Каб ведалі, каб шанавалі

Праект Уладзіміра Фалітарыка атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ў галіне культуры на 2024 год. Чым адметная гэтая задума і як рэалізуецца? 

Уладзімір Віктаравіч — загадчык метадычнага аддзела Іванаўскага раённага цэнтра культуры і народных традыцый. Грант ён атрымаў на рэалізацыю перасоўнага выставачнага праекта па рэканструкцыі культуры і побыту партызан Заходняга Палесся. Ініцыятыва садзейнічае захаванню памяці аб подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Фалітарыка пры Цэнтры створаны клуб гістарычнай рэканструкцыі “Патрыёт”. Сярод яго ўдзельнікаў — урачы, бібліятэкары, работнікі мясцовых заводаў, сістэмы адукацыі, ЖКГ. Зараз у клубе — 20 чальцоў. З пачаткам праекта, пасля першых яго публічных паказаў, з’явілася шмат жадаючых далучыцца. 

— Мы вывучаем гісторыю партызанскага руху, — распавядае Уладзімір Фалітарык. — Даследуем тэму партызанскага побыту. Высвятляем лёсы тых, хто трапляў ў атрады. Напрыклад, нядаўна даследавалі гісторыю вёскі Лядавічы ў Іванаўскім раёне. Там немцы спальвалі дамы — і жыхары сышлі ў балоты, зрабілі там буданы, уладкавалі неяк побыт і жылі так да канца вайны. 

Вялікую ролю ў стварэнні праекта адыграў аддзел культуры Іванаўскага райвыканкама. Яго начальнік Валянціна Барадзінчык прапанавала кіраўніку “Патрыёта” прыдумаць нешта цікавае з рэканструкцыяй. Цяпер грант Прэзідэнта дапамагае рэалізоўваць ініцыятыву на высокім узроўні гістарычнай дакладнасці. 

— Я думаў некалькі месяцаў, каб канцэптуальна ўсё выкласці, — дзеліцца падрабязнасцямі работы Уладзімір Віктаравіч. — Менавіта перасоўны праект — наша адметнасць. Мы прыязджаем і разгортваем сапраўдны партызанскі лагер. Нашы рэканструктары ўжываюцца ў ролі. Усё праходзіць у максімальна рэалістычнай тэатралізаванай форме. 

Уладзімір Фалітарык даўно цікавіцца побытам розных эпох. У прыватнасці, тым, як жылі людзі ў Іванаве да вайны і падчас яе. Як тут было ў складзе Польшчы і як ў XVIII стагоддзі. Паводле яго слоў, цяпер існуе шмат клубаў, што сканцэнтраваны на баях і стральбе. Але практычна ніхто не адлюстоўвае паўсядзённае жыццё абаронцаў. Так узнікла ідэя стварыць рэканструкцыю партызанскага побыту. Прычым даступную максімальнай колькасці гледачоў, не прывязаную да нейкай канкрэтнай лакацыі, мабільную. 

Клуб “Патрыёт” паказвае, як жылі партызаны. Перадае падзеі і эмоцыі, што апаноўвалі людзей у тых умовах. Напрыклад, ёсць эпізоды допыту палоннага, радасць ад нараджэння дзіцяці ў лясным лагеры або сюжэт, як паліцаі рабавалі мірнае насельніцтва. 

Дзействы праекта не маюць сцэнарыя. Яны інтэрактыўныя, і ўдзельнікі, якія трапляюць у гістарычны асяродак, прыўносяць нешта сваё. Гледачам задаюць пытанні, залучаючы ў сю- жэты падзеі ліхалецця. Інсталяцыі таксама інтэрактыўныя. 

Распавядаючы пра адметнасць праекта, Уладзімір Фалітарык перадусім ужывае слова “трагедыя”. Менавіта яно самае трапнае ў дачыненні лёсу чалавека падчас вайны.

— Мы паказваем трагедыю жыцця мірных грамадзян у ліхалецце, — кажа Уладзімір Віктаравіч. — Наша мэта — дастукацца да сэрцаў, прымусіць успомніць пра тое, што ніколі не павінна паўтарыцца на нашай зямлі. Партызанскае жыццё складана рэканструяваць яшчэ і таму, што яно не было навідавоку. Людзі хаваліся і не хацелі, каб іх знайшлі. Гэта значыць, мы павінны паказваць тое, што мала каму вядомае. І нам гэта ўдаецца. 

Удзельнікі праекта шукаюць цікавыя артэфакты ваеннага часу. Нядаўна сталая жыхарка вёскі Махро падзялілася з імі старадаўнім рэцэптам жытніх аладак з крапівой. Палешукі елі такія ў гадзіну цяжкіх выпрабаванняў. Цяпер рэцэпт будзе выкарыстаны ў партызанскай кухні, каб сучаснікі змаглі ў літаральным сэнсе паспытаць смак нягодаў. Дарэчы, гледачы змогуць самі спячы на агні аладкі з загадзя падрыхтаванага цеста. 

Першы паказ праекта адбыўся 9 мая ў Іванаве. Рэканструктары “Патрыёта” разыгралі сцэну з допытам палоннага немца ў партызанскім штабе. Паказалі імітацыю аперацыі ў палявых умовах: выкарыстоўвалі старыя медыцынскія інструменты, нават рарытэтны танометр мінулага стагоддзя. 

А 2 чэрвеня праект разгарнулі на стаянцы партызан ва ўрочышчы Карасіна. Там калісьці базаваўся штаб Пінскай брыгады. Рэканструктары ўзнавілі сутычку з паліцаямі: жанчына з дзецьмі і цяжарнай пляменніцай на возе едуць у лес да партызан, але нарываюцца на ворага... Гледачамі дзеі сталі навучэнцы школ і дэлегацыі з прадпрыемстваў Іванаўскага раёна. 

“Патрыёт” імкнецца ўдзельнічаць у розных масавых мерапрыемствах, каб максімальная колькасць людзей убачыла, як жылі партызаны. У Дзень усенароднага смутку, 22 чэрвеня, перасоўны праект зробіць прыпынак ў Брэсце. Потым выправіцца на “Покліч Палесся” ў аграгарадок Ляскавічы Гомельскай вобласці. Таксама ў планах зладзіць рэканструкцыю на 500-годдзе аграгарадка Адрыжын, на свяце “Опальскі фальварак вітае гасцей”, на Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах. 

— Палессе — партызанскі край, — падкрэслівае аўтар праекта. — Практычна ў кожным раёне дзейнічалі атрады. Каб паказаць, як яны жылі, нам патрэбна толькі лакацыя. Мы можам зладзіць такія інтэрактыўныя пляцоўкі, як партызан- ская вартаўнічая вышка, санчастка, лясная школа, штаб камандзіра, палявая кухня, пошта, пральня. Мы разгортваем самы сапраўдны партызанскі лагер. І можам зрабіць гэта як у рэальным гістарычным антуражы, так і на любой гарадской плошчы. 

Уладзімір Фалітарык, як і ўсе ўдзельнікі клуба “Патрыёт”, гарыць жаданнем развіваць праект. Сярод бліжэйшых мэт — пашыўка адзення па ўзорах 1940-х з натуральных тканін. Налета хоча зрабіць рэканструкцыю па тэме генацыду беларускага народа. Апантаны адмысловец упэўнены: “Вельмі важна паказваць моладзі, праз якія выпрабаванні прайшлі нашы бацькі і дзяды. Якой цаной даліся нам свабода і незалежнасць”. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва героя