Летні сезон падарожжаў распачынаем вандроўкай па Валожынскім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнах. У новым маршруце — як малавядомыя помнікі, так і свежыя цікавінкі з добра знаёмых мясцін.
З набліжэннем 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нацыстаў яшчэ больш увагі хочацца звярнуць на куткі, звязаныя з ваенным ліхалеццем. За Валожынам, на ўскрайку Налібоцкай пушчы, перш завітваем у вёску Кражына. Тут можна пабачыць незвычайны помнік страшнай трагедыі, што здарылася ў часы акупацыі. 23 мая 1943 года ўсіх мясцовых насельнікаў, за выняткам тых, хто выпадкова не застаўся дома, знішчылі гітлераўскія карнікі. Людзей расстрэльвалі з кулямётаў, палілі ва ўласных хатах альбо зганялі ў гумно і забівалі там. Так загінула 213 жыхароў Кражына, сярод якіх 33 дзіцяці. Уратавацца ж здолела толькі сем чалавек. Гэта была страшная помста нацыстаў за тое, што непадалёк ад вёскі партызаны захапілі двух нямецкіх салдат.
У Гальшанскім замку
На шчасце, пасля вайны Кражына аднавілі — але, кажуць, сёння гэта толькі палова ранейшага паселішча. А на самым яго ўскрайку, на месцы трагічнай смерці людзей, узвышаецца невялікі курган, усеяны мноствам помнікаў. На кожным з іх па адным прозвішчы і па некалькі імёнаў — згаданы цэлыя сем’і кражынцаў. Такі сапраўды народны мемарыял найлепшым чынам сведчыць: наступныя пакаленні захоўваюць памяць аб земляках, якія загінулі ў крывавым віры 1941—1945-га.
Далей рушым у Вішнева, куды ў міжваенныя часы вяскоўцы з Кражына ездзілі на кірмаш. Мястэчка моцна пацярпела яшчэ ў Першую сусветную — тады праз яго прайшла лінія фронту, якая спынілася тут на доўгія два з паловай гады. Жылая забу- дова была цалкам знішчана пастаяннымі артабстрэламі, але, як ні дзіўна, ніводзін снарад не трапіў ні ў царкву, ні ў касцёл, хаця яны і знаходзяцца на высокіх узгорках над ракой Альшанкай.
У ваколіцах Вішнева працягваем сустракаць сляды Першай сусветнай вайны. Люташ, Войштавічы, Клім, Родзевічы — ва ўсіх гэтых паселішчах зберагліся могілкі салдат таго далёкага ліхалецця. Але, бадай, самы эфектны след мінулага можна пабачыць па дарозе з Вішнева ў Багданава, на краі вёскі Дзясятнікі: масіўны каменны манумент быў узведзены тут у 1916-м. А на ўскраінах самога Вішнева, на могілках, захаваліся таксама нямецкія ўмацаванні — доўгачасовыя агнявыя пункты з жалезабетону.
Могілкі ў Дзясятніках
І ўсё ж найбольш адметны помнік мястэчка, пэўна, касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Пабудаваны ў 1637—1641-м па фундацыі навагрудскага ваяводы Юрыя Храптовіча, ён уяўляе сабой выдатны ўзор ранняга барока.
З гадамі аблічча храма было істотна дапоўнена — дадаліся бакавыя капліцы, дзве вежы і брама-званіца. Варта звярнуць увагу і на інтэр’ер святыні з багата дэкараванымі алтарамі, а таксама з арнаментальнымі роспісамі на сценах і скляпеннях, выкананымі славутым мастаком Фердынандам Рушчыцам.
Уласна, цяпер мы накіроўваемся ў Багданава, якім і валодалі Рушчыцы. Іх сядзіба, на жаль, не збераглася, затое захаваліся фамільныя могілкі, дзе і знайшоў апошні прыстанак найбольш знакаміты прадстаўнік гэтага роду. Фердынанд Рушчыц надзвычайна паўплываў на развіццё беларускага і польскага жывапісу, прытым заўжды падкрэсліваў “тутэйшае” паходжанне і адлюстроўваў у творах жыццё і побыт беларусаў.
