Талака з гістарычным адценнем

Ужо больш за дзесяць гадоў газета “Культура” ладзіць суботнікі ў розных кутках Беларусі. Аб’ектамі нашага клопату становяцца месцы пахаванняў дзеячаў культуры, іншыя памятныя мясціны. Чарговы працоўны дэсант высадзіўся на Міншчыне. З якой нагоды і куды далей нас павяла прага зберагаць гісторыю? 

РАДКОЎШЧЫНА МАНЮШКАЎ 

Сёлета адзначаецца 205-я гадавіна нараджэння Станіслава Манюшкі — стваральніка нацыянальнай оперы, які прыйшоў на свет 17 мая 1819 года на Міншчыне. Менавіта з нагоды юбілею сезон суботнікаў мы распачалі з Радкоўшчыны, што ў Смалявіцкім раёне. Тут мы прыбіраемся ўжо пяць гадоў. Непублічна, вядома. 

Радкоўшчына ў пэўным сэнсе вёска-здань. Пра яе часта пішуць, але там, дзе раней стаялі дамы, сёння голае поле. Падчас вызвалення Беларусі, улетку 1944-га на гэтых палях адбыўся люты бой паміж савецкімі і нямецкімі войскамі. Вось вёска і згарэла. А потым не аднавілася. Адзіная памятка пра яе — каменьчык, пастаўлены нашчадкамі колішніх жыхароў. 

У першай палове ХІХ ста- годдзя Радкоўшчына была адным з галоўных маёнткаў Манюшкаў. Тады слава яе грымела на ўсю Расійскую імперыю дзякуючы мужнаму, як на тыя часы, учынку Дамініка Манюшкі (дзядзькі кампазітара Станіслава). Дзеля паляпшэнні долі сваіх падданых гаспадар даў ім волю, зямлю і пабудаваў дзве школы (для дзяўчынак і хлапчукоў). Пасля смерці Дамініка ад халеры ў 1848-м сталі гаспадарыць у маёнтку Чэслаў Манюшка і Альжбета Маджарская — бацькі Станіслава. Бываў тут частым госцем і сам кампазітар разам са сваёй вялікай сям’ёй. 

Выязджаем на суботнік з мастацтвазнаўцам Святленай Немагай. Яна адна з нешматлікіх беларускіх манюшказнаўцаў. У Радкоўшчыне працуем разам не ўпершыню. Аб’ектаў у нас два. Традыцыйна пачынаем з навядзення парадку вакол памятнага каменя бабулі Станіслава — Евы Вайніловіч. Усталяваны ён у 1861-м, і кожны раз яго даводзіцца адкопваць з зямлі. 

Пасля перамяшчаемся на невялічкія вясковыя могілкі. Яшчэ сто гадоў таму тут красавала гатычная каплічка-пахавальня, у якой знайшлі апошні спачын бацькі кампазітара. Пасля вайны капліца знікла. Калі мы першы раз прыехалі ў Радкоўшчыну ў 2019-м, пляцоўка была заваленая смеццем, старымі дрэвамі і добра зарослая крапівой. Падчас прыборкі выявілася, што захаваўся падмурак. Тады мы паднялі шмат паваленых надмагілляў, сярод якіх і помнік Андрэю Кляніцкаму, які быў спярша лепшым вучнем, а потым выдатным настаўнікам у адной з манюшкавых школ. 

Падчас наступных суботнікаў на магіле Чэслава і Альжбеты Манюшкаў мы з калегамі Віктарам Гаўрышам і Даніілам Шэйкам склалі з камянёў сімвалічны манумент і запалілі зніч. 

А ШТО Ў НАГАРОДАВІЧАХ? 

У нумары “К” № 23 ад 7 чэрвеня мы распавялі пра новы турыстычны маршрут, які злучыў тры маёнткі на Дзятлаўшчыне. Кожны з іх мае выдатную гісторыю і звязаны са знакавымі асобамі пакалення філаматаў — паэтам-рамантыкам Юльянам Корсакам (Страла), сусветна вядомым геолагам, навукоўцам Ігнатам Дамейкам (Жыбартоўшчына) і майстрам беларускага гістарычнага пейзажу Вінцэнтам Дмухоўскім (Нагародавічы). 

Сімвалічны манумент на магіле бацькоў Станіслава Манюшкі (Радкоўшчына)

Нашы чытачы, напэўна, памятаюць, як у першы выезд у Нагародавічы аўтару гэтых радкоў не пашанцавала адшукаць месца пахавання мастака. Праблукаўшы тады ў мокрых пасля навальніцы хмызах пару гадзін, я паехаў далей. 

Пасля звярнуўся па дапамогу да мясцовых краязнаўцаў. Старэйшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык распавяла, што шмат дзесяцігоддзяў таму на могілках пабывалі супрацоўнікі музея, якія нібыта бачылі тое месца, але дзе дакладна, ніхто не памятаў. Акрылены навіной, я зазбіраўся ў новую экспедыцыю. Гэтым разам падрыхтаваўся лепей — спакаваў поўны камплект рыштунку для барацьбы з хмызамі і захапіў крэйду (як і пена для галення, гэта першы сродак для расчытвання надпісаў на камянях). Было ў наяўнасці і цвёрдае рашэнне не сысці з могілак, пакуль не знайду апошні прытулак Вінцэнта Дмухоўскага. 

Выбраўшыся са сталіцы зацемна, зранку я быў на месцы. Квадрат за квадратам абыходзіў могілкі, ачышчаючы на сваім шляху старыя помнікі. Але ўсё марна. Надпіс з патрэбным прозвішчам не трапляўся. 

І ўжо збіраючыся (з сумам) сыходзіць (каб вярнуцца яшчэ раз), я зачапіўся за кавалак граніту, што ледзь вытыкаўся з дзёрну. Сэрца забілася часцей, і праз паўтары гадзіны барацьбы з кустамі, галлём, тоўстым слоем глебы ўдалося раскрыць пляцоўку памерам пяць на шэсць метраў, абнесеную парапетам са шчыльна падагнаных гранітных пліт. Аб тым, што некалі тут пабывалі чорныя капальнікі, сведчыў аплылы за даўнасцю раскоп у цэнтры. 

З вялікай доляй імавернасці можна сцвярджаць: гэтая знаходка і ёсць месца апошняга прытулку Вінцэнта Дмухоўскага і яго сваякоў. Іх помнікі, калі не знішчаныя, могуць быць засыпаны зямлёй. Таму ўсё ж прыйдзецца з’ездзіць у Нагародавічы яшчэ раз. Спадзяюся, ідэю талакі падтрымаюць мясцовыя краязнаўцы, а мо і іншыя аматары гісторыі. 

Газета "Культура" №24 ад 14 чэрвеня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара