Фальклорны ансамбль “Папараць-кветка” называюць артыстамі з народа і для народа. Нездарма! Дзякуючы іх творчасці гледачы могуць дакрануцца да вытокаў беларускіх традыцый і абрадаў, якія адыгрывалі важную ролю ў жыцці нашых продкаў.
…Летні дзень, свята вёскі Дубяні. Жыхары бадзёра збіраюцца, але раптам аблокі ператварыліся ў хмары. Дождж. Аднак ніхто не разыходзіцца: артысты ж прыехалі! Сваіх улюбёнцаў — фальклорны ансамбль “Папараць-кветка” Старабарысаўскага СДК — клапатліва бяруць пад парасоны.
Гарманіст Мікалай Небышынец усміхнецца — ды як расцягне мяхі! Гледачы адразу пускаюцца ў скокі па мокрай траве. Хтосьці заспяваў, іншы падхапіў. І так радасна стала! І гудзіць вёска да вечара: куды гарманіст, туды і весялосць…
Раіса Лазерка і яе муж Мікалай Небышынец у ансамбль трапілі нечакана для сябе. Неяк Раіса Анатольеўна вярталася з працы дадому ў аўтобусе. Дзяўчаты па суседстве абмяркоўвалі будучае выступленне і наракалі, маўляў, цяжка без гарманіста. Аказалася, гэта артысткі з “Папараць-кветкi”.
Удзельнікі фальклорнага ансамбля “Папараць-кветка”
— Ну, я і вырашыла свайго Мікалая Мікалаевіча ім сасватаць, — успамінае жанчына. — Ён па спецыяльнасці кіроўца, усё жыццё на вытворчасці адпрацаваў, а грае — заслухаешся. Гарманіст-самавучка, з шасці гадоў з інструментам сябруе. Нот не ведае, але любую мелодыю на слых падбярэ! Талент ад Бога, няйначай. Нездарма ў аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці РУП “Мінаблаўтатранс”, які праходзіў у 2007-м у Нясвіжы, скарыў журы і заняў 3-е месца. Дарэчы, гармонік Мікалая Мікалаевіча — прадмет яго гонару: старадаўні, з кляймом майстра, які яго вырабіў. Дык вось, зазірнулі мы на рэпетыцыю калектыву і... да двара абое прыйшліся. У “Папараць-кветцы” ўжо пяць гадоў. Шчаслівыя, што можам знаёміць людзей з нашай любімай самабытнай Беларуссю. Вось і днямі ўдзельнічаем у Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2024”! Гэта вялікі гонар.
Раіса Анатольеўна ў народную творчасць улюбёная з дзяцінства. За гэта ўдзячная сваёй бабулі, Ефрасінні Андрэеўне Батура, якая пражыла 101 год, умела рукадзельнічаць і да апошняга спявала беларускія старажытныя песні. А колькі звычаяў і традыцый ведала! І зберагала, і дзецям-унукам перадавала: памятайце карані свае!
— Мы заўсёды імкнуліся прытрымлівацца яе парад і да нацыянальнай культуры малодшыя пакаленні далучаем. Гэта вельмі важна, каб у кожным беларусе захаваўся дадзены ад нараджэння код свайго народа, — упэўнена Раіса Лазерка.
Гісторыя ж самой “Папараць-кветкі” пачалася ў 2010-м, калі ў Старабарысаўскі СДК прыйшла пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Анастасія Загорская. Перад маладым спецыялістам паставілі задачу: стварыць фальклорны калектыў, якога вельмі бракавала буйной установе. За справу дзяўчына ўзялася з агеньчыкам. Па падказцы мясцовых жыхароў абтэлефаноўвала былых удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, арганізоўвала сустрэчы, расказвала пра планы. І вяскоўцы адгукнуліся! Пачалася карпатлівая, але радасная праца.