Адна з самых знакамітых карцін Рушчыца, якую многія бачылі ў Нацыянальным мастацкім музеі альбо ў якасці рэпрадукцый, — “Ля касцёла”. Яна была напісана менавіта тут, у Багданаве. На палатне выяўлены мясцовы стары касцёл Святога Міхаіла Арханёла — такім, якім храм узвялі ў XVII стагоддзі. На жаль, да нашага часу святыня не дайшла, бо была знішчана ў Вялікую Айчынную. На месцы касцёла ў 1999 годзе збудавалі новы храм, які хоць і мае багаты дэкор ды даволі арыгінальнае аблічча, наўрад ці можа перасягнуць у выразнасці даўняга папярэдніка.
Далей кіруемся ў Гальшаны, дзе, акрамя славутага замка, нельга абмінуць увагай драўляны вадзяны млын ХІХ стагоддзя. Пасля можна паблукаць між камянічак тагачаснай жылой забудовы ў ваколіцах рынкавай плошчы і завітаць у касцёл, узведзены ў XVII стагоддзі па фундацыі Паўла Сапегі. У самім жа замку Сапегаў на ўскрайку мястэчка варта пабачыць нарэшце адкрытыя для наведвальнікаў падвалы паўночназаходняга корпуса.
На шляху з Гальшанаў у Крэва трэба агледзець велічны барочны касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла (1747—1753, праект Аляксандра Асікевіча) і будынак колішняга базыльянскага манастыра. Дарэчы, менавіта тут у 1920—1922 гадах размяшчалася беларуская настаўніцкая семінарыя. Яе дырэктарам быў знаны дзеяч рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху Сымон Рак-Міхайлоўскі, вядомы ў тым ліку як аўтар музыкі да верша Максіма Багдановіча “Зорка Венера”.
Касцёл у Вішневе
Крэўскі замак цешыць навінамі: у сёлетнюю “Ноч музеяў” тут адкрылася экспазіцыя ў Малой вежы, прысвечаная гісторыі Крэва падчас Першай сусветнай вайны. У тыя гады мястэчка апынулася на лініі фронту, што праходзіла проста па замкавых мурах. Менавіта ў Малой вежы кайзераўскія салдаты абсталявалі доўгатэрміновы агнявы пункт, сляды якога былі захаваны пры рэстаўрацыі. Цяпер тут можна пабачыць артэфакты Першай сусветнай, адшуканыя падчас археалагічных даследаванняў на тэрыторыі замка. Сляды той вайны дагэтуль застаюцца арганічнай часткай крэўскага жыцця. Так, яшчэ адзін нямецкі агнявы пункт можна знайсці праз дарогу ад замкавай брамы, ля сцен сінагогі, проста на падворку ў мясцовых жыхароў.
Вярнуўшыся на Ашмяншчыну, варта зазірнуць і ў раённы цэнтр, дзе перадусім прыцягваюць будынкі на рынкавай плошчы альбо ў яе ваколіцах. Гэта вытанчаны неагатычны касцёл Святога Міхаіла Арханёла, узведзены ў пачатку мінулага стагоддзя па праекце Вацлава Міхневіча, магутная мураваная сінагога 1912-га, а таксама мясцовы краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча. Скарбніца прыемна здзіўляе не толькі цікавымі гістарычнымі артэфактамі, але і надзвычай удалым дызайнам экспазіцыі.
З імем Францішка Багушэвіча звязаны і два суседнія паселішчы: у Кушлянах ацалела родавая сядзіба, дзе ён правёў апошнія гады жыцця, а пахаваны пісьменнік у Жупранах, на могілках ля неагатычнага касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла, пабудаванага ў 1854—1875 гадах па фундацыі роду Чапскіх. Аддаўшы даніну памяці аднаму з пачынальнікаў беларускай літаратуры, тут мы і завяршаем падарожжа па гасцінным краі, які, нягледзячы на адміністратыўныя межы раёна і абласцей, захоўвае адзіную і непаўторную гісторыю. Далучайцеся да вандровак і вы — наперадзе яшчэ багата займальнага.
Антон РУДАК
Фота аўтара