Што падрыхтаваў для гледачоў XXXIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"?
Віталь КУЛЬБАКОЎ, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, член журы ХХХІІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”:
— Прэзідэнцкі аркестр штогод акампаніруе ўдзельнікам дарослага конкурсу, калі яны выконваюць славянскі хіт. Так будзе і зараз. Акрамя новых імёнаў маладых выканаўцаў, адно з сёлетніх адрозненняў у тым, што я яшчэ і член журы. У першы конкурсны дзень, калі артысты будуць спяваць з аркестрам, мне давядзецца прысуджаць балы, не адыходзячы ад дырыжорскага пульта. А ўжо на другі дзень, калі канкурсанты стануць выконваць сусветны хіт пад фанаграмумінусоўку, я займу месца ў ложы разам з усім складам журы.
Віталь Кульбакоў
Конкурс абяцае быць даволі прадстаўнічым. Сярод краін, што даслалі ўдзельнікаў, — Балгарыя, Венесуэла, Іспанія, Італія (спевакі з гэтай дзяржавы тры гады запар паказваюць высокія вынікі), Казахстан, Латвія, Малдова, Расія, Славенія, Турцыя, Узбекістан, Харватыя, Чэхія і ЮАР. Так, сёлета да фестывалю ўпершыню далучыцца выканаўца з Афрыканскага кантынента. Артыст абраў песню “Конь” (“Выйду ночью в поле с конём…”) Ігара Мацвіенкі на словы Аляксандра Шаганава. Твор настолькі папулярны, што многія лічаць яго народным. Упэўнены, разам з замежным госцем кампазіцыю будзе спяваць уся зала.
Яшчэ адна навінка ў тым, што аркестр у час конкурсу выканае дадатковыя нумары. Сёлета практычна ўсе ўдзельнікі абралі павольныя славянскія хіты. А ў канцэрце ж павінны быць кантрасты! Таму пасля кожнага выступлення мы сыграем фрагмент нейкай хуткай вядомай кампазіцыі, так ці іначай звязанай з краінай спевака. Тым самым мы падтрымаем прыўзняты настрой і маладых канкурсантаў, і публікі, і нават членаў журы, якія будуць думаць над баламі.
Другой жа часткай гэтай вечарыны ў амфітэатры стане сольнік хору Турэцкага — зноў-такі пад акампанемент нашага калектыву. Усе аркестроўкі, як і ў канкурсантаў, робяць нашы музыканты. Але калі з моладдзю, што спаборнічае, мы праводзім тры рэпетыцыі ў Мінску і адну ў Віцебску, дык з хорам Турэцкага сустракаемся толькі непасрэдна на фестывалі. Для прафесіяналаў гэта звыклы фармат, калі ўсё робіцца з аднаго прагону. Тым больш і рэпертуар у гасцей добра вядомы: папулярныя арыі, беларускія творы, песні ваеннай тэматыкі — усяго 19 нумароў.
Ну а канкурсантам зычу, каб яны ўсе свае здольнасці, што развівалі і ўдасканальвалі гадамі, змаглі праявіць найлепшым чынам. Няхай пераможа наймацнейшы!
Максім РАСОХА, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга:
— Ужо другі год запар юныя канкурсанты на “Славянскім базары ў Віцебску” так жа, як і ўдзельнікі дарослага спаборніцтва, у першы дзень спяваюць з аркестрам. Сімвалічна, што для гэтага абраны менавіта наш калектыў. Міхаіл Якаўлевіч Фінберг, які стаяў ля вытокаў аркестра і доўгія гады кіраваў ім, заўжды клапаціўся пра выхаванне творчай моладзі.
