Адна з найстарэйшых публічных бібліятэк Беларусі — Цэнтральная бібліятэка імя А. С. Пушкіна ў Оршы — адзначае адразу два юбілеі: 125-годдзе свайго заснавання і 225-годдзе з дня нараджэння вялікага рускага паэта.
Бібліятэка ў Оршы з’явілася ў 1899-м. Адкрыццё ўстановы прымеркавалі да 100-гадовага юбілею Аляксандра Пушкіна. Яна практычна з першага дня горда носіць імя сусветна вядомага паэта.
Адразу кніжная скарбніца месцілася ў пакоі плошчай 40 квадратных метраў у гарадской управе — будынку насупраць паштовай станцыі, на якой калісьці спыняўся сам Пушкін… Спачатку ва ўстанове працаваў адзін бібліятэкар.
Да нашых дзён дайшоў “Статут Аршанскай гарадской бібліятэкі з кабінетам для чытання імя А. С. Пушкіна”, зацверджаны 31 чэрвеня 1900 года. Дакумент быў выдадзены ў мясцовай друкарні. Цяпер адзін яго асобнік захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.
Да рэвалюцыі колькасць чытачоў аршанскай установы не перавышала 150 чалавек. На паліцах было не больш за чатыры тысячы тамоў. За карыстанне літаратурай бралася плата: за чытанне адной кнігі — 25 капеек, дзвюх — 40 капеек на месяц. (Дарэчы, у сярэднім рабочы ў Расійскай імперыі 1900-га атрымліваў 16 рублёў 17 капеек на месяц.) За пратэрміноўку спаганяўся штраф.
У 1918-м бібліятэка значна папоўніла калекцыю за кошт канфіскаванай літаратуры з асабістых збораў аршанцаў. У першыя гады савецкай улады калектыў павялічыўся да 13 адмыслоўцаў. Арганізацыя фондаў займела навуковы падмурак. Чытачамі сталі шырокія масы працоўных.
Падчас Вялікай Айчыннай будынак быў цалкам разбураны, аказаліся знішчаны амаль усе выданні. Захаваліся толькі тыя, якія людзі ўзялі пачытаць перад вайной і вярнулі пасля вызвалення. Менавіта асобнікі, што цудам ацалелі, складаюць сёння аснову калекцыі аддзела рэдкіх выданняў. Таксама тут ёсць збор твораў А. С. Пушкіна, выпушчаны яшчэ ў ХІХ стагоддзі.
Пасля вызвалення горада ад захопнікаў супрацоўнікам кніжнай скарбніцы прыйшлося яе аднаўляць. Другое нараджэнне ўстанова адзначыла 15 снежня 1944 года. За дзевяць месяцаў пасля адкрыцця дзякуючы неверагодным намаганням загадчыцы Аляксандры Ледзянок, бібліятэкараў Тайбы Зільберман і Ніны Красновай фонд вырас да 5700 асобнікаў. Усё гэтае багацце месцілася ў адным пакоі плошчай 50 квадратных метраў у прыватным доме.
Бібліятэка некалькі разоў мяняла адрас, пакуль у 1959-м не ўзвялі спецыялізаваны будынак з кнігасховішчам і чытальнай залай, дзе скарбніца працуе і сёння. Важна адзначыць, што падчас маштабнай рэканструкцыі 2007— 2012 гадоў гістарычнае аблічча дома было захавана.
Сёння Цэнтральная біблі¬- ятэка імя А. С. Пушкіна — галоўная ўстанова Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, у якую ўваходзіць 34 арганізацыі. Фонд налічвае больш за 112 тысяч асобнікаў. Абслугоўваецца звыш 9,3 тысячы чалавек. У кніжнай скарбніцы дзейнічаюць публічны цэнтр прававой інфармацыі, унікальная чытальная зала “Бібліятэка Янкі Сіпакова”, кафедра праваслаўнай літаратуры, сектар агучанай літаратуры, клуб “Школа кветкавода”.
Штогод у бібліятэцы праводзіцца больш за 160 масавых мерапрыемстваў патрыятычнай, краязнаўчай, маральна-псіхалагічнай, мастацкай і духоўнай накіраванасці. Установа працуе ў аўтаматызаваным рэжыме, падключана да сеткі Інтэрнэт.
Мерапрыемствы і сацыякультурныя ініцыятывы закліканы палепшыць якасць жыцця аршанцаў, у першую чаргу дзяцей і падлеткаў. Вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню. З 2021-га скарбніца штогод рэалізоўвае праект “Свята-гарэза”, у рамках якога на летніх канікулах ладзіцца 14—16 выязных тэатралізаваных імпрэз у бібліятэках- філіялах, у гарадскіх і сельскіх школах. У 2023-м гэтая ініцыятыва была ўдастоена спецыяльнага прыза “За інавацыйныя формы работы і крэатыўны падыход” Віцебскай абласной бібліятэкі.
Разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі арганізавана акцыя “Лета з добрай кнігай”. Сустрэчы з літаратарамі, прэм’еры і прэзентацыі выданняў праходзяць у гарадскіх і сельскіх кніжных скарбніцах.
Кожны год у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Ляўкі” бібліятэкары сумесна з музейшчыкамі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі праводзяць свята паэзіі “Купала ў сэрцы маім”: выступаюць творцы з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей, адбываюцца выставы, дэгустацыі страў нацыянальнай кухні.
Добра вядомы аршанцам і брэндавы культурна-адукацыйны праект “Нясумны вечар у бібліятэцы”. Да яго штогод далучаецца 300—400 дзяцей і падлеткаў. У гэтым годзе “Нясумны вечар” пройдзе ў 14-ы раз.
Таксама сёлета ў 10-ы раз зладзілі буйны традыцыйны фестываль праваслаўнай кнігі “Дарогамі праваслаўя”. Сумесна з Аршанскай дабрачыннай акругай у бібліятэках арганізавалі больш за 20 мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, праваслаўных аўтараў і выканаўцаў.
Напярэдадні Раства кніжная скарбніца рэалізоўвае камерцыйны праект “Навагодняя казка”: праводзіцца каля 20 тэатралізаваных прадстаўленняў, у тым ліку дабрачынныя — у рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Супольна з тэрытарыяльным сацыяльным цэнтрам абслугоўвання насельніцтва да Дня сям’і і Дня інвалідаў работнікі Цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна ладзяць гульнявыя анімацыйныя праграмы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Вялікая ўвага ўдзяляецца міжнароднаму супрацоўніцтву. Адмыслоўцы ўстановы ўдзельнічаюць у праекце “Кніжныя масты сяброўства”, штогод рыхтуюць анлайн-прэзентацыі, дзеляцца досведам з пскоўскімі, велікалуцкімі калегамі. Летась было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з музеем “Пушкінскія горы” (Пскоўская вобласць) і з Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б. М. Ельцына (Санкт-Пецярбург). У чытальнай зале абсталявана рабочае месца, якое дае доступ да фондаў гэтай расійскай кніжнай скарбніцы.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота аўтара