Загадкі Дзятлаўскага трохкутніка

Гарадзеншчына — край, дзе аматараў гістарычных таямніц чакаюць неспадзяванкі на кожным скрыжаванні. Прапануем зведаць новы маршрут у мінуўшчыну. 

Выязджаю са сталіцы звечара. Інакш ніяк не патрапіць на першы дызель Баранавічы — Ліда, які стартуе а пятай раніцы. Кава з аўтамата, прахалода пустога вагона. Паступова ён напаўняецца людзьмі, якія едуць на лецішча ў Палонку. За акном цягнуцца пусткі, палі, рачулкі. Месцамі зямля ахутана такім густым туманам, што падаецца, быццам самі аблокі прыляглі адпачыць на цёплую зямлю. За Наваельняй застаёмся ў вагоне я і ровар. Вось і станцыя Янукі. Тут ужо мой выхад. Навокал на многа кіламетраў ані душы. Дызель салютуе адчайнаму вандроўніку дымам з трубы. Сціхае апошні гук цывілізацыі. Звяраю маршрут і рушу. Спярша лясной дарогай, потым бетонкай. Мост над ракой Моўчадзь. Сваім моцна звілістым рэчышчам нагадвае яна Нёман пад Стоўбцамі, у мясцінах Уладзіслава Сыракомлі і Адама Плуга.

У НАГАРОДАВІЧЫ, ДА МАСТАКОЎ 

Першая вяршыня нашага трохкутніка — вёсачка Нагародавічы. Знаходзіцца яна пры гасцінцы Дзятлава — Ліда. Яе гісторыя добра прасочваецца з XVIІ стагоддзя, калі тут гаспадарыў Язэп Вельямін-Руцкі, мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі, заснавальнік ордэна базыльянаў. У ліпені 1617 года пад яго кіраўніцтвам ў Нагародавічах адбылася першая кангрэгацыя базыльянскіх манастыроў ВКЛ — Віленскага, Наваградскага, Мінскага, Жыровіцкага і Быценьскага. Тады ж у маёнтку Руцкі пабудаваў драўляную ўніяцкую царкву (цяпер праваслаўная), вонкавы выгляд якой пасля пераробак ХІХ і ХХ стагоддзяў змяніўся. 

Ад часоў Руцкіх у маёнтку была яшчэ адна адметнасць — барочная мураванка, якая некалі магла быць кальвінскім зборам (бацькі Руцкага вызнавалі кальвінізм). Пры пазнейшых гаспадарах ён зваўся “скарбчык” і выконваў функцыю жытла і сховішча. Пасля вайны гэты каштоўны архітэктурны помнік знік, застаўшыся толькі на малюнках і фотаздымках. 

Нагародавічы ў 1843 годзе і сёння

Нагародавічы ў 1843 годзе і сёння

Ад Руцкіх у 1635-м Нагародавічы перайшлі Булгакам, продкам Яна Булгака, аднаго з бацькоў беларускай, польскай і літоўскай мастацкай фатаграфіі, які нарадзіўся ўжо ў Асташыне (Карэліцкі раён). Аб тым ёсць згадка ў кнізе Яна Булгака “Край дзіцячых гадоў”, беларускае перавыданне якой выйшла ў 2004 годзе. За Булгакамі былі Сурыны, Тызенгаўзы, Глухоўскія і Мараўскія. Караль Мараўскі, чарговы гаспадар маёнтка, праславіўся тым, што, не маючы знатнага паходжання, змог “зачараваць” сястру князя Караля Радзівіла — Пане Каханку — і ажаніцца з ёй, нягледзчы на супраціў такому мезальянсу яе брата. Ад іх сядзіба перайшла Ленскім. У 1820-м маёнтак набывае Ігнат Дмухоўскі (пазней прозвішча змянілася на Дмахоўскі), і ў руках гэтага роду Нагародавічы заставаліся да 1939-га. Ад драўлянай сядзібы, вядомай нам з малюнка выдатнага мастака, бацькі беларускага рамантычнага пейзажа Вінцэнта Дмухоўскага “Радзіма”, не засталося анічога. Дом даўно заменены на невялічкую хату, “скарбчык” знік, нібы і не было. Хіба што невялічкія ставы, але і тыя ўжо завалены дрэвамі і моцна пазарасталі. Праўда, стоячы на тым месцы, з якога Вінцэнт маляваў “Радзіму”, калі прымружыць вочы, краявід пазнаецца. За Вінцэнтам гаспадаром стаў яго сын Уладзіслаў, выдатны мастак-графік. Лёс яго нашчадкаў, апошніх гаспадароў Нагародавічаў, застаецца невядомым. 