У панядзелак у Мінску мы правялі з канкурсантамі першую рэпетыцыю — і вельмі плённую. Другая праходзіла ўжо ў канцэртнай зале “Віцебск”, дзе звычайна і адбываецца музычнае спаборніцтва. Трэцяя наша сустрэча — уласна выступленне. Складана? Вядома. Але конкурс з кожным годам сталее па ўмовах і ўзроўні выканаўцаў. Сусветны хіт дзеці спявалі з аркестрам сапраўды па-даросламу, а часам і лепш за старэйшых. Усе юныя артысты добра падрыхтаваны, кожны — у сваім кірунку. Але заўжды важныя харызма, унутраная энергетыка і, безумоўна, яркасць кампазіцый. Таму хочацца пажадаць усім даўжэй заставацца дзецьмі. Не ў сэнсе пазбягання адказнасці за ўчынкі і лёс, а ў сэнсе непасрэднасці, адкрытасці, зацікаўленасці. Не страчваць індывідуальнасці, не імкнуцца быць як усе, а шукаць свой рэпертуар, што падкрэсліць найлепшыя якасці. Бо наперадзе самае складанае — дарослае жыццё.
А пасля “Славянскага базару ў Віцебску” наш аркестр працягне канцэртны сезон. Ліпень атрымліваецца папраўдзе спякотным: 1-га — выступленне ў Мінску, 2-га — сольнік у Наваполацку, 3-га — у Іванаве на Брэстчыне, у мінулыя выхадныя — двухдзённы фестываль “Джаз у горадзе Н.” у Нясвіжы. Гэта быў ужо другі такі фэст, што мы ладзім “у Радзівілаў”. Публіка настолькі добра прымала аркестр, што і на наступны год адзін з канцэртаў ужо запланаваны: сыграем рок-музыку. Фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна “Мсціслаў-2024” ладзім 19 ліпеня. Адразу пасля адпачынку выступім ля ратушы ў Мінску — 24 жніўня выканаем два фартэпіянныя канцэрты Шапэна. Саліраваць будзе сусветна вядомы Цімур Сергееня. А 7 верасня там жа мы прадставім творы Баха і прысвечаныя яму працы іншых кампазітараў.
Улада ЦВІКІ, кіраўнік народнага маладзёжнага тэатра “Кола”, кіраўнік фэсту вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” у рамках “Славянскага базару ў Віцебску”:
— Сёлетні фэст “На сямі вятрах” — 10-ы, юбілейны. Гэта наклала дадатковую адказнасць, але мы пастараліся сабраць усё самае выбітнае. На Пушкінскім мосце можна ўбачыць найлепшыя перформансы мінулых гадоў: “Дождж па раскладзе”, “Тысяча вершаў пра Віцебск” (прысвечаны Давіду Сімановічу), “Барабум” і “Тысяча пацалункаў на мосце”. Галоўным сюрпрызам стане фестываль у фестывалі — Vitebsk Samba Festival, які збярэ больш за 200 удзельнікаў. Музыканты і танцоры пройдуць парадам па цэнтры горада 13 ліпеня і выступяць на Пушкінскай плошчы.
Падчас фэсту ў Віцебску
Хаця фэст сёлета ладзіцца 11—14 ліпеня, урачыстае адкрыццё мы робім, як звычайна, на другі дзень. Шэсце па вуліцы Суворава адбудзецца 12-га, ля ратушы пакажам перформанс “Вецер Віцебска”. Потым мы ўзнімемся на пляцоўку “На даху”, што з’явілася летась на бізнесцэнтры “Марка-Сіці”. Там і пройдзе цырымонія адкрыцця.
Па традыцыі мерапрыемства ахоплівае сем напрамкаў і, адпаведна, сем пляцовак, што будуць працаваць да дзвюх гадзін ночы. Месца знойдзецца ўсім: танцорам, музыкантам, паэтам, акцёрам, артыстам цырка, жывапісцам, дызайнерам. Ёсць праграмы для дзяцей і дарослых. Сярод гасцей — студэнцкі тэатр-свята “Небывальщина” з Санкт-Пецярбурга, які штодзень паказвае інтэрактыўнае прадстаўленне “МультИкраски”, а таксама ладзіць тэрапію ў фармаце ток-шоу “дВЕРЬ в себя”. У абедзвюх назвах — неперакладальная гульня слоў. Творцаў з розных беларускіх гарадоў і Санкт-Пецярбурга збярэ шоу ілюзіяністаў.
