Новы драматычны тэатр прапанаваў сваё прачытанне знакамітай “Камедыі” Уладзіміра Рудава, што больш за 30 гадоў з поспехам ставіцца ў розных тэатрах і радуе гледачоў.
П’еса была створана на айчынным матэрыяле, а менавіта паводле аднайменнага твора Каятана Марашэўскага і “Птушкі шчасця” Францішка Аляхновіча. Тыя, у сваю чаргу, абапіраліся на шматлікія фальклорныя вытокі, уключаючы батлейку. Нядзіва, што “Камедыя” абышла ледзь не ўсе айчынныя тэатры, уключаючы аматарскія. З безліччу вакальна-аркестравых нумароў Алега Хадоскі паказвалася ў нашым Музычным тэатры. У замежжы яе ставіў нават Пермскі тэатр “Ля Моста”, прычым на беларускай мове. Параўнанне ўсіх гэтых версій, пачынаючы з легендарнай пастаноўкі Андрэя Андросіка, — тэма для грунтоўных навуковых даследаванняў. Не паглыбляючыся ў яе, зірнём на цяперашні спектакль ад мастацкага кіраўніка Новага драматычнага Сяргея Кулікоўскага.
На афішы “Камедыя” жанрава пазначана як “лубачная гісторыя”. У анатацыі на сайце тэатра — як “жарты з сялянскага жыцця”. Насамрэч спектакль перасягае абодва гэтыя ўзроўні і выходзіць на прастору прыпавесці. На гэта, дарэчы, скіроўвае і стыльны постар, дзе пазнавальныя чацвёра герояў намаляваны без твараў — у традыцыях старадаўніх беларускіх лялек і з намёкам на зборныя выявы, маскі-архетыпы: селянін, яго жонка, яўрэй і чорт. Пра тое ж сведчыць і сцэнаграфія Лідзіі Малашэнка, дзе на пярэднім плане — звыклыя сланечнікі ля плоту, прадметы сялянскага побыту, а на заднім — масток, што сыходзіць у касмічнае чарноцце. Быццам пераход з аднаго вымярэння ў іншае.
У спектаклі шмат пластыкі (балетмайстар — Андрэй Токараў). І гэта не толькі ўласна танцы, але і візуальнае рашэнне герояў праз іх постаці і рухі. І праз манеру маўлення! Невялічкія паўзы перад тымі ці іншымі словамі, фразамі, іх суправаджэнне пэўнымі сцэнічнымі дзеяннямі надае побытавым рэчам дадатковы філасофскі, а часам гулліва-іранічны змест. Менавіта жартачкаў, ад якіх зала заходзілася б у рогаце, мала, але сачыць за дзеяннем, ведаючы ледзь не на памяць увесь тэкст, не проста вельмі цікава, а неймаверна займальна.
Акцёрскі ансамбль папраўдзе выдатны. Селянін Васіля Ніцко — новая прыступка гэтага артыста, што з кожнай новай роллю ўсё больш раскрывае багаты творчы патэнцыял. Жонка — таксама новая камічна-фальклорная гераіня для Наталлі Капітонавай. Жыд Валерыя Глазкова зусім не хітры, а такі ж прыгнечаны цяжкім жыццём, ён проста існуе ў сваёй прасторы вечных праблем, што не пералічыць на пальцах, складзеных, бы для малітвы. Чорт у гэтым спектаклі — вельмі інтэлігентны, падобны да пана, пра што сведчыць і ягоны фрак, і суправаджэнне музычнай класікай, дзе ёсць і “Танец рыцараў” з балета Пракоф’ева, і фрагменты опер Гуно, Бойта. Акрамя бліскучага Арцёма Пінчука — сапраўднай зоркі нашага тэатральнага мастацтва, — у гэтай ролі заняты студэнт трэцяга курса Акадэміі мастацтваў Фёдар Пясецкі, які праз год атрымае дыплом рэжысёра тэатра. І хай тут ён крыху капіруе старэйшага калегу (хтосьці з гледачоў галёркі быў нават упэўнены, што на сцэне Пінчук), так добра пададзеная цэнтральная роля для творчага старту — сапраўдны поспех.
Надзея БУНЦЭВІЧ