Спадчына двух пачынальнікаў

Да 170-годдзя з дня нараджэння Юдаля Пэна і 155-годдзя з дня нараджэння Якава Кругера ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава.

Экспазіцыя “Ю. Пэн і Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі” раскрывае гэтых асоб не толькі як выдатных творцаў, але і як таленавітых настаўнікаў. Яны былі каля вытокаў прафесійнай мастацкай адукацыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі — заснавалі прыватныя школы графікі і жывапісу ў Віцебску і Мінску адпаведна, для многіх вучняў зрабіўшыся першымі і найважнейшымі педагогамі ў жыцці. Куратары выставы — загадчык і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX — пачатку XXI стагоддзя Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Кот і Кацярына Калянкевіч. 

Юдаль Пэн. "За газетай", пачатак 1910-х

У межах праекта можна пабачыць жывапісныя, графічныя і скульптурныя творы са збораў не толькі гэтай установы, але і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. У першай частцы экспазіцыі паказана спадчына Юдаля Пэна і Якава Кругера, а ў другой — работы іх вучняў, якія прадстаўлялі самыя розныя мастацкія плыні і напрамкі: Заіра Азгура, Меера Аксельрода, Ісака Бароўскага, Саламона Гершова, Льва Дамінскага, Пятра Занкевіча, Льва Зевіна, Алены Кабішчар-Якерсон, Міхаіла Куніна, Льва Лейтмана, Лазара Рана, Яфіма Раяка, Восіпа Цадкіна, Марка Шагала, Саламона Юдовіна, Пятра Явіча, Давіда Якерсона, Івана Ахрэмчыка, Мішэля Кікоіна, Ісака Мільчына, Вячаслава Руцая і Міхаіла Станюты. 

Юдаль (Іегуда) Пэн нарадзіўся ў 1854 годзе ў Літве. Рана асірацеўшы, перабраўся ў Дзвінск, затым у Санкт-Пецярбург, дзе скончыў Акадэмію мастацтваў, а ў 1898-м пераехаў у Віцебск. Там майстар адкрыў прыватную школу графікі і жывапісу, на аснове якой Марк Шагал пазней стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Сярод выхаванцаў Юдаля Пэна — сусветна вядомыя Эль Лісіцкі, Восіп Цадкін і Марк Шагал, а яшчэ такія прадстаўнікі Парыжскай школы, як Рыгор Глікман, Аскар Мешчанінаў, Абель Пан, Паліна (Пола) Хентава, Леў Шульман (Леон Гаспар). Вучнямі Пэна таксама былі Аляксандр Ахола-Вало, Раіса Ідэльсон, Іезекііль Мальцын, Яфім Мінін, Ілья Чашнік, Ілья Эйдэльман і многія іншыя слынныя асобы. 

Жыццё Юдаля Пэна аба- рвалася трагічна: у 1937 годзе мастак быў забіты ў сваім доме пры дагэтуль не высветленых абставінах. Наведвальнікам музея добра знаёмыя работы аўтара, змешчаныя ў пастаяннай экспазіцыі: партрэт Марка Шагала, аўтапартрэты 1922 і 1932 гадоў, карціны “Гадзіншчык”, “Шавец-камсамолец” і “Домік з козачкай”. На выставе прадстаўлены партрэты “За газетай” і “Сляпы са скрыпкай”, а таксама пейзажы “Млын на Віцьбе”, “Домік з плотам”, “Квітнеючы сад” і эцюд-варыянт “Вуліца ў Віцебску”. Палотны, што паказваюць гарадскія краявіды 1910-х, цікавыя не толькі як творы, але і як каштоўныя гістарычныя крыніцы. 

Міхаіл Кунін. "Мастацтва камуны", 1919

Якаў (Янкель) Кругер з’явіўся на свет у Мінску ў 1869 годзе. Жывапісу вучыўся ў Кіеве, Варшаве, Парыжы і Санкт-Пецярбургу. Пасля вяртання ў Мінск у 1904 годзе ў сваёй кватэры (дом Венгржэцкага на рагу Захар’еўскай і Петрапаўлаўскай вуліц — сучасных праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгельса) адкрыў прыватныя класы малявання. Акрамя мастакоў, чые працы прэзентаваны на выставе, выхаванцамі Кругера былі Пальміра Мрачкоўская, Генрых Фімянтоўскі, Якаў Фрэнкель, а таксама сусветна вядомы ўраджэнец Смілавічаў Хаім Суцін. 

У міжваенную пару Якаў Кругер напісаў цэлы шэраг партрэтаў выдатных асоб БССР, стварыўшы галерэю тагачаснай айчыннай інтэлігенцыі. У 1937-м, за тры гады да скону, Кругер стаў першым мастаком, якога ўшанавалі пачэсным званнем заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. На жаль, у самым пачатку Вялікай Айчыннай кватэра і майстэрня жывапісца былі знішчаны нямецкімі бомбамі, а ў перыяд нацысцкай акупацыі амаль усе работы бясследна зніклі, за рэдкім выняткам тых, якім пашчасціла знаходзіцца на выставах. Спадчына Якава Кругера прадстаўлена аўтапартрэтамі розных гадоў. Таксама можна паглядзець на партрэты мастаковых жонкі і брата, пісьменніка Мендэле Мойхер-Сфорыма і іншых сучаснікаў творцы. 

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Надзея Усава падкрэсліла: палотны Юдаля Пэна і Якава Кругера, якія сёння можна пабачыць у экспазіцыі, цудам зберагліся дзякуючы віцебскім музейшчыкам. Яны ўратавалі гэтую спадчыну ў першыя дні Вялікай Айчыннай. Адметна, што частка твораў Кругера захавалася, бо незадоўга да пачатку вайны была прывезена з Мінска ў Віцебск на выставу ў Мастацкай галерэі імя Юдаля Пэна. Пасля карціны трапілі ў эвакуацыю ў Саратаў, дзе іх адшукала тагачасны дырэктар сталічнага музея Алена Аладава. Адмысловец паклапацілася, каб працы былі адрэстаўраваны і паказаны на выставе да 25-годдзя БССР у Маскве, а потым вярнуліся ў Мінск. 

Юдаль Пэн. "Млын на Віцьбе", канец 1910-х

Сярод твораў кругераўскіх вучняў перадусім звяртае на сябе ўвагу авангарднае палатно Міхаіла Куніна “Мастацтва камуны” (1919) — своеасаблівы маніфест цэлага пакалення аўтараў. Нельга абмінуць і карціны Міхася Філіповіча, напісаныя ў міжваенныя гады, Міхаіла Станюты — хрэстаматыйныя партрэты яго дачкі, будучай славутай актрысы. Пейзажы Льва Лейтмана і Івана Ахрэмчыка даюць уяўленне аб выглядзе вуліц Мінска ў 1950—1970-я, дэталях тагачаснага гарадскога побыту, а таксама аб творчых буднях саміх мастакоў. Выставу можна наведаць да 18 жніўня. 

Антон РУДАК