Шмат цікавага падрыхтавалі і нашы віцебскія калектывы. У спектаклі “Разбудзі цмока” тэатральнай студыі “Вобраз” з’яўляецца 12-метровы яшчар. Школа новага пакалення Fitfly правядзе паказальныя харэаграфічныя выступленні на палотнах “Вышэй за ўсіх”. Камбінат мастацтваў ArtROOF арганізаваў выставу віцебскіх аўтараў “974” — мы робім яе прэзентацыю-адкрыццё з перформансам. Будуць і вогненныя шоу, і паказ дызайнерскіх прац.
Як заўжды, шмат спектакляў прадстаўляе маладзёжны тэатр “Кола”, якім я кірую. Гэта і “Час Тарцюфа” (з’явіўся разам з калектывам і амаль за 20 гадоў перажыў тры рэдакцыі), і супрэматычны небалет “Уна — дачка Казіміра”, прысвечаны Малевічу, і наіўны спектакль “Чарга па шчасце”. Ёсць і прэм’ера — “Каханне з першага погляду, ці Куды паставіць чамадан”, парадаксальная гісторыя кахання.
Адным словам, на нашых “На сямі вятрах” ніхто не засумуе: і павяселім, і задумацца прымусім.
Юлія ХАРКЕВІЧ, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа:
— Стала добрай традыцыяй праводзіць на нашай сцэне фестывальны праект “Тэатральныя сустрэчы”. Але сёлета ён асаблівы — найперш таму, што адкрыўся прэм’ерай ад Коласаўскага. Ідэя паставіць у нас “Гамлета” належала заслужанаму дзеячу мастацтваў Расійскай Федэрацыі, кандыдату мастацтвазнаўства, прафесару Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва, рэжысёру Аляксандру Бармаку. Два гады запар ён праводзіў на “Славянскім базары ў Віцебску” тэатральную лабараторыю. Трэцяя праходзіць сёлета, і аналізуюць горкаўскіх “Дачнікаў”. А летась у цэнтры ўвагі аказаўся “Гамлет” Шэкспіра. Удзельнікі майстар-класаў нават паказвалі эцюды па п’есе, падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам майстра. Ды і ён за гэты час паспеў пазнаёміцца з нашай трупай, паглядзеў пару спектакляў Коласаўскага тэатра. Калі ж агучыў прапанову, мы адразу за яе ўхапіліся. Так усё і склалася. Прычым Бармак выступіў не толькі пастаноўшчыкам спектакля, але і аўтарам сцэнаграфіі, касцюмаў, музычнага афармлення. Мы здалі “Гамлета” некалькі месяцаў таму, нават “абкаталі” яго на выездах у вобласць — у Оршы, Шуміліне. Але ж у сябе твор мы тады не паказвалі, бо вырашылі прымеркаваць прэм’еру да фестывалю. Тое, што “Тэатральныя сустрэчы” сёлета пачаліся менавіта з нашай пастаноўкі, вельмі ганарова. Але ж і хвалююча! Хочацца, каб гэтая прэм’ера запомнілася ўсім гасцям.
Сцэна са спектакля "Гамлет"
Што да іншых спектакляў у рамках “Тэатральных сустрэч”, дык Маскоўскі акадэмічны тэатр імя Маякоўскага паўдзельнічаў у праекце ўпершыню— прывёз “Рускі раман” у прачытанні знакавага для сучаснага мастацтва рэжысёра Міндаўгаса Карбаўскіса. З нецярплівасцю чакаем таксама Дзяржаўны драматычны тэатр на Васільеўскім з Санкт-Пецярбурга з “Дзядзем Ванем”. Вельмі рады, што купалаўцы прадставяць нядаўнюю прэм’еру — “А зоры тут ціхія”. Тэатр на Паўднёвым Захадзе з Масквы, які прыязджае практычна штогод, гэтым разам пакажа ваенную драму “У спісах не значыўся”: дзеянне адбываецца ў Брэсцкай крэпасці. Дарэчы, спектакль пра Людмілу Зыкіну, створаны ансамблем “Расія”, таксама мае дачыненне да Беларусі, нават непасрэдна да Віцебска: аўтар п’есы — ураджэнец нашага горада Дзмітрый Мінчонак. У 2022-м ён ужо прыязджаў на “Славянскі базар”, а ў Коласаўскім тэатры калісьці ішла п’еса Мінчонка “Марлен... Марлен...”. Цэнтральную ролю выконвала Святлана Акружная.