Пабываўшы на сядзібе і ў вёсцы, запаліўшы зніч на мемарыяле мясцовым жыхарам, якія не вярнуліся з вайны, прамую на лясныя могілкі. Мэта — знайсці, калі пашанцуе, сямейнае пахаванне Дмухоўскіх. 

Старая, зарослая кустамі і дрэвамі частка могілак злева ад ўвахода. Помнікаў няшмат. Вылучаюцца магілы праваслаўных святароў, аточаныя старымі чыгуннымі агароджамі. А вось месца, дзе знайшлі апошні спачын гаспадары Нагародавічаў, адшукаць не ўдалося. Як правіла, такія сямейныя шляхецкія пахаванні адразу кідаюцца ў вочы або якой каплічкай, або каменнымі ці металёвымі помнікамі. Дзіўна, але ад вялікага сямейнага пахавання (а за 120 гадоў там спачыла нямала прадстаўнікоў роду), ніякіх заўважных слядоў не захавалася. Значыць, прыйдзецца вярнуцца, пашукаць. 

Добра было б, каб пры шашы, там, дзе з’езд на Нагародавічы, усталявалі памятны камень. Такі прыклад ёсць у Слуцкім раёне, дзе нядаўна адзначылі месца, блізу якога стаяла сядзіба беларускага пісьменніка Яна Скрыгана. Цяпер кожны цікаўны да гісторыі мінак абавязкова спыніцца, каб пачытаць, што напісана на велічным камені на курганчыку. 

У СТРАЛУ, НА РАДЗІМУ ПАЭТА-РАМАНТЫКА 

З Нагародавічаў прастую на фальварак Страла, месца, дзе нарадзіўся і жыў паэт, сябра таварыства філарэтаў Юльян Корсак (“К” №19 ад 2024). 

Шлях з Нагародавічаў на Стралу аказаўся не такі прамы, як падавалася. Пазначаныя на сучасных мапах дарогі ўжо заараныя. Прыйшлося аб’язджаць. Спярша грунтоўкай, далей добрым асфальтам. Фальварак Страла, што мяжуе з маёнткам Жукоўшчына, здаўна належаў вельмі старому беларускаму роду Корсакаў-Савічаў. Тут пасля шлюбу атабарыўся бацька паэта Ян Корсак. У 1820-х Страла — дзякуючы сябрам Юльяна і яго маці (бацька даволі рана памёр) — слыла ў гэтай мясцовасці нечым накшталт дома культуры. Што цікава, музычна-танцавальныя вечарыны падчас студэнцкіх вакацый у Страле ладзіў двойчы на тыдзень не Корсак, а яго сябра Вінцэнт Дмухоўскі. Ганаровымі гасцямі на імпрэзах былі іншыя філаматы і філарэты. Прыкладам, вядомы пісьменнік Ігнат Ходзька, аўтар бестселера “Успаміны квестара”. Або будучы нацыянальны герой Чылі, геолаг Ігнат Дамейка (тады яшчэ студэнт і філамат), які на кані прабіваўся палявымі сцяжынамі з блізкай Жыбартоўшчыны. Ці паэт-рамантык Антон Эдвард Адынец, што чытаў тут свае вершы. Да слова, Адынец, які ў вялікай ступені спрычыніўся да стварэння культу старэйшага сябра Адама Міцкевіча, сёлета адзначае 220-ю гадавіну нараджэння (рыхтуем публікацыю). Бывала праездам з Дабраўлянаў і пісьменніца Габрыэля Пузыня. 

Свята-Мікалаеўская царква ў Нагародавічах

Свята-Мікалаеўская царква ў Нагародавічах 

Выгляд сціпленькай сядзібы нам вядомы з акварэлі Напалеона Орды. Апошні, пабываўшы ў Страле, пакінуў пад малюнкам подпіс “Месца нараджэння Юльяна Корсака” (тое самае сцвярджае і знойдзеная намі метрыка хросту). Шкада, раней на гэта не звярнулі ўвагі біёграфы паэта, якія лічаць, быццам бы нарадзіўся ён у Слоніме). 

