Па­мяць да­ста­ла­ся ў спад­чы­ну

Абарона Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года — адна з самых гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі нашай краіны наогул. Як захоўваецца памяць пра мінулае і чым сёння жыве легендарная цытадэль — у пяці фактах.

УНІКАЛЬНАЯ ЗОНА 

У чэрвені ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” адкрылася выстава “Саюзная крэпасць”. Праект падрыхтаваны сумесна з музеем “Смаленская крэпасць” і Расійскай акадэміяй архітэктуры і будаўнічых навук. Увазе наведвальнікаў прадстаўленыя 25 планшэтаў, якія знаёмяць са спадчынай абарончай архітэктуры. Тут можна пабачыць архіўныя і сучасныя фатаграфіі, малюнкі і чарцяжы, а таксама карту беларускіх і расійскіх крэпасцей. 

Галоўны ўваход "Зорка"

Як адзначыла загадчыца аддзела “Усходні форт” мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Іна Гаўрыленка, выстава прысвечаная беларуска-расійскай спадчыне абарончай архітэктуры. Беларусь і Смаленшчына — унікальная зона, дзе захаваліся крэпасці практычна ўсіх магчымых тыпаў і відаў: каменныя, драўляныя, гарадавыя, бастыённыя, замкі і цэрквы абарончага тыпу. Дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Каркатадзэ падкрэсліў, што на 2024 год з расійскімі калегамі запланавана да рэалізацыі каля 30 выставачных праектаў, падпісана каля двух дзясяткаў дагавораў аб супрацоўніцтве. 

ПЛАНЫ І СРОДКІ 

На праект Саюзнай дзяржавы па рэстаўрацыі Брэсцкай крэпасці, разлічаны на тры гады, Беларусь і Расія выдзеляць 493 мільёны расійскіх рублёў, у тым ліку за кошт адлічэнняў Расіі — да 321 мільёна 27,7 тысяч расійскіх рублёў, а за кошт адлічэнняў Беларусі — да 172 мільёнаў 861 тысячы. Першы транш паступіць ужо сёлета, ён складзе да 73 мільёнаў 781,8 тысяч расійскіх рублёў, у тым ліку за кошт адлічэнняў Расійскай Федэрацыі — да 47 мільёнаў 958,2 тысяч, а за кошт адлічэнняў Рэспублікі Беларусь — да 25 мільёнаў 823,6 тысяч за кошт прафіцыту бюджэту Саюзнай дзяржавы. 

На гэтыя сродкі ў 2024 годзе запланаванае стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі, пачатак работ на казематах каля Паўночнай брамы і рэстаўрацыя самой брамы. Мемарыяльны комплекс прапанаваў для саюзнай праграмы дзесяць аб’ектаў, у 2025-м распачнуцца работы на астатніх. Гэта галоўны ўваход “Зорка”, казематы побач, манумент “Мужнасць”, парахавы склеп на Кобрынскім умацаванні, мост праз абводны канал ля манумента “Смага”, казематы паўднёвай ды заходняй казарм і Усходні форт. Плануецца стварэнне мемарыяльнай зоны на руінах паўночнай часткі Кобрынскага ўмацавання з устаноўкай там скульптурнай кампазіцыі. 

НАГОДЫ ДЛЯ ДЫЯЛОГУ 

Дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Каркатадзэ адзначыў, што сёлета Брэсцкую крэпасць наведалі больш за 280 тысяч чалавек. Летась экскурсаводы комплексу правялі 11 820 экскурсій. Сёлета за пяць месяцаў адбыліся ўжо 5,2 тысячы экскурсій. Да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа прымеркаваныя канферэнцыя з Інстытутам пагранічнай службы Беларусі “Памяць без межаў” і патрыятычная акцыя “Баявы разлік”, якія адбудуцца 21—22 чэрвеня. 