Удзельніцы фальклорнага ансамбля “Беларусачка” разам з кіраўніцай
— Спатрэбіліся веды, набытыя падчас вучобы ва ўніверсітэце. А практычныя навыкі выпрацоўваць дапамагалі ўдзельнікі калектыву. Мы абменьваліся меркаваннямі, раіліся, і ў выніку рэпертуар пачаў складацца. Зацікаўленасць у агульнай справе і адно ў адным захавалася да сёння, што вельмі каштоўна, — падкрэслівае Анастасія Мікалаеўна.
“Папараць-кветка” славіцца не толькі душэўным выкананнем песень: калектыў узнаўляе беларускія абрады.
— Сцэнарый для першага з іх (“Хрэсьбiны”) складалі па аповедах нашых удзельнікаў, — узгадвае кіраўнік. — Дапамагалі і мясцовыя жыхары: дзяліліся сямейнымі традыцыямі, прыносілі старадаўнія прадметы побыту. Важным момантам падрыхтоўчай працы сталі пошукі звестак пра рытуальныя дзеянні, уласцівыя абраду: як правільна купаць немаўля, спавіваць яго, перадаваць кумам, чым частаваць бабку-павітуху… Усе гэта мы старанна прааналізавалі і склалі ў арганічную пастаноўку, якую прадставілі на суд гледачам ужо ў 2011-м. Нашу працу высока ацанілі — поспех надаў сіл і ўзмацніў жаданне тварыць далей.
Скарбонка абрадаў “Папарацькветкi” з кожным годам папаўняецца. Жыхары Старабарысава заўсёды з цікавасцю чакаюць “Ваджэнне Казы” на Каляды і абрад валачобнiцтва (абыход хат у Велікодную нядзелю з адмысловымі песнямі). Гаспадары сустракаюць артыстаў хлебасольна, шчыра верачы, што тыя прынясуць іх сем’ям шчасце. І ў абрадзе “Грамнiцы” з задавальненнем удзельнічаюць, нават нягледзячы на звычайна сцюдзёны дзень (па паданні, Зіма і Вясна сустракаюцца 15 лютага). Палюбіліся ўсім і такія святы, як “Купалле”, “Масленіца”. Артысты “Папарацькветкi” ведаюць, чым парадаваць і здзівіць гледачоў!
— Наша асаблівая перлінка — сакральны абрад “Жаніцьба коміна”, — працягвае Анастасія Загорская. — Старажытны, практычна забыты. Нагадвае пра тое, як восенню пасля заканчэння палявых турбот, калі вечары станавіліся доўгімі, сялянкі збіраліся за рукадзеллем: ткалі, пралі, вышывалі. Але рабіць гэта можна было толькі пасля таго, як комiн “ажанілі” з хатняй працай… Пра гэта шмат цікавага расказала мясцовая жыхарка Вольга Людвігаўна Шалагіна, знаёмая з асаблівасцямі правядзення абраду ў нашым раёне.
Прэм’ера адбылася ў кутку сялянскага побыту ў Старабарысаўскім СДК. Потым артыстаў запрасілі на відэаканферэнцыю з работнікамі культуры горада Пскова, якую праводзіла Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х. Каладзеева. Расійскія калегі прадставілі абрад “Вячоркі”, падрыхтаваны па выніках этнаграфічных экспедыцый. Гэта быў карысны абмен досведам па захаванні спадчыны.
Да вывучэння беларускіх традыцый прыцягваюць і юнае пакаленне. Удзельнікі “Папараць-кветкi” з задавальненнем перадаюць веды дзецям, якія займаюцца ў фальклорным ансамблі “Беларусачка”, — іх нярэдка можна сустрэць разам на сцэнічных пляцоўках і падчас народных гулянняў.
У планах калектыву — аднаўленне абрадаў “Ваджэнне куста на Троiцу” і “Завіванне бярозы. Кумаванне”, якія на Барысаўшчыне ў ранейшыя часы былі паміж сабой цесна звязаныя. Чакаем!
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Юрыя Аброськіна і з архіва калектыву