Сёння тут захаваліся толькі падмуркі сядзібы, густа зарослыя дрэвамі і хмызняком. У гэтым гушчары, здаецца, папрацаваў чорны капальнік, які перарыў усё, нібы крот. Убачыўшы гэткае, захацелася зладзіць тут суботнік. А пры дарозе — паставіць памятны камень. Дарэчы, сярод россыпу валуноў блізу сядзібы, якія штогод збіраюць у полі, ёсць пара прыдатных для падобнай мэты. А адзін з іх, напэўна, прыцягнуў бы і ўвагу даследчыкаў. Сваімі абрысамі камень нагадвае човен. Добра было б яго захаваць, прыкладам, усталяваўшы пры гісторыка-краязнаўчым музеі ў Дзятлаве. 

Па дарозе на Жукоўшчыну, якая ў часы Юльяна была галоўным маёнткам Корсакаў, на пагорачку сцішыліся старыя могілкі. Некалі на іх была каплічка Корсакаў, дзе ў 1830-м пахавалі бацьку паэта. Сёння ад яе няма і следу. Шмат перакуленых тварам уніз старых камянёў. З многіх помнікаў зніклі металёвыя крыжы і таблічкі з імёнамі. А вось магіла апошніх гаспадароў Жукоўшчыны, што валодалі ёй пасля Корсакаў, відаць, даглядаецца. 

Маці і жонка паэта былі пахаваныя ў Дзятлаве. Юльян жа сканаў у Наваградку, у доме Адама Міцкевіча, які арандаваў незадоўга да смерці. Там яго, хутчэй за ўсё, і пахавалі. Вядома, што памёр ён на руках Вінцэнта Дмухоўскага, які з сям’ёй акурат у тыя часы жыў пад Наваградкам. 

На развітанне са Стралой, абраўшы безыменны камень, я запаліў Корсакам, бацьку і сыну, па знічы. 

ЖУКОЎШЧЫНА РАЙМУНДА КОРСАКА 

З XVI стагоддзя, а можа і раней, гэты маёнтак знаходзіўся ў руках Корсакаў-Савічаў. У ХІХ стагоддзі тут з’явіўся мураваны палацык. У часы Юльяна гаспадарыў у Жукоўшчыне Раймунд Корсак, драматург, паэт, аўтар перакладу на польскую мову твораў знакамітага французскага байкапісца Жана дэ Лафантэна (1621—1695). Часам Раймунда называюць бацькам Юльяна, але насамрэч даводзіўся ён яму дзядзькам. Сёння толькі фрагменты маёнтка — шматлікія ставы, высокі комін бровара ды гаспадарчыя пабудовы (маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці) — нагадваюць, што некалі тут была заможная гаспадарка. 

Сядзіба Дамейкаў у Жыбартоўшчыне

Сядзіба Дамейкаў у Жыбартоўшчыне

Акуратны і сціплы аграгарадок Жукоўшчына, які вырас побач, прамінаю транзітам. Спыняюся пры помніку, што пастаўлены на месцы, дзе ў часы Вялікай Айчыннай вайны былі пакараныя смерцю мясцовыя падпольшчыкі. Да абеліска ў лагчыне нядаўна зрабілі новыя надзейныя сходы, а значыць — памяць жыве. 

ШЛЯХ У ЖЫБАРТОЎШЧЫНУ 

Раней паміж Жукоўшчынай і Жыбартоўшчынай была прамая дарога, але шукаць яе сярод меліярацыйных канаў і разараных палёў я не стаў. Таму выязджаю на трасу Дзятлава — Ліда. Паабапал дарогі нічога цікавага ажно да Жыбартоўшчыны. Маёнтачак гэты нам цікавы з дзвюх прычын. Па-першае, у ім бываў слынны мастак, стваральнік Віленскай мастацкай школы Ян Рустэм (жыў з сям’ёй у палацы Радзівілаў-Солтанаў у Дзятлаве). Па-другое, на пачатку ХІХ стагоддзя Жыбартоўшчына перайшла да Ігната Дамейкі, дзядзькі славутага геолага Ігната Дамейкі. У 1819-м ён пабудаваў мураваную сядзібу (у падмурку да гэтага часу бачны вялікі камень з імем гаспадара і датай пабудовы). Тут пад наглядам дзядзькі пляменнік спасцігаў няпростую навуку земляробства (сваяк меў агранамічную адукацыю). Ну а ў пярэрвах паміж практыкаваннямі з сахой Ігнатмалодшы адпраўляўся на вячоркі да Корсакаў. 