Таксама ў фестывальныя дні запланавана шэсць паказаў нашага спектакля “Ілья Рэпін” — як і летась, у музеі-сядзібе мастака “Здраўнёва”.
— Сёлетні “Лялечны квартал”, як і ўсе ранейшыя 10 такіх праектаў на “Славянскім базары ў Віцебску”, планаваў, арганізоўваў, рыхтаваў, будучы мастацкім кіраўніком тэатра, мой бацька Віктар Клімчук. Увесну ён пайшоў на заслужаны адпачынак, але не кінуў праект, бо тое, можна сказаць, яшчэ адно творчае дзіця рэжысёра. І ўвесь наш тэатр вельмі ўдзячны за гэта. У мастацкім асяродку шмат чаго залежыць ад трывалых кантактаў, праз якія вырашаюцца многія пытанні. У сёлетняй праграме ёсць калектывы, што ўжо неаднойчы прыязджалі з новымі спектаклямі і сталі нашымі добрымі сябрамі. Так, тэатр “Бадзяжны сабачка” з Санкт-Пецярбурга гэтым разам паказаў “Сіняга сабаку” для падлеткаў. А Белгарадскі дзяржаўны тэатр лялек прывязе яркі дзіцячы “Церамок”.
Упершыню прыедзе тэатр “Гулівер” з Кургана — з дарослым спектаклем “Карова” паводле двух твораў Андрэя Платонава. Галоўны рэжысёр калектыву — Дзмітрый Шышанаў, нядаўні выпускнік курса Аляксея Ляляўскага ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Так што “Лялечны квартал” яшчэ і збірае беларускіх майстроў, якія працуюць у іншых краінах. А дзве актрысы з Кургана з’ядналіся і зрабілі асобны прыватны калектыў — “Вельмі маленькі тэатр”. Ён пакажа 10-хвілінны спектакль “Пра дождж”. Пастаноўкі няма ў афішах, бо яна пройдзе ў фае ці, магчыма, на вуліцы, у Цэнтры дзяцей і моладзі.
Сцэна са спектакля "Дзюймовачка"
Са сваёй “Дружнай кампаніяй” упершыню далучаецца да “Лялечнага квартала” і Смаленскі тэатр лялек імя Дзмітрыя Свяцільнікава — рэжысёра, які і заснаваў гэтую трупу ў 1937-м. Таксама ўпершыню можна паглядзець санкт-пецярбургскі тэатр “ТрыЧатыры”, з якім я пазнаёміўся летась у Мурманску на І Міжнародным фестывалі тэатраў лялек “Палярная сава”. Мы вазілі туды мае “Казкі пра казку”, а пецярбуржцы — “Горад дзяцінства”. Спектакль не зусім звычайны, бо праз сацыяльныя сеткі расійскі калектыў звярнуўся да гледачоў з просьбай дасылаць цікавыя гісторыі свайго маленства. Потым з іх абралі найлепшыя і сумясцілі ў завершанай пастаноўцы.
Ну а наш тэатр падрыхтаваў два спектаклі, што надаюць праекту своеасаблівую беларускую акантоўку. Першым была “Чарамара”, адзначаная ў 2023-м Нацыянальнай тэатральнай прэміяй за найлепшую працу мастака. Гэта наш Дзмітрый Гаралевіч, які штогод робіць усім удзельнікам “Лялечнага квартала” адметныя сувенірныя прызы. А фіналам сёлетняга праекта стане мая нядаўняя прэм’ера — “Дзюймовачка”. Спектакль выконваецца цалкам без слоў, таму будзе зразумелы гасцям з любой краіны.