Манумент "Мужнасць"

Таксама ў Брэсцкую крэпасць прыедуць удзельнікі акцыі “Цягнік Памяці”, якая праводзіцца з ініцыятывы Савета Рэспублікі Беларусі і Савета Федэрацыі Расіі. Асаблівасць сёлетняга мерапрыемства ў тым, што праехаць па памятных мясцінах Саюзнай дзяржавы пажадалі дзеці не толькі з Беларусі і Расіі, але і з усіх краін СНД. Традыцыйна адбудуцца мерапрыемствы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, прымеркаваныя да 83-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх арганізацыя круглага стала з прэзентацыяй новага выдання серыі “Бібліятэка Саюзнай дзяржавы” — кнігі “Аперацыя «Баграціён». Партызаны беларускай зямлі”. 

СУПОЛЬНЫ КЛОПАТ 

На тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці працуе абласны маладзёжны патрыятычны цэнтр. Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы было прынятае рашэнне адкрыць на яго базе Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі. Аб’екту нададзены статус усебеларускай моладзевай будоўлі. Першы этап работ уключае рэканструкцыю казармы 125-га стралковага палка пад інтэрнат на 200 чалавек для пражывання навучэнцаў, добраўпарадкаванне навучальных памяшканняў і стварэнне спартыўных пляцовак. 

На будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання беларусы пералічылі больш за сем мільёнаў рублёў добраахвотных ахвяраванняў. Як распавёў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў, будоўля патрыятычнага цэнтра ідзе ўдарнымі тэмпамі, і ўжо больш за 2,2 тысячы маладых людзей прынялі ў ёй удзел як добраахвотнікі. Сіламі БРСМ на рахунак упраўлення капітальнага будаўніцтва, якое праводзіць работы, сабрана і перададзена больш за 870 тысяч рублёў.

ПОВЯЗЬ ЭПОХ 

Брэсцкая крэпасць сёння — незвычайны кангламерат сведчанняў аб падзеях розных эпох. Гэтае месца можна акрэсліць і як своеасаблівы архітэктурны палімпсест — як вядома, абарончыя ўмацаванні крэпасці часоў Расійскай імперыі паўсталі тут у 1830-я на месцы амаль дазвання зруйнаванага для яе пабудовы старажытнага горада. Відаць, самім лёсам гэтаму месцу было наканавана на працягу ўсёй сваёй гісторыі пастаянна зазнаваць страшэнныя разбурэнні і ваенныя трагедыі. Зважаючы на геаграфічнае становішча горада і крэпасці, іначай, відаць, і быць не магло — нездарма Брэст і сёння, і ўжо доўгія гады яго існавання ў складзе як савецкай, так і сучаснай незалежнай Беларусі, успрымаецца як брама краіны на яе заходнім рубяжы. 

Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць” — адзін з музеяў краіны, якія развіваюцца найбольш дынамічна. Акрамя музея абароны Брэсцкай крэпасці, які дзейнічае з 1956 года, былі адкрытыя яшчэ некалькі экспазіцый: у 2014 годзе — “Музей вайны — тэрыторыя міру”, у 2017 — “Армейскі клуб”, у 2019 — “Летапіс Брэсцкай крэпасці”, у 2020 — “Абарона ўсходняга форта”, а ў 2021 — “Форт № 5”. Музейныя экспазіцыі мемарыяльнага комплексу не толькі раскрываюць у поўнай ступені ўсю карціну працяглай абароны крэпасці, але таксама распавядаюць аб ранейшых этапах яе гісторыі і далейшых лёсах абаронцаў — многія з іх удзельнічалі ў вызваленні Беларусі і краін Еўропы, у падпольным і партызанскім руху. Асаблівая ўвага звернутая на цяжкі шлях да прызнання подзвігу гарнізона крэпасці, на лёсы сем’яў яе абаронцаў. Экспазіцыя філіяла “Пяты форт” падрабязна знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй фартыфікацыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. 

Абарона Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года — адна з самых гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі нашай краіны наогул, таму захаванне памяці аб ёй, своечасовае ажыццяўленне рэстаўрацыі і музеефікацыі ўнікальнага помніка і падтрыманне яго аб’¬ ектаў на высокім якасным узроўні застаецца надзвычай важнай задачай. 

Антон РУДАК 

Фота з архіва ўстановы