Заспявай, Маладзечна!

Святочныя мерапрыемствы XXIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” насыцілі горад з 11 па 15 чэрвеня. Штогод сюды з'язджаюцца маладыя артысты, каб паспрабаваць свае сілы ў вакальным конкурсе эстрадных выканаўцаў. Тут гучаць натхнёныя паэтычныя радкі, прэзентуюцца кніжныя навінкі беларускіх выдавецтваў, чакаюць сваіх прыхільнікаў музеі і выставачныя прасторы. Чым здзівіла гледача традыцыйна маштабная падзея сёлета? Праграма была разнастайнай і цікавай. Арганізатары, сярод якіх Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, паклапаціліся пра гэта.

Пагрузіцца ў атмасферу свята жыхары і госці Маладзечна змаглі ўжо ў аўторак, калі стартаваў музычна-паэтычны форум. Прайшлі канцэртныя праграмы творчых калектываў Міншчыны, мерапрыемствы рэспубліканскіх акцый “Разам з мастацтвам”, “Памятаем, шануем, ганарымся”, “З песняй да перамогі”. 

Ладзяцца творчыя сустрэчы, прэзентацыі кніг, пленэры і майстар-класы. Задзейнічаны амаль усе гарадскія пляцоўкі: на цэнтральнай плошчы, каля кінатэатра “Радзіма”, Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча і Палаца культуры. Запланавана было больш за 60 імпрэз, якія ў поўнай меры прадэманстравалі наш музычны і літаратурны наробак, а таксама дасягненні ў прафесійным мастацтве і аматарскай творчасці. 

ГОЛАС МОЛАДЗІ 

Цэнтральнай падзеяй стала ўрачыстае адкрыццё фестывалю “Мелодыі сэрца”, якое разгорнулася на сцэне Летняга амфітэатра. 

У канцэртнай праграме ўдзельнічалі вядомыя артысты беларускай эстрады (Наталля Тамэла, Вікторыя Алешка, Дзмітрый Качароўскі, Данііл Савеня і інш.) і знакамітыя калектывы (ансамбль “Песняры”, ВІА “Чараўніцы”), якія выступілі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Максіма Расохі. 

Інтрыга фестывалю — хто пераможа ў Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і стане ўладальнікам гран-пры і спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна “Хрустальная гітара” вырашылася 15 чэрвеня. Традыцыйна ў творчым спаборніцтве пазмагаўся 21 артыст — па тры прадстаўнікі ад кожнага рэгіёна краіны. Да другога туру былі дапушчаны вакалісты, якія прафесійна спяваюць з ранніх гадоў, амаль усе маюць музычную адукацыю, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі абласных, раённых і гарадскіх канцэртных праграм, валанцёрскіх мерапрыемстваў, лаўрэатамі міжнародных, рэспубліканскіх конкурсаў. У фінале ім трэба было выканаць адну кампазіцыю пад фанаграму, другую — у суправаджэнні аркестра. 

Пераможцаў узнагародзяць падчас гала-канцэрта закрыцця фестывалю. У творчым спаборніцтве перамагла Вераніка Высоцкая! Праграма “Разам пра каханне” сабрала такіх зорак, як Вікторыя Алешка, Жанэт, Аляксандр Саладуха. Таксама парадуюць гледачоў арт-група “Беларусы” і Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча ды іншыя. 

З ЛЁГКАЙ РУКІ 

Заслужаны калектыў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга — адзін з галоўных удзельнікаў і арганізатараў фестывалю. Доўгія гады ім дырыжыраваў Міхаіл Якаўлевіч, і зараз новае пакаленне артыстаў працягваюць справу маэстра: 

— Ганарова ўсведамляць, што менавіта наш калектыў стаяў каля вытокаў стварэння гэтага значнага фестывалю. На некалькі дзён Маладзечна становіцца цэнтрам беларускай культуры і пунктам прыцягнення для ўсіх аматараў музыкі і паэзіі, — распавядае галоўны дырыжор аркестра Максім Расоха. — Глядач зможа ўбачыць нашы выступленні падчас урачыстага адкрыцця, якое традыцыйна пройдзе ў Летнім амфітэатры. Таксама даём канцэрт у Дзіцячай школе мастацтваў і ў Чысцінскім сельскім Доме культуры. Штогод для гэтай падзеі мы рыхтуем новыя праграмы, але вы абавязкова пачуеце айчынныя шлягеры, у тым ліку кампазіцыі Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, Эдуарда Ханка, Яўгена Алейніка. 

Значна, што мы прэзентуем трох новых салістаў: Антона Карчэўскага, Ірыну Яршонак, Радмілу Рыбакову. Спадзяемся на цёплую сустрэчу гэтых таленавітых галасоў з боку публікі. 

Вядома, мы з радасцю падтрымаем маладых выканаўцаў падчас заключнага туру рэспубліканскага конкурсу. Для гэтага мы правялі папярэднюю працу: на працягу трох дзён рэпеціравалі з артыстамі і кожнаму з іх запісалі фанаграму для падрыхтоўкі дома. Наша наступная сустрэча з імі адбудзецца ўжо 15 чэрвеня. 

ПА РАДКАХ АФІШЫ 

Таксама ў праграме фестывалю — паэтычныя чытанні, якія рыхтаваў Саюз пісьменнікаў Беларусі, унікальны праект “Бачу Беларусь такой” з удзелам народнага артыста Эдуарда Ханка, Алены Стэльмах, Уладзіслава Цыдзіка. Не абышлося і без кірмашу рамеснікаў — майстры з’ехаліся з усёй краіны. Сёлета межы свята істотна пашырыліся: у госці прыехалі творчыя калектывы дзевяці рэгіёнаў Расіі, якія прывязлі свае канцэртныя праграмы, а таксама народных майстроў з унікальнымі вырабамі. 

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі штогод робіць Маладзечна цэнтрам прыцягнення аматараў айчыннай культуры, даючы эфектны старт летняму фестывальнаму сезону! 

Настасся ЮРКЕВІЧ