронцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Усяго ж найвышэйшай узнагародай за мужнасць у барацьбе за Мастоўшчыну адзначана 15 чалавек. 

Далёка не толькі ў Мастоўскім раёне ведаюць Героя Савецкага Саюза партызанскага камандзіра Барыса Булата. На пяты дзень вайны ён быў цяжка паранены і страціў руку. Неўзабаве шпіталь, дзе рабілі ампутацыю, захапілі фашысты — і Барыс Адамавіч трапіў у лагер ваеннапалонных, аднак разам з двума іншымі вязнямі здолеў збегчы і пачаў партызанскае змаганне. Хутка ў Ліпічанскай пушчы сфарміраваўся атрад пад кіраўніцтвам Барыса Булата. Трымаць зброю яму дазваляў адмысловы пратэз з шарнірным суставам. Сёння прылада экспануецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля Перамогі Барыс Булат узначаліў кандытарскую фабрыку “Камунарка”. Менавіта пры ім пачаўся выпуск знакамітых цукерак “Сталічныя”, “Грыльяж у шакаладзе”, “Чырвоная Шапачка”, шакаладу “Алёнка”. 

ТРАГЕДЫЯ ПУШЧАНСКІХ ВЁСАК

У Мастоўскім дзяржаўным музеі “Лес і чалавек” працуюць чатыры залы. Асобная частка экспазіцыі прысвечана партызанскаму руху. У 2022-м адкрыўся новы раздзел “Памяць сэрца” пра генацыд беларускага народа падчас вайны. 

У страшныя гады многія пушчанскія вёскі былі поўнасцю альбо часткова знішчаны акупантамі. Пра трагедыю гэтых паселішчаў расказвае музейная экспазіцыя. Прыкладам, вёску Шчара нацысты спалілі разам з царквой, а настаяцеля храма забілі. Пазней на гэтым месцы ўзнікла крыніца. Вада ў ёй чыстая, бы сляза. Сёння сюды прыязджае нямала турыстаў. 

Экспазіцыя Мастоўскага дзяржаўнага музея "Лес і чалавек" 

Каля тысячы мірных жыхароў загінула праз карную аперацыю ў вёсцы Княжаводцы. Захопнікі западозрылі сялян у супрацоўніцтве з партызанамі і зладзілі расправу. Старых, нямоглых і дзяцей расстралялі і скінулі ў ямы, некаторых дабівалі штыкамі. Пра трагедыю 23 ліпеня 1943 года нагадвае манумент. Страшныя падзеі разгарнуліся ў час жніва — ураджай так і застаўся несабраным. Таму па даўняй традыцыі цяперашнія хлебаробы першы сноп заўсёды прыносяць да мемарыяла. 

Памяць забітых мірных грамадзян, партызан і салдат Чырвонай Арміі ўшанавана і ў маштабным мануменце ў ваколіцах пушчанскай вёскі Шымкі. Недалёка ад яго адноўлена партызанская зямлянка. 

ЖЫВЫ МАНУМЕНТ 

Музейшчыкі робяць усё магчымае, каб памяць пра гераізм папярэдніх пакаленняў не згасла, прызнаецца Наталля Пуцілоўская. На экскурсіях, занятках для дзяцей ды іншых мерапрыемствах наведвальнікам установы прапануюць адмыслова выпечаны ваенны хлеб. Можна таксама пакаштаваць гарбату з пушчанскіх зёлак — тых самых, што служылі лекамі і пачастункам для нашых мужных продкаў. 

Да 80-годдзя вызвалення Беларусі супрацоўнікі падрыхтавалі шэраг новых праектаў. Разам з Мастоўскай дзіцячай школай мастацтваў музей ладзіць цыкл сустрэч “Ліпічанскімі дарогамі памяці і подзвігу”: юныя музыканты суправаджаюць сваімі нумарамі аповеды гісторыкаў пра падзеі мінулага. 

У вайну моцна пацярпела прырода. Было знішчана шмат лясоў. Таму музейшчыкі запусцілі акцыю “Дрэвы таксама ваявалі”, у межах якой высадзілі 80 маладых дубоў. Далучыцца да добрай справы могуць усе ахвотныя. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіва ўстановы