Апошні раз я быў у маёнтку Дамейкаў у 2017-м, калі ў нашай краіне вельмі шырока адзначалася 215-я гадавіна нараджэння Ігната Дамейкі. Тады, пасля вялікай міжнароднай канферэнцыі ў Нацыянальнай акадэміі навук і афіцыйнага мерапрыемства ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, па мясцінах, звязаных з памяццю героя, выправілася цэлая экспедыцыя, у якой бралі ўдзел прамыя нашчадкі Дамейкі, навукоўцы і журналісты. Тады мы пабывалі ў Міры, Вялікай Мядзвядцы, Навагрудку, Жыбартоўшчыне, Дзятлаве, Лідзе і іншых мясцінах, наведалі і музеі. 

У Жыбартоўшчыне прайшла выдатная імпрэза з удзелам нашчадкаў, прадстаўнікоў мясцовых уладаў і новых гаспадароў маёнтка. На жаль, сядзібны дом, які за савецкім часам актыўна выкарыстоўваўся, пазней быў закінуты і пакутаваў ад марадзёраў. І калі нарэшце знайшоўся новы уласнік, ужо стаяў без даху, з пабітымі шыбамі і праваленай падлогай. Сёння, у параўнанні з 2017-м, у Жыбартоўшчыне весялей. Тэрыторыя прыбраная, трава рэгулярна абкошваецца. З’явілася клумба з кветкамі і арт-аб’ектам, студня з прыгожым навесам. Убачыць уладальніка і пацікавіцца далейшым лёсам сядзібы мне не пашанцавала, таму, трошкі адпачнуўшы і паўзгадваўшы тыя дні, я вярнуўся ў сядло. Калі б мая воля, я б і тут на з’ездзе з трасы на Жыбартоўшчыну паставіў памятны камень: людзі паміраюць, маёнткі знікаюць… А такі знак заўсёды будзе нагадваць пра нашу гісторыю. 

РАДОН І СТАЛАКТЫТЫ 

У Дзятлаве на старых гарадскіх могілках, праваруч ад адрэстаўраванай нядаўна капліцы, знаходзяцца магілы жонкі паэта Юльяна Корсака Юзэфы з роду Мацкевічаў ды іншых сваякоў. А пра тое, якое дачыненне да Дзятлава мае сям’я Дмухоўскіх, я распавяду асобна. Завяршэнне вандроўкі планавалася ў самім Дзятлаве, але моцны сустрэчны вецер прымусіў змяніць маршрут. Таму з гасцінца прымаю ў левы бок і па роўнай як страла трасе еду на станцыю чыгункі Клішавічы, каб на дызелі дабрацца да Баранавічаў. 

Па дарозе давялося пабачыць гмахі вядомага ўсёй краіне аздараўленчага санаторыя “Радон”. Каб крыху перавесці дых, спыняюся насупраць яго, на рацэ Моўчадзь. Тут, пад мостам, можна адчуць сабе спелеолагам і на ўласныя вочы назіраць, як растуць сапраўдныя сталактыты і сталагміты. Або ў вобразе Ігната Дамейкі праводзіць для турыстаў інтэрактыўныя геалагічныя экскурсіі. А гледзячы на хуткаплынную звілістую раку, я падумаў аб сплавах на каяках. Аматарам воднага турызму тут абавязкова спадабаецца! 

Ужо на станцыі я пазнаёміўся з бабулькай, якая займаецца зборам зёлак. Пасля цэлага дня маўчання, бо цяпер на вёсцы сустрэць чалавека — свята, было вельмі прыемна паразмаўляць і пачуць парады па ўжыванні народных сродкаў. 

ВЫНІКІ-ПАДСУМАВАННІ 

Вечаровае сонца асвятляла дзіўнымі, чароўнымі промнямі краявід за акном і людзей у напаўпустым вагоне, што нёс мяне дамоў. Ужо дзеля гэтага варта было выбрацца з дому ў выхадныя. Але яшчэ большую ўзнёсласць дадавала настрою і тое, што амаль усё запланаванае здзейснена. Сапраўды, распрацаваны новы цікавы маршрут, які павязвае тры маёнткі і трох выдатных асоб. А што магіла Вінцэнта Дмухоўскага ў Нагародавічах не знайшлася — тае бяды. Адшукаем. 

Газета "Культура" №23 ад 7 чэрвеня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара