Танцавальнае мастацтва заўсёды ўражвае яскравасцю. У Касцюковічах гэтым вылучаецца ўзорны калектыў “Мазаіка”. Таленавітая моладзь скарае сэрцы гледачоў уменнем перадаваць эмоцыі праз рухі. Пра творчы шлях зладжанай каманды распавялі яе кіраўнікі.
Сваю гісторыю “Мазаіка” пачала ў 1999 годзе. На чале тады стаяла Наталля Кляус, якой удалося аб’яднаць самабытных артыстаў і стварыць унікальны калектыў. Творчая група размясцілася ў дзіцячай школе мастацтваў і хутка стала прыцягваць да сябе ўвагу.
Удзельніцы калектыву "Мазаіка", 2023
Першапачаткова “Мазаіка” спецыялізавалася выключна на народных танцах. “Прывітальная” — сімвалічны нумар, які апісвае ўсе працэсы на вёсцы — пасяўную, збор ураджаю, дажынкі. “Іван Купала” — танец на традыцыйную беларускую мелодыю. Яркія ўспаміны засталіся ў артыстаў ад удзелу ў конкурсе “Берагіня”, што праводзіўся на Гомельшчыне. Задача была падрыхтаваць і прадставіць некалькі бытавых кампазіцый свайго раёна. Кіраўніца ездзіла ў вёску, размаўляла з бабулямі. Яны паказвалі рухі, Наталля Анатольеўна запамінала, разам танцавала. Усё гэта перадавала выхаванцам. Яны з’явіліся на конкурсе ў сапраўдных народных строях з адмысловай тканіны, запазычаныя з мясцовага Дома рамёстваў. Нават валёнкі спецыяльныя звалялі. Цяпер такія можна сустрэць толькі ў музеі. У ансамблі да сёння згадваюць тыя эмоцыі. Касцюмы “Мазаікі” тады запомніліся ўсім удзельнікам “Берагіні”, кожны імкнуўся сфатаграфаваць артыстаў з Касцюковічаў. А яны паказвалі танец за танцам — і праходзілі ў наступныя туры…
Сёлета калектыў адзначыў 25-гадовы юбілей творчай дзейнасці. З гэтай нагоды ў маі прайшоў канцэрт, на якім “Мазаіка” чарговы раз пацвердзіла званне — “узорны”.
Стараннасць, мэтанакіраванасць і адданасць мастацтву дазволілі “Мазаіцы” дасягнуць высокіх вынікаў — поспех адзначаны Міністэрствам культуры Беларусі. У 2001-м калектыў атрымаў званне “ўзорны”: галоўны доказ таго, што маладыя артысты — сапраўдныя прафесіяналы, ведаюць сваю справу. Любоў да яе Наталля Кляус перадала вучаніцы Вікторыі Лахцікавай, якая змяніла настаўніцу на пасадзе кіраўніка. Але, нават узначаліўшы калектыў, Вікторыя працягвала звяртацца па парады да Наталлі Анатольеўны. Дарэчы, першая кіраўніца “Мазаікі” і зараз наведвае канцэрты і конкурсы з удзелам любімай каманды.
Вікторыя Уладзіміраўна трапіла ў гэты ансамбль, калі вучылася ў дзіцячай школе мастацтваў горада Касцюковічы. Дзякуючы педагогам палюбіла харэаграфічнае мастацтва і абрала яго сваім лёсам. Паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, пасля заканчэння вярнулася ў альма-матар, дзе адпрацавала больш за сем гадоў.
Цяпер ансамбль узначальвае малады педагог Дзіяна Бязуглая, якая працягвае слаўныя традыцыі. Аснову рэпертуару, як і раней, складаюць народныя танцы. Выразнасць і эмацыйнасць гэтага напрамку надаюць выступленням “Мазаікі” каларыт і аўтэнтычнасць. Каб дзецям было больш цікава, звяртаюцца і да сучасных, эстрадных, гульнявых і бальных танцаў. Такая разнастайнасць стыляў дазваляе праяўляць унікальнасць і творчае майстэрства, а таксама здзіўляць і натхняць публіку.
Сёння ў “Мазаіцы” займаюцца навучэнцы і выпускнікі харэаграфічнага аддзялення мясцовай школы мастацтваў. Гэта трыццаць яркіх і ўлюбёных у танец дзяўчат. Маладыя таленты знаходзяцца пад пастаянным наглядам вопытных педагогаў і харэографаў. Апроч асноўнага складу, у калектыве ёсць малодшыя і падрыхтоўчыя групы, дзе дзеткі робяць першыя крокі ў харэаграфічным мастацтве. Рэпетыцыі праходзяць у вольны ад навучальнага працэсу час, часта ў шосты школьны дзень — суботу. Такі графік дазваляе не адцягваць увагі юных артыстаў ад атрымання ведаў.
Дзеці праяўляюць асаблівы энтузіязм падчас падрыхтоўкі да адказных мерапрыемстваў і выступленняў. Яны гатовы днямі развучваць новыя рухі, адточваць кожнае па і выкладвацца на рэпетыцыях да апошняга.
Зразумела, не абыходзіцца і без складанасцей. Адна з іх — выбар і пашыў сцэнічных касцюмаў. Але тут часта на дапамогу прыходзяць бацькі навучэнцаў. Яны прапануюць ідэі, раяць тканіны, стужачкі, упрыгожванні, часам самі шыюць і дэкаруюць сукенкі. Вядома, такая калектыўная работа спрыяе ўмацаванню цёплых сувязей унутры “Мазаікі”. Сем’і артыстаў становяцца неад’емнай часткай творчага працэсу і дапамагаюць дзецям здзейсніць мастацкія задумкі на сцэне.
Калектыў заўсёды імкнуўся як мага часцей выязджаць на розныя фестывалі, дзе артыстаў “Мазаікі” цёпла сустракалі гледачы ды суддзі. Сярод узнагарод, якімі ганарацца нашы героі, — гран-пры ў штогадовым раённым конкурсе дзіцячай творчасці “Прыбяседскія зорачкі”, дыплом лаўрэата першай ступені Міжнароднага конкурсу талентаў “Салоўкава раздолле”, дыплом лаўрэата другой ступені міжнароднага конкурсу “Мінск. Скрыжаванні”. Ніводнае гарадское мерапрыемства Касцюковічаў не абыходзіцца без “Мазаікі”. Сёлета калектыў адзначыў 25-гадовы юбілей творчай дзейнасці. З гэтай нагоды ў маі прайшоў грандыёзны канцэрт, на якім “Мазаіка” чарговы раз пацвердзіла званне — “узорны”.
Пра што мараць артысты? І маленькім і старэйшым хацелася б, каб іх творчасць разглядалі як жывапісны ўзор танцавальнага мастацтва, дзе кожны ўдзельнік падобны да яркага каменьчыка, які ўносіць непаўторнае адценне-зіхаценне ў агульны прыгожы малюнак. Бо як у мазаіцы кожны элемент адыгрывае сваю ролю ў стварэнні ідэальнага твора, тут кожны танцор прыўносіць індывідуальнасць і талент, узбагачаючы агульную творчую прастору. З гэтай ідэяй жывуць і танцуюць!
Ганна САКАЛОВА
Фота з архіва